Лукашэнка запатрабаваў ад Мінгарвыканкама выправіць памылкі Лукашэнкі

На сённяшняй нарадзе, прысвечанай развіццю Мінска, Лукашэнка рэзка выказаўся аб інвестыцыйных праектах, рэалізацыя якіх адстае ад плана. У прыватнасці, ён запатрабаваў у гарадскіх улад справаздачы аб будаўніцтве «Газпрам-цэнтра».


Нядаўна з’явілася інфармацыя, што пляцоўку зноў могуць закансерваваць. «Хацелася б нарэшце пачуць ад старшыні гарвыканкама. Мы што, далей будзем трываць гэты газпрамаўскі плот у цэнтры Мінска? Яны ж прасілі: дайце нам кавалак зямлі, мы хочам пабудаваць прыгожы будынак. Дзе гэты будынак?» — цытуе REFORM.by словы Лукашэнкі, спасылаючыся на яго прэс-службу.


Аднак…

Пытанне аб будаўніцтве ў Мінску «Газпрам-цэнтра» вырашалася не на ўзроўні Мінгарвыканкама. Гэта рашэнне было прынята ўказам прэзідэнта Беларусі ад 4 красавіка 2013 года №153 «Аб пытаннях будаўніцтва шматфункцыянальнага комплекса ў г. Мінску».

Дакументам прадугледжвалася рэалізацыя ў 2013-2018 гадах 100-адсоткавай «дачкой» расійскай газавай манаполіі ААТ «Белтрансгаз» інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплекса ў межах вул. Філімонава — прасп. Незалежнасці — вул. Макаёнка, які ўключае офісы для беларускіх «дочак» «Газпрама», гасцініцу, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, медыцынскі цэнтр, аўтаномную энергетычную ўстаноўку. Акрамя таго, на тэрыторыі комплекса павінны былі размясціцца дзіцячы цэнтр развіцця і спадарожныя аб'екты гандлю і паслуг, якія будуць даступныя для наведвання мінчукоў і гасцей беларускай сталіцы, — удакладнялі тады ў прэс-службе «Газпрам трансгаз Беларусь».

Указ таксама прадугледжваў, што інвестару для будаўніцтва і абслугоўвання беларускай «вежы» «Газпрама» будзе прадастаўлены ў арэнду зямельны ўчастак плошчай 8,27 га. За права заключэння дагавора арэнды інвестар выплаціць у бюджэт Мінска 17,2 млн. долараў.


Тавары, якія ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, абяцалі вызваліць да 31 снежня 2018 года ад абкладання ўвазнымі мытнымі пошлінамі і падаткам на дададзеную вартасць.

Акрамя таго, прадугледжвалася, што інвестар пералічыць у бюджэт Мінска грашовыя сродкі ў мэтах бязвыплатнага фінансавання будаўніцтва ў сталіцы шматузроўневай транспартнай развязкі на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава (у памеры 50% каштарыснага кошту праекта), а таксама будаўніцтва ў Мінску жылога дома на 30 кватэр для шматдзетных сем'яў (у суме 3,3 млн. долараў).


«Кавалак зямлі…»

І калі б «кавалак зямлі», пра які кажа Лукашэнка, быў бы безгаспадарным! Для вызвалення тэрыторыі пад будаўніцтва «Газпрам-цэнтра» ўлады знеслі знакавае для Мінска і патрэбнае для ўсёй краіны збудаванне — аўтавакзал «Маскоўскі».

Гэты аўтавакзал лічыўся адной з пярлін архітэктуры Мінска. Спраектаваны ў 1980-х гадах, узводзіцца ён пачаў у 1990-х, а ў эксплуатацыю быў уведзены ўсяго толькі ў 1999 годзе. Урачыстае адкрыццё новага транспартнага збудавання адбылося 19 жніўня 1999 года, і гэты транспартны комплекс адразу ж атрымаў цэлы шэраг узнагарод і прэмій. Ужо ў 1999 годзе будынак «Маскоўскага» атрымаў Гран-пры, дыплом Беларускага саюза архітэктараў і яго ж медаль як найлепшая пабудова года на VII Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе лепшых архітэктурных твораў года.


Неўзабаве пасля гэтага аўтарскі калектыў атрымаў прэмію Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва РБ імя В. А. Караля ў намінацыі «Архітэктура і будаўнічае мастацтва». Будынак адзначылі дыпломам на Сусветным фестывалі архітэктуры ў Балгарыі і срэбраным медалём на Міжнародным фестывалі дойлідства 2001 года ў Маскве. Па сутнасці, на афіцыйным узроўні аўтавакзал «Маскоўскі» быў прызнаны найбуйнейшым дасягненнем беларускай архітэктуры 1990-х.

Нарэшце, у 2002-м архітэктар Н. Навумаў, інжынеры Ю. Рушаў, Л. Валчэцкі атрымалі за архітэктурны праект аўтавакзала «Маскоўскі» Дзяржаўную прэмію РБ, найвышэйшую творчую ўзнагароду краіны.

«Маскоўскі» аўтавакзал абслугоўваў міжнародныя, міжгароднія і прыгарадныя рэйсы Аршанскага і Віцебскага кірункаў. Быў разлічаны на абслугоўванне 15 тысяч чалавек за суткі. На тэрыторыі аўтавакзала працавалі дыспетчарская станцыя і разваротнае кальцо аўтобусаў і тралейбусаў.


Указам прадугледжвалася, што інвестар пакрые ў бюджэт Мінска страты, звязаныя з адабраннем зямельнага ўчастка і зносам размешчанага на ім комплекса будынкаў і збудаванняў аўтавакзала «Маскоўскі», у суме 13,7 млн. долараў.


Будоўля стагоддзя

Расійская газавая кампанія пачала ўзводзіць комплекс у 2015-м. Летам 2016 года ўсе работы пачалі згортвацца з-за праблем, звязаных са складанасцю грунтоў на пляцоўцы, дзе планавалася ўзвесці будынак вышынёй у 189 метраў. Некаторы час будоўля была замарожаная, затым аднавілася. Затым зноў была замарожаная. Затым зноў аднавілася. Апошні раз пра яе аднаўленне пісалі 5 лютага 2021 года, і пасля — зноў пісалі пра замарозку будаўніцтва. Хоць, згодна з указам Лукашэнкі, комплекс павінен быў быць пабудаваны да 2018 года.

І вось Лукашэнка пытаецца ў старшыні Мінгарвыканкама: «Дзе гэты будынак?» Можа, варта аб гэтым спытаць у таго, хто падпісваў указ аб гэтай будоўлі?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: