Лукашэнку прапанавалі падчас перапісу насельніцтва падарыць кожнай сям'і сцяг. Ён пагадзіўся

Падчас сустрэчы з моладдзю БРСМ кіраўніку краіны прапанавалі падчас перапісу насельніцтва дарыць людзям беларускі сцяг для папулярызацыі дзяржаўнай сімволікі.
Фота: Анжаліка Васілеўская, TUT.BY

Фота: Анжаліка Васілеўская, TUT.BY

Такую прапанову зрабіла аспірант інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анастасія Лапко. На сустрэчы з кіраўніком краіны ў Палацы незалежнасці яна прынесла беларускі сцяг, з якім скарыла Эльбрус і Кіліманджара, перадае тэлеканал ОНТ. Дзяўчына адзначыла, што не можа падарыць гэты сцяг кіраўніку дзяржавы, бо ён з'яўляецца рэліквіяй у яе сям'і. Лукашэнка ў адказ пажартаваў: «Якая сквапная. Калі вы трымалі сцяг у руках, думаў, ну хоць патрымаць дасцё, памацаць?».

Кіраўнік краіны заявіў, што будзе шчаслівы, калі ў кожнай сям'і беларускі сцяг стане рэліквіяй: «Гэта добрая ідэя, мы не проста падумаем, а рэалізуем яе. Толькі трэба мець на ўвазе, што ў нашым цяперашнім жыцці, супярэчлівым, не ўсе сем'і захочуць атрымаць гэты сцяг. На жаль, у нас ёсць і іншыя. Але не будзем на іх зацыклівацца. Бог ім суддзя. Але пераважная большасць людзей з задавальненнем возьме гэты сцяг».

Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы звярнуўся да кіраўніка сваёй адміністрацыі Наталлі Качанавай, каб гэтую ініцыятыву рэалізавалі.

Акрамя таго, Лукашэнку прапанавалі прысвоіць Палацу незалежнасці статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Кіраўнік дзяржавы не выключыў такой магчымасці, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Пройдзем гэты шлях спакойна. Ёсць пэўныя працэдуры, і калі дадзеная ідэя будзе падтрымана да мяне, я пагаджуся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: