Мабілізацыя ў Курапатах

У Курапатах 29 чэрвеня павінны была прайсці талака з усталяваннем крыжоў ранкам, з 12 да 24.00 — варта, што цягнецца ўжо месяц, і акцыя Руху Салідарнасці «Разам» увечары. Прапануем рэпартаж з першай паловы дня.

Грузавік з крыжамі, што везлі з майстэрні фірмы “Цесляры” ў Курапаты, затрымала ДАІ неўзабаве пасля выезду на Партызанскі праспект. Усіх, хто быў у кабіне з кіроўцам, сябрам руху “За свабоду” Валерам Мінцом, папрасілі выйсці, да Валера падсеў супрацоўнік міліцыі, і яны накіраваліся ў Ленінскі РУУС. У выніку крыжы там і засталіся, а Валера адпусцілі, узяўшы тлумачэнне. Яго вінавацяць у перавозе камерцыйнага грузу без адпаведных дакументаў. 

Адначасова затрымалі Змітра Дашкевіча і Ягора Лаўрухіна. Іх абвінавачваюць у парушэнні правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву (арт. 12.17 КаАП). Пра гэта ў фэйсбуку паведаміла Наста Дашкевіч. Праз некалькі гадзін хлопцаў адпусцілі, а неўзабаве ў майстэрню “Цесляроў” прыехаў АБЭП з праверкай.

Тым часам перад урачыстай цырымоніяй адкрыцця новай часткі мемарыялу ў Трасцянцы, каля 10.30, у Курапаты завітала афіцыйная польская дэлегацыя, ушанавала памяць забітых палякаў і адмовілася даваць каментары прэсе.

Пасля Трасцянца, дзе ўрачыстасці пачаліся пазней, чым планавалася, праз затрымку кіраўніка беларускай дзяржавы, чакалі яшчэ візітаў аўстрыйскай і нямецкай дэлегацый, а 16.00 іх яшчэ не было.

Абвешчаная мабілізацыя сабрала ў Курапатах каля 50 пратэстоўцаў. Былі ўдзельнікі з Віцебска, Глыбокага, Слоніма і іншых гарадоў. Пераважна гэта людзі, звязаныя з тымі ці іншымі партыямі ды рухамі, часта БХД і БНФ. Праўда, яны падкрэслівалі, што прыязджаюць (некаторыя ўжо не ўпершыню) як грамадзяне, якім не ўсё роўна, а потым ужо як прадстаўнікі сваіх арганізацый.


Пратэстоўцы змясцілі на плоце рэстарана лістоўкі аб Курапатах, плакаты, копіі пратаколаў аб адміністрацыйным парушэнні з слядамі ад рук, зробленымі чырвонай фарбай. Такія ж сляды пакінулі на плоце рэстарана.

Ахвочых паесці амаль не было, затое прыязджалі грузавікі з мясам і сурвэткамі. Частка мяса транспартавалася, наколькі можна меркаваць “на вока”, з парушэннем гігіенічных нормаў — кілбаскі ляжалі ў адкрытай скрыні.


Па словах абаронцаў, асобна завозілі шмат боксаў для ежы, мабыць, рэстарацыя атрымала замову на вялікую колькасць порцый на вынас. Грузавік з мясам не пусцілі, рабочым давялося перавозіць па некалькі скрыняў на каталках. Мабыць, тады з рэстарацыі выклікалі міліцыю і ДАІ.

Міліцыянеры нават не выходзілі з машыны. Прадстаўнік ДАІ, старшы інспектар ДПС, старшы лейтэнант міліцыі Рэнат Руцкі, што часта прыязджае да рэстарацыі па выкліках, склаў пратакол на актывіста Дзяніса Урбановіча, які на той момант трымаў бел-чырвона-белы сцяг з Пагоняй.

На просьбу патлумачыць, у чым жа сутнасць парушэння, супрацоўнік ДАІ адказаў, што пешаход знаходзіўся на праезнай частцы, якая ўваходзіць у прылеглую да праезнай часткі тэрыторыю. І што па ПДР пешаход у такім выпадку мае перавагу перад транспартным сродкам, але не павінны неабгрунтавана замінаць яго руху. На пытанне, чаму не складаюцца пратаколы на кіроўцаў, што перавышаюць дазволеныя 5 кіламетраў хуткасці ў такой зоне, Рэнат Руцкі адказаў, што не мае ў сваёй экіпіроўцы радара, каб мераць хуткасць.

На пытанне, што трэба зрабіць, каб яго забяспечылі радарам, ён параіў звярнуцца ў ДАІ УВД Мінгарвыканкама. Аказалася, што кіраўніца ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька ўжо напісала такі зварот, афіцыйнага адказу пакуль няма, але вусна супрацоўнікі ДАІ паведамілі ёй, што радары ў міліцыі Мінскай вобласці зараз забралі на тэхнічны дагляд.

На пытанне, чаму склалі пратакол менавіта на яго, Дзяніс Урбановіч выказаў меркаванне, што даішнікі папросту “абралі” яго як аднаго з самых актыўных пратэстоўцаў, і выпісваюць пратакол за пратаколам. Распавёў, што з’яўляецца прыхільнікам поўнай блакады рэстарацыі “Поедем, поедим”, і на днях лёг пад машыну. Трымаў яе 40 хвілін, і за гэты час на яго паспелі выпісаць ажно тры пратаколы. На кожным са складзеных на яго пратаколаў Дзяніс пазначае “Не згодны”.


Падобна, што тактыка змагання з пратэстоўцамі пакуль у тым, што прыязджае ДАІ і складае пратаколы за парушэнне ПДР на ўдзельнікаў варты, якіх бачыць у Курапатах найчасцей. Акрамя Дзяніса Урбановіча, гэта рэжысёр Аляксей Туровіч, актывісты Павел Севярынец, Вольга Мікалайчык, Леанід Кулакоў, Наталля Гарачка…


Сёння ўжо не ўпершыню да курапацкай варты далучыўся паэт Уладзімір Някляеў. Ён мяркуе, што пратэст варта працягваць і верыць у тое, што ён дасягне мэты.

А 18.00 у Курапатах распачнецца штомесячная акцыя Руха Салідарнасці “Разам”.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Ян
  • 2018-06-29 19:52:00
Малайцы,так трымаць

Больш цікавага на «Новым Часе»: