«Маці 328»: «Мы спадзяемся, што дзяржава адумаецца і выпусціць нашых дзяцей» (фота)

Актывісткі руху «Маці 328» 8 жніўня правялі чарговы пікет у сталічным Кіеўскім скверы. Яны патрабуюць пераразгляду прысудаў сваім дзецям і змянення антынаркатычнага заканадаўства.
Мерапрыемства было дазволена ўладамі, арганізатаркі пагадзіліся аплаціць паслугі міліцыі па ахове парадку.

«Мы хочам усё рабіць па законе, і патрабуем, каб гэтак жа ставіліся да нашых дзяцей», — тлумачаць жанчыны.


Хвалявацца за парадак сапраўды не выпадала: восем пікетоўшчыц ахоўвалі двое міліцыянтаў у форме і яшчэ пяцёра ў цывільным.

Пасля мінулага пікету, які адбыўся на гэтым жа месцы 26 чэрвеня, актывісткі сустрэліся з намеснікам кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Валерыем Міцкевічам, а таксама з генпракурорам Аляксандрам Канюком. Але істотных вынікаў гэтыя сустрэчы не прынеслі. Жанчыны маюць намер і далей сустракацца з чыноўнікамі, пакуль іх патрабаванні не будуць выкананыя.

Адна з удзельніц руху, спадарыня Алена, пяць разоў падавала скаргі адносна прысуда свайму сыну, і толькі на пяты раз парушэнне прызналі. Другая маці, спадарыня Анжэла, падавала скаргі шэсць разоў — у Мінгарсуд, пракуратуру, Генеральную пракуратуру, тройчы — у Вярхоўны суд. Але іх нават не разглядаюць па сутнасці, і дасылаюць адпіскі, што прысуд яе сыну — справядлівы.

Спадарыня Алена

Спадарыня Алена

«Мы патрабуем, каб адказы на звароты аб пераразглядзе спраў адпавядалі напісанаму. Мы задаем пытанні — няхай на іх адказваюць. І каб былі стапрацэнтныя доказы, а не як цяпер — неўстаноўленыя дзеянні ў неўстаноўленым месцы. Мы спадзяемся, што наша дзяржава адумаецца і выпусціць нашых дзяцей, каб яны сацыялізаваліся, пачалі працаваць, ствараць сем’і», — кажа спадарыня Анжэла.

Намер збыту без карыслівай мэты і доказаў

Яе сына Аляксандра асудзілі на дзевяць гадоў калоніі, з іх хлопец сядзіць ужо чацвёрты год. Цяпер яму 29.

— Мой сын ужываў. Мы не ведалі, бог эта былі лёгкія наркотыкі, якія не давалі моцнага эфекту. Мы даведаліся толькі на судзе. Калі яго затрымлівалі, мы былі за мяжой, і адвакат пазваніў нам толькі на другі дзень пасля затрымання, — распавядае маці. — Сыну па тэлефоне сказалі, што адбылася аварыя, і папрасілі падыйсці як сведку — і так затрымалі. Ён быў у стане наркатычнага ап'янення ў той момант, але ўсё роўна казаў, як ёсць. Потым ён пацвердзіў свае паказанні і не сыходзіў ад адказаў. Пасля затрымання яго тры дні не кармілі і не давалі вады. На трэці дзень нам далі сустрэцца на пяць хвілін, і ён дрыжачымі рукамі хапаў ежу і ваду. Гэта было жахліва.

Паколькі ён набыў вялікую колькасць — 500 грамаў гашышу — яго асудзілі па трэцяй частцы 328 актыкула. Сказалі: у яго быў намер збыту без карыслівай мэты. Як такое можа быць?  

Спадарыня Анжэла

Спадарыня Анжэла

Доказаў намеру збыту, па словах суразмоўцы, аператыўнікі так і не прадаставілі. У Аляксандра адразу ж па затрыманні забралі ўсю тэхніку, але нічога там не знайшлі. Вялікую колькасць рэчыва хлопец патлумачыў тым, што дылер зрабіў зніжку за вялікую закупку. Як спажыўцу, Аляксандру гэта было выгадней, чым пераплачваць, набываючы па адной дозе. Калі спадарыня Анжэла на судзе задала пытанне, чаму яе сына, які набыў наркотык, судзяць, а таго, хто прадаў, — не, аператыўнік адказаў, што не бачылі сэнсу яго затрымліваць.

Адказы перапісваюць пад капірку

— Вельмі крыўдна, але ў апеляцыйным азначэнні, калі мы падавалі апеляцыю пасля першага суда, напісалі, што ў яго была расфасоўка. Хаця ні ў справе, ні ў прысудзе нідзе гэтага няма. Але наступныя структуры, куды мы пішам скаргі, проста перапісваюць, што была расфасоўка, хоць яе не было, — дадае спадарыня Анжэла.

Жанчыны з руху «Маці 328» перакананыя, што нельга выносіць такія суровыя прысуды моладзі, якая аступілася першы раз. Павінна быць нейкае пакаранне, як, напрыклад, хатняя «хімія», якую давалі такім асуджаным да 2015 года. Але не тэрміны ў калоніі ад 8 да 15 гадоў.

«Хіба такім чынам яны стануць лепшымі? Чаму яны там навучацца? Быць крымінальнікамі?» – задаюць пытанні жанчыны.

 Я калі прыязджаю да сына, кажу яму, што спадзяюся, што ён не змяніўся. І ён кажа, што не. Ён вельмі рады ўсіх бачыць — і бабулю, і дзядулю. У мяне бацька вельмі строгі. І калі ён з мамай прыйшоў да майго сына на спатканне, сын папрасіў у дзеда прабачэння. Ён сказаў: «Прабач, я не апраўдаў тваіх спадзяванняў. Я стараюся быць лепшым, не думай, што я дрэнны». Я лічу, калі чалавек прызнае сваю віну, у яго ёсць шанец змяніцца, — гаворыць спадарыня Анжэла, ледзьве стрымліваючы слёзы.

Да арышту Аляксандр сустракаўся з дзяўчынай, і ў дзень затрымання збіраўся зрабіць ёй прапанову. Пасля далейшых падзей угаворваў яе забыць пра яго, бо не хацеў псаваць ёй жыццё. Але яна не пакінула яго, і яны ажаніліся ў калоніі.


Змены ў заканадаўства неабходныя

На пікеце руху «Маці 328» прысутнічаў праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

— Наша праваабарончая арганізацыя «Платформа» ўжо другі год рэалізуе праект «Несправядлівы прысуд». Існуе вельмі шмат выпадкаў, калі людзі трапляюць у месцы зняволення на падставах, якія немагчыма прызнаць законнымі. Мы падрыхтавалі зварот, які будзе накіраваны ў Генеральную пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта і Вярхоўны суд, каб звярнуць увагу на існаванне такіх несправядлівых прысудаў і падштурхнуць судовую сістэму і наглядныя органы, каб пачаўся іх пераразгляд і ўнясенне зменаў у заканадаўства.

Па словах Андрэя Бандарэнкі, гэтыя змены неабходныя, паколькі краіна стала на шлях жорсткай барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў, а заканадаўства не паспявае за тымі патрабаваннямі, якія прад'яўляюцца. Так, на сённяшні дзень у нас ніяк не ўрэгуляваныя мэты збыту — нярэдка яны трактуюцца па-рознаму ў ідэнтычных сітуацыях. Часам унутраныя перакананні суддзяў пераважваюць лагічныя довады і прэзумпцыю невінаватасці.

Апроч таго, на думку праваабаронцы, вельмі складана судзіць усіх за наркотыкі, кіруючыся толькі трыма часткамі аднаго артыкула. У той жа Расіі для гэтага існуе адразу некалькі артыкулаў, дзе ўсё дакладна прапісана.  

— Гэта тычыцца ўсіх нас. Калі суддзя выносіць прысуд іменем Рэспублікі Беларусь, гэта значыць, што прысуд выносім усе мы. І калі мы з ім не згодныя, узнікае пытанне — ці іменем Рэспублікі Беларусь ён вынесены?..

Фота аўтаркі


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: