Маці фермера з Мазыра, якога адправілі «на суткі», заявіла пра гвалт падчас ператрусу

5 мая жыхар Прудка Аляксандр Венгура распавёў Сяргею Ціханоўскаму на канале «Краіна для жыцця» пра цяжкасці, з якімі ён сутыкнуўся, калі вырашыў заняцца фермерствам. Праз месяц, ноччу 4 чэрвеня, у дом Аляксандра, а таксама ў кватэру яго 72-гадовай маці Тамары Фёдараўны, па яе словах, уварваліся людзі ў цывільным. Дзейнічалі, кажа, настолькі груба, што ў пенсіянеркі зламаны палец.
Тамара Фёдараўна

Тамара Фёдараўна

Жанчына ў размове з TUT.BY 13 чэрвеня плача — але, кажа, не з-за траўмы рукі, а ад страху і бездапаможнасці.

 Я вельмі баюся за Сашку. 20-га яго павінны выпусціць. Але я не разумею, за што яго схапілі.

Яе сыну далі 15 сутак арышту нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі і дробнае хуліганства. 4 чэрвеня, у ноч ператрусаў, яго не затрымалі, але на наступны дзень Аляксандр пайшоў у аддзяленне міліцыі, каб забраць канфіскаваны падчас ператрусу ноўтбук, — і больш не выйшаў.

— Мы два дні шукалі яго, нам ніхто не паведамляў, дзе ён і што з ім, — і толькі ў судзе даведаліся, што ім усім далі «суткі» за хуліганку і непадпарадкаванне. Ну які з яго хуліган? Ён займаўся фермерствам і сваіх звяркоў любіў больш за ўсё на свеце.

Пра падзеі ночы 4 чэрвеня пенсіянерка да гэтага часу ўзгадвае з моцным хваляваннем, голас дрыжыць.

— У гадзіну ночы нехта пачаў гучна стукаць у дзверы. Я была з 10-гадовай унучкай. Мы спалохаліся. «Адчыняй! Міліцыя! » Я спачатку кажу: «Якая яшчэ міліцыя ў такі час?» Праз хвілін 15 зноў стукаюць — і Сашка мой за дзвярыма кажа. Я адкрыла, зайшлі людзі ў цывільным, адзін быў у бронекамізэльцы. Ну і пачалося.

Тамара Фёдараўна распавядае, што папрасіла невядомых мужчын прад'явіць дакументы, працягнула руку, адзін з іх тузануў яе і адштурхнуў. Жанчына ўпала на тумбачку і адчула моцны боль у руцэ.

Паводле яе слоў, людзі, якія прыйшлі да яе ў кватэру, былі ўзброены, унучка гэтага спалохалася.
У 9 гадзін раніцы Тамару Фёдараўну ў прыёмнае аддзяленне бальніцы адвёз адзін з тых, хто праводзіў ператрус. Там жанчыне зрабілі здымак рукі - але там, кажа, ніякіх пашкоджанняў не ўбачылі.

— Сказалі, што ў вас гематомы толькі, далі даведку, што пераломаў няма.

Пенсіянерку прывезлі дадому.

А на наступны дзень яна напісала заяву ў міліцыю—- што падчас ператрусу атрымала траўму рукі. Яе адправілі да судмедэкспертаў, каб той даў заключэнне аб цяжкасці траўмы.

— Гэтая жанчына-эксперт мне параіла схадзіць на паўторны здымак. Сказала: «Я ж бачу па вашай руцэ, што ў вас пералом або разрыў звязак».

У панядзелак Тамара Фёдараўна схадзіла ў паліклініку і зрабіла здымак, які паказаў пералом безымяннага пальца ў двух месцах. Жанчыне наклалі гіпс.

«Ёсць скарга Тамары Фёдараўны, цяпер з гэтым разбіраецца Следчы камітэт, матэрыялы праверкі ў іх», — пазней пракаментавалі інцыдэнт «Нашай Ніве» ва УУС Гомельскай вобласці.

Зараз Тамара Фёдараўна не ведае, як усё зрабіць з гаспадаркай сына. Трава, кажа, не пакошана, карова вось-вось павінна ацяліліся. Аляксандра павінны выпусціць 20 чэрвеня.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: