Маці хоча дабіцца праўды

Суд Маскоўскага раёна прызнаў фельчара СІЗА №1 Аляксандра Крылова вінаватым у смерці Ігара Пцічкіна і прыгаварыў да трох гадоў калоніі-пасялення. Сваім меркаваннем пра працэс дзеліцца Аляксандр Галіеў, адвакат, які прадстаўляў інтарэсы маці Ігара.

Жанна Пцічкіна з дачкою і адвакатам Аляксандрам Галіевым


Сваёй віны па частцы 2 артыкула 162 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Крылоў не прызнаў, спасылаючыся на заключэнні экспертаў аб тым, што смерць маладзёна сталася вынікам вострай сардэчнай недастатковасці, якая развілася на тле спалучанай залежнасці ад алкаголю і псіхатропных рэчываў, стану адмены і фізічнага сцяснення. Справа ў тым, што Ігар Пцічкін быў прывязаны да ложку амаль на суткі. Сам Крылоў у сваім апошнім слове папрасіў яго апраўдаць.

На пытанні «Новага Часу» адказаў Аляксандр Галіеў, адвакат, які ў судзе прадстаўляе інтарэсы маці Ігара Пцічкіна.

— Якая пастанова суда задаволіла б маці Ігара Пцічкіна і вас як адваката?

— Натуральна, яе задаволіць абвінаваўчы прысуд. Пры гэтым варта звярнуць увагу, што вырак, які б яе цалкам задаволіў, павінен растлумачыць не толькі тыя цялесныя пашкоджанні, па якіх крымінальная справа была накіравана ў суд (звязаныя з фіксацыяй), а той вырак, які б растлумачыў паходжанне ўсіх цялесных пашкоджанняў. Бо тыя цялесныя пашкоджанні даўніной ад сямі да дзесяці сутак, як указваюць эксперты, на жаль, у нашым пасяджэнні не разглядаюцца.

— Ці прагучалі ў судзе пераканаўчыя доказы віны Крылова?

— Я лічу, што прагучалі дастаткова пераканаўчыя доказы яго віны. Яны звязаны не толькі з цялеснымі пашкоджаннямі, на якія ўказалі эксперты і якія маглі ўзнікнуць непасрэдна ад фіксацыі. Шмат доказаў, што Пцічкін утрымліваўся дастаткова працяглы час, што Крылоў не меў паўнамоцтваў на ўжыванне такіх мер. Ёсць адпаведныя загады Міністэрства аховы здароўя, якія агалошваліся, ёсць высновы спецыялістаў, экспертаў, якія сведчаць пра тое, што сапраўды Крылоў не меў паўнамоцтваў на выкарыстанне такіх жорсткіх захадаў.

— Што засталося па-за ўвагай СМІ падчас асвятлення ходу гэтай крымінальнай справы?

— Не магу сказаць, што штосьці засталося па-за ўвагаю, я не аналізаваў усе крыніцы інфармацыі. Проста, магчыма, дзесьці журналісты былі недакладныя ў сваіх высновах ці каментарах, у прыватнасці, па выніках судовых спрэчак. Але пра што б хацела казаць Жанна Уладзіміраўна Пцічкіна, і што апроч абвінавачання, выстаўленага Крылову, яшчэ з’яўляецца асабліва важным для нас, гэта, канешне, тыя цялесныя пашкоджанні няяснага паходжання, якія не тлумачацца матэрыяламі папярэдняга расследавання, што паступілі ў суд.

У маці Пцічкіна ёсць фота, і ёсць фота, якія рабілі эксперты, на якіх непасрэдна пасля паступлення ў морг цела Ігара, на якіх добра бачны розныя цялесныя пашкоджанні сіняга, чырвонага колеру. Дык вось, усе супрацоўнікі СІЗА ў адзін голас нам заявілі, што ніякіх цялесных пашкоджанняў яны ў Пцічкіна ў прынцыпе не бачылі. І вось гэтыя абставіны вельмі цікавыя. Канешне, гэта абсурдная пазіцыя, але яны яе прытрымліваюцца, нягледзячы на фотаздымкі і высновы экспертаў.

— Што для вас было самае цяжкае ў гэтай справе?

— Гэтай справай мы займаліся тры гады. Складанасць, натуральна, была ў тым вялікім аб’ёме медычных заключэнняў, комплексных экспертызаў і гэтак далей, якія трэба было аналізаваць, сістэмна заяўляць хадайніцтвы аб правядзенні тых ці іншых экспертызаў, аб пастаноўцы тых ці іншых пытанняў на экспертызу. Апроч таго, мы неаднаразова абскарджвалі тыя ці іншыя пастановы следства. Першы раз нам адмовілі і спынілі крымінальную справу яшчэ ў 2014 годзе. Калі мы напісалі скаргу ў Генеральную пракуратуру, яны адмянілі пастанову аб спыненні справы і зноў накіравалі яе ў галоўнае следчае ўпраўленне, але ў іншы аддзел.

Ведаеце, працаваць з маці, якая страціла сына, — гэта заўжды складана. Таму варта адзначыць, што, калі б не асабістая мэтанакіраванасць Жанны Уладзіміраўны Пцічкінай, то гэтая справа магла б і не разглядацца ў судзе. Натуральна, яе ўпэўненасць у сваёй праваце, яе вера ў тое, што яна даб’ецца праўды, нягледзячы ні на што, — гэта, канешне, наймацнейшы чыннік.

Нагадаем, 30 ліпеня 2013 года Ігар Пцічкін апынуўся ў СІЗА №1 МУС, калі парушыў умовы пастановы суда аб пазбаўленні правоў на кіраванне транспартным сродкам цягам пяці гадоў. 4 жніўня сваякі, што забіралі цела маладзёна пасля судова-медыцынскай экспертызы (ускрыцця), заўважылі на целе памерлага шматлікія цялесныя пашкоджанні і гематомы. З тых часоў маці спрабуе дабіцца праўды.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: