Гэты артыкул — частка спецпраекту «Падзеленыя кратамі»

Маці палітвязня Мікіты Літвіненкі: Гэта толькі маё рашэнне — падаць духам ці не

Клапаціцца пра сябе і навакольных, спыніць стасункі з людзьмі, якія не прыносяць задавальнення, заставацца прыгожай і нават дазволіць сабе адпачынак, калі сын сядзіць у турме. Пры гэтым ні на хвіліну не пераставаць змагацца за яго і дапамагаць іншым. Кацярына Літвіненка, маці палітвязня Мікіты Літвіненкі, распавяла, як падтрымлівае сына і іншых зняволеных і дзе бярэ на гэта сілы.

Было прадчуванне, што сына могуць затрымаць

Кацярына — стылёвая і зграбная бландзінка, шчырая, прамалінейная і мэтанакіраваная. Гледзячы на гэтую жанчыну і не падумаеш, што жыццё яе было няпростым: яна адна вырасціла двух дзяцей, і старэйшы сын, 22-гадовы Мікіта, ужо 10 месяцаў знаходзіцца ў зняволенні.

Распавядаючы пра свой лёс, Кацярына прыгадвае, як шмат гадоў даводзілася ўставаць а пятай ранку і класціся а першай ночы, каб усіх дагледзець, накарміць, адвесці на гурткі і потым забраць — дзеці займаліся мовамі, музыкай, спортам. І ўсё гэта дало плён — сын і дачка выраслі самастойнымі, з шырокімі поглядамі на жыццё і моцным стрыжнем.

— Калі дачка лепш за ўсіх здала экзамены і паступіла ва ўніверсітэт у Празе, і калі сын паводзіў сябе нязломна (на судзе. — НЧ), я зразумела, што ўсё зрабіла правільна, — гаворыць Кацярына Літвіненка.


19 ліпеня яе сыну прысудзілі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Вікторыя Шабуня палічыла Мікіту і яшчэ трох хлопцаў — Яна Фалькіна, Уладзіслава Барысава і Уладзіміра Мацюха — вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама падрыхтоўцы да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Жанчына ўзгадвае, што ў яе было прадчуванне, што сына могуць затрымаць.

— Я сама хадзіла гуляць кожную нядзелю, апроч таго дня, калі яго забралі. Ён спартовец, прытрымліваецца здаровага харчавання, яму патрэбны пэўны набор прадуктаў, і ў той дзень я не купляла для яго ў краме ніякай ежы, — узгадвае маці.


13 верасня пасля трэніроўкі Мікіта збіраўся сустрэцца са знаёмым. Ён выйшаў з дому апоўдні. А прыкладна праз гадзіну Кацярыне патэлефанавала маці хлопца, з якім яны павінны былі сустрэцца. Суседзі патэлефанавалі ёй і сказалі, што іх, хлопцаў, якіх было трое, збівалі людзі ў форме, якая не належыць ні да аднаго з родаў войскаў і службаў Беларусі. Нападнікі прыехалі на двух маршрутках і машыне і ўсіх разам збілі.
Па словах маці, пра ступень збіцця Мікіты можна было меркаваць па ірванай адзежы, у тым ліку ніжняй бялізне. Таксама былі траўмы носа і рэбраў, раны на кісцях і ступнях гнаіліся не адзін месяц. Па словах Кацярыны, у Мікіты быў сіні жывот, хлопца збівалі пры іншых затрыманых і пагражалі: маўляў, і з вамі будзе тое ж самае.

«Віну не прызнаю, супрацьзаконнага не здзяйсняў, памілаванняў пісаць не буду»


Спачатку Мікіту арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту, аднак пасля заканчэння тэрміну арышту яго не выпусцілі, а затрымалі ўжо ў якасці падазраванага па крымінальнай справе. Паводле матэрыялаў справы, Фалькін, Літвіненка, Мацюх і Барысаў, уступіўшы ў змову, планавалі ўдзел у акцыях пратэсту, вызначалі маршрут, узгаднялі дзеянні ў выпадку затрымання. Хлопцы знаходзіліся ў тэлеграм-чаце, дзе і вялося абмеркаванне.

— У мяне нават на секунду не ўзнікала думкі, што іх затрымаюць па крымінальным артыкуле. Таму я хуценька зрабіла рамонт у пакоі Мікіты, была перакананая, што яго адпусцяць. Я думаю, што крымінальную справу завялі, таму што проста не маглі адпусціць чалавека з такой колькасцю пабояў, — мяркуе Кацярына.

У якасці падмацавання сваёй думкі яна прыводзіць факт, што паўгода следства па справе не вялося. Судовы працэс часткова быў закрыты. Адвакат пад падпіскай аб неразгалошванні, таму не можа распавесці, што на ім адбывалася. Але Кацярына перакананая: пасяджэнні рабілі закрытымі таму, што на іх не было абсалютна нічога, што магло б даказаць віну падсудных.

У апошнім слове, звяртаючыся да суддзі і дзяржабвінаваўцы, Мікіта Літвіненка сказаў: «Вы жывяце ў Беларусі і вам моцна пашанцавала, што вы будзеце адказваць за свае ўчынкі, здзейсненыя і тыя, што цяпер здзяйсняюцца, перад беларусамі. Чаму пашанцавала? Таму што мы — народ не злапомны, мы — народ, які ўмее дараваць, які заўсёды дасць, у выпадку чаго, другі шанец. Нам не патрэбныя будуць нейкія паказальныя "судзілішчы". Мы проста патрабуем, каб вы адказвалі перад законам па ўсёй яго строгасці. Таму маліцеся, проста маліцеся. Не важна, каму. Любым выдуманым персанажам, любым вусатым іконам, каб усё было добра. І аднойчы... Аднойчы. Рана або позна. Хутчэй за ўсё, рана. Я прыйду сюды, у гэтую залу і буду назіраць за вамі ў гэтай клетцы, як за звярамі ў заапарку. Толькі я буду назіраць не як за дзікім зверам, якога немагчыма прыручыць і паддаць дрэсіроўцы, а як за звычайным папугайчыкам, які толькі і робіць, што паўтарае тое, што сказаў яго гаспадар. Таксама хачу дадаць, што ніякіх адмоўных эмоцый я да вас не адчуваю. Хутчэй, наадварот. Нічога абсалютна адмоўнага да вас не маю. Нічога асабістага. І ў канцы хачу сказаць, што сваю віну я не прызнаю. Нічога супрацьзаконнага я не здзяйсняў. Мае дзеянні не прадугледжвалі і не прадугледжваюць ніякай грамадскай небяспекі. Таму яшчэ раз паўтаруся, што сваю віну я не прызнаю. Ніякіх памілаванняў я пісаць не буду. Ні перад кім я не буду прыніжацца».

Займаўся спортам і хацеў з’ехаць у Амерыку

Маці ўзгадвае, што для Мікіты ніколі не быў важным матэрыяльны бок: галоўнае — не фасад, а тое, што за ім. Сын заўжды ўсім, што ў яго было, дзяліўся з іншымі, добра вучыўся. Са школьных сходаў Кацярына Літвіненка сыходзіла «самай шчаслівай мамай». Па яе словах, ён быў мужчынам у сям’і, з самага дзяцінства клапатліва ставіўся да малодшай сястры.


Ад Кацярыны сын пераняў абвостранае пачуццё справядлівасці. З чатырох гадоў маці вадзіла яго на футбол. Але ён заўжды бачыў несправядлівасць у тым, што на матчы часта ездзілі не лепшыя гульцы, а дзеці трэнераў. Таму ў пэўны час Мікіта вырашыў, што камандны спорт — гэта не яго, і да заканчэння школы займаўся веславаннем.

— Ён бачыў сябе ў спорце, вёў здаровы лад жыцця, і вельмі хацеў паехаць у Амерыку, бо там нараджаўся бодзібілдынг. Сам пайшоў да рэпетытара і вывучыў англійскую мову, я нават не ведала пра гэта. Апошні год ён працаваў трэнерам, нягледзячы на тое, што вучыўся на дзённым аддзяленні БДЭУ.  

Дарэчы, па затрыманні Мікіту адлічылі з універсітэта не адразу, а толькі пасля Новага года. Прычым — не за пропускі заняткаў (у гэтым была б хоць нейкая логіка), а за… нясплату. Хаця насамрэч навучанне было аплачана. Пасля гэтага Кацярына вырашыла спагнаць з універсітэта грошы, заплачаныя за неаказаную паслугу, і цяпер займаецца гэтым. Цікава, што пасля таго, як сына адлічылі з вучобы, на яго імя сталі прыходзіць позвы з ваенкамата.

Кацярына характарызуе Мікіту як вельмі хатняе дзіця, сын ніколі не паліў, не каштаваў алкаголь. У яго заўжды была мэта, да якой ён ішоў. Пры гэтым, хоць знешне Мікіта — вялікі хлопец з моцнымі цягліцамі, характар у яго вельмі лагодны: ён нават камара не забівае, а стараецца яго адагнаць. А ў турме Мікіта ўвогуле стаў вегетарыянцам.

Тых, хто нешта робіць, мала

Зняволенне змяніла не толькі Мікіту, але і Кацярыну. І гаворка тут не пра тое, што цалкам перамяніўся звыклы лад жыцця ды дадалося клопатаў і нерваванняў. Кацярына гаворыць, што ў цяжкую хвіліну яе падтрымалі не тыя, ад каго яна найбольш гэтага чакала. Часам гэта былі малазнаёмыя, а то і зусім не знаёмыя асобы. Таму цяпер яе асабліва натхняюць неабыякавыя людзі.

— Калі раней я з многімі падтрымлівала стасункі, таму што гэтага хацелася людзям, то цяпер я вырашыла, што нікому нічога не павінна і маю права сама выбіраць, з кім і як стасавацца. А яшчэ мне хочацца больш дапамагаць іншым. І калі пра Мікіту гавораць, то мне вельмі балюча і крыўдна за тых людзей, пра якіх мала хто ведае. Нават выбіраючы, каму пісаць лісты, мы з дачкой глядзім на тых, каму пішуць менш за ўсё, — распавядае суразмоўца.


Гаворачы на тэму падтрымкі (не столькі матэрыяльнай, колькі іншай — напісанне лістоў палітвязням, заяваў і скаргаў і інш.), Кацярына Літвіненка з сумам канстатуе: цяпер вельмі шмат добрых людзей, але мала тых, хто нешта робіць.

— Усе сядзяць ціхенька, і гэта не страх. Я не ведаю, што гэта. Калі ў мяне запытваюцца, што рабіць, я кажу: «Напішы чалавеку хаця б старонку!» Я перапісваюся з некаторымі хлопцамі, з якімі Мікіта сядзеў, у іх нават не палітычныя артыкулы. Яны такія добрыя, што іх немагчыма кінуць. Там вельмі шмат несправядлівасці, асабліва па «наркатычным» артыкуле.

Які сэнс у скаргах, адвакатах і як дазволіць сабе адпачыць


Жанчына гаворыць, што да прысуда Мікіта не адчуваў асаблівых цяжкасцяў і спакойна пераносіў сваё зняволенне. Ён працягваў займацца спортам, стаў шмат чытаць, вывучаць анатомію, гісторыю і ўдасканальваць англійскую мову. І хоць не верыў у справядлівы сыход справы, нават угадаў тэрмін, які яму дадуць, гэта крыху выбіла яго з каляіны. Але Мікіта, як і маці, не з тых людзей, якія ліюць слёзы і наракаюць на несправядлівы лёс.

— Мы адзін аднаго падтрымліваем, усе эмоцыі праходзяць, застаюцца справы. Адных толькі судоў па пытанні змянення меры стрымання мы правялі восем, — узгадвае суразмоўца.

Яна перакананая, што, нягледзячы на прадказальны вынік, напісанне скаргаў і заяў мае сэнс, і калі гэта здаецца непатрэбным цяпер, то абавязкова адыграе сваю ролю ў будучыні. Як і праца адвакатаў.

— Канечне, на тэрмін адвакат цяпер не ўплывае. Але наш адвакат, нават калі ішло следства, працаваў на будучыя суды. Адвакат дапамагае падабаронным заставацца людзьмі, падтрымлівае маральна і псіхалагічна. Дае ўпэўненасць і з'яўляецца сувязным звяном паміж падабаронным і сям'ёй.


Кацярына Літвіненка — адна з нямногіх мам палітвязняў, якія дазваляюць сабе расслабіцца, бо разумеюць: яны павінны быць поўнымі сіл і энергіі, каб дзяліцца імі са сваімі дзецьмі. Мы сустрэліся з Кацярынай напярэдадні яе адпачынку. І не маглі не спытаць: як яна вырашылася на гэта?

— Сэрца разрываецца. Але я ведаю, што фізічна я вытрымаю. А маральна — гэта толькі маё рашэнне, падаць духам ці не.

Кацярына перакананая: трэба працягваць падтрымліваць вязняў і гаварыць пра іх, каб гэтая тэма не пераставала гучаць. І тады кожны наступны дзень будзе лепшым за мінулы. «Так і скажыце песімістам!» — дадае яна на развітанне.

Калі вы таксама задаеце сабе пытанне, што рабіць, напішыце ліст палітвязню. Адрас аднаго з іх, Літвіненкі Мікіты Паўлавіча, такі: г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1, 220030.

Фота Яны Трусіла

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: