Маці пяцярых дзяцей Іна Дабратвор пасля вялікіх штрафаў з'ехала ў Польшчу

Шматдзетная маці Іна Дабратвор, аштрафаваная на вялікую суму за «палітычныя партрэты» ў вокнах, выехала ў Польшчу. Іну судзілі адразу па трох пратаколах паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП. Падставай сталі партрэты Віктара Бабарыкі, Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і выява гербу «Пагоня» на вокнах уласнай кватэры, піша «Свабода».

Суддзя Заводскага раёна Мінска Алена Някрасава расцаніла гэта як несанкцыянаваны пікет і прысудзіла жанчыне штраф у памеры 200 базавых велічынь — 5800 рублёў.

Мінскі гарадскі суд 19 красавіка скараціў памер спагнання на 50 базавых. Інтарэсы жонкі прадстаўляў Ілля Дабратвор, бо жанчына пасля судовага рашэння часова выехала ў Польшчу, спадзеючыся знайсці там працу.

«Ад’езд быў пазапланавы. Тое цкаванне, якое ўчынілі сілавікі, вымусіла эвакуявацца... Паводле закону ў нас ёсць змякчальныя абставіны, аднак Заводскі суд прызначыў максімальнае пакаранне. Нават для беларускіх судоў гэта шмат», — сказаў Ілля Дабратвор «Беларускаму партызану».

Паводле яго слоў, для шматдзетнай сям’і, у якой бацькі абое працуюць журналістамі-фрылансерамі, 5800 рублёў — гэта астранамічная сума. Нават 150 базавых у «сацыяльнай дзяржаве» — вельмі шмат. Штрафы адпавядаюць узроўню даходаў амерыканцаў, хоць Беларусь пакуль не штат ЗША, іранізуе Ілля Дабратвор.

Пасля 9 жніўня 2020 году мужа і жонку Дабратвораў аштрафавалі больш як на 6 000 рублёў, а калі падсумаваць усе затрыманні, у тым ліку на некалькі гадзін, выйдзе больш за два тыдні агульнага тэрміну.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: