«Паляванне на нас пачалося ў 2014-м, пасля Майдану...»

Маці распавялі пра сваіх сыноў-палітвязняў.
У Мінску прайшла прэсавая канферэнцыя форуму «Свабоду палітвязням» з удзелам Яўгеніі Жалновай, маці Аляксея Жалнова і Раісы Валавік, маці Іллі Валавіка.

Пра сітуацыю вакол палітвязняў з так званага пашыранага спісу, якіх вызнае форум, журналістам паведамілі таксама Павал Севярынец, Ганна Шапуцька і Вольга Мікалайчык.


Як адзначыў вядоўца прэсавай-канферэнцыі, на сённяшні дзень форум прызнае палітзняволенымі 11 чалавек. Гэта Міхаіл Жамчужны, Тарас Аватараў, Аляксей Жалноў, Ілля Валавік, Вадзім Бойка, Філіп Іваноў, Зміцер Цехановіч, Зміцер Паліенка, Ігар Комлік, Алесь Юркойць і Ірына Моцная.


«Заклікаем усіх беларусаў да салідарнасці. На іх месцы можа апынуцца кожны. Прапануем, каб умовай дыялогу была адсутнасць палітвязняў і спыненне рэпрэсій. Немагчыма, каб людзей саджалі за краты за іх нацыяналістычныя і патрыятычныя погляды», — адзначыў Павал Севярынец.

Яўгенія Жалнова

Яўгенія Жалнова


Яўгенія Жалнова распавяла пра свайго сына, які асуджаны паводле артыкула 364. Крымінальнага кодэксу («гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліыі»).

Інцыдэнт адбыўся ў 2013 годзе ў Бабруйску. Аляксей Жалноў з бацькам зрабілі заўвагу міліцыянтам, якія прыпаркаваліся на ходніках, чым парушылі ПДР. Міліцыянты з ужываннем гвалту затрымалі бацьку і сына ды сфабрыкавалі супраць Аляксея Жалнова крымінальную справу.

Выглядае на тое, што міліцыянты такім чынам помсцілі бацьку Аляксея, які ў сацыяльных сетках актыўна выкрываў парушэнні закону з боку праваахоўнікаў. Спачатку хлопца пакаралі абмежаваннем волі, праз тры гады перавялі адбываць пакаранне ў Новаполацк, паставілі на прафілактычны ўлік. Неўзабаве распачалі крымінальную справу паводле артыкула 415 КК, інкрымінуючы парушэнне рэжыму. Пасля чарговага суда адправілі ў калонію ў Горках. Ужо ў калоніі, на трэці дзень знаходжання там адправілі ў шыза.

З канца студзеня адправілі ў ПКТ, дзе ён, паводле слоў маці, хутчэй за ўсё знаходзіцца дагэтуль. Тэрмін зняволення Аляксея Жалнова сканчаецца 21 кастрычніка.


Паводле Раісы Валавік, яе сын футбольны фанат і антыфашыст Ілля Валавік стаў ахвярай прыхільнікаў «рускага свету» ў сілавых структурах.

«Паляванне на нас пачалося ў 2014-м, пасля Майдану. Быў першы прэвентыўны арышт перад хакейным чэмпіянатам. У 2015 яго абкружылі людзі ў цывільным, збілі. Праз 10 дзён арыштавалі на працы і паспрабавалі абвінаваціць у парушэнні грамадскага парадку. Справа фактычна развалілася. Але сёлета справу аднавілі і ў сакавіку суд пакараў Іллю Валавіка паводле артыкулаў 339 («хуліганства») і 193 Крымінальнага кодэксу («кіраванне незарэгістраванай арганізацыяй») 10 гадамі калоніі».


Паводле маці Іллі, ён актыўна выступаў супраць адэптаў «рускага свету», вялікі патрыёт Беларусі, антыфашыст, спартовец, карыстаўся аўтарытэтам сярод сяброў. Зараз Ілля адбывае тэрмін у Магілёўскай калоніі.

Раіса Валавік

Раіса Валавік


Ганна Шапуцька распавяла, што акрамя Аляксея Жалнова ў Горках адбываюць тэрміны зняволення таксама Міхаіл Жамчужны і хутчэй за ўсё Філіп Іваноў. Зміцер Цехановіч, паводле яе звестак, знаходзіцца ў Віцебску.

«Улада ўбачыла ў гэтых людзях тых, хто можа аказаць супраціў уладам у выпадку беларускага Майдану», — адзначыла Ганна Шапуцька.

Фота аўтара

Каментаваць