Мае асабістыя радасць і слёзы

А можа ўсё гэта не толькі маё асабістае? Беларус! Дапамажы мне не памыліцца. Гаворка пойдзе пра падзею 22 лістапада 2019 года ў Вільні.


З тэрыторыі суверэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, з розных яе куточкаў самаарганізавана, без удзелу ўлады беларусы групамі, сем’ямі, з дзецьмі рознага ўзросту, адзіночкі-патрыёты, хто як мог, скіраваліся ў Вільню, сталіцу нашых гістарычных аднадзяржаўнікаў Вялікага Княства Літоўскага, у Мекку ліцвінаў-беларусаў для пахавання нацыянальнага нашага героя, аднаго з кіраўнікоў Паўстання 1863-1864 гадоў супраць расійскага царызму Кастуся Каліноўскага і яго 19 пабрацімаў. Хто не змог па нейкіх жыццёвых абставінах прыняць асабісты ўдзел у гэтай гістарычнай падзеі ў гісторыі беларускай нацыі, кожнай сям’і, кожнага беларуса мелі магчымасць сваімі вачыма бачыць на Belsat наш сучасны беларускі патрыятычна-нацыянальны ўздым. Сямігадзінны бесперапынны тэлемарафон першага незалежнага беларускамоўнага канала Belsat дазволіў нам духоўна абагаціцца і, на жаль, адначасна перажыць 7 гадзін сораму за мізэрна нізкі ўзровень прадстаўніцтва нашай роднай дзяржавы. На міждзяржаўнай цырымоніі пахавання герояў поруч з прэзідэнтамі Літвы і Польшчы і іх лэдзі не было майго, нашага кіраўніка дзяржавы.

У фінальнай частцы цырымоніі польскія і літоўскія вайскоўцы ўрачыста знялі з трун Кастуся Каліноўскга і Зыгмунта Серакоўскага паўстанцкія сцягі, якімі яны былі пакрыты, і ўрачыста прыгожа перадалі іх сваім прэзідэнтам. (Зыгмунт Серакоўскі быў адным з кіраўнікоў паўстання. Ён сабраў атрад з 5 тысяч чалавек, але ў баі быў разбіты расійскімі войскамі. Суд прысудзіў яму смяротнае пакаранне праз павешанне. Быў пакараны ў 1863 годзе ў Вільні на Лукішскім пляцы).

Адсутнасць нашага кіраўніка першай, пасля развалу СССР, дзяржавы Рэспубліка Беларусь, Мітрапаліта Беларускай праваслаўнай царквы, ганаровай беларускай вайсковай пашаны для мяне былі самымі цяжкімі момантамі — і невытлумачальнымі. Не знаходзіў адказы: а дзе ж мой, наш лідар, чаму яго няма тут? Чаму няма ніводнага вайскоўца-беларуса поплеч з літоўскімі і польскімі?

Пахаванне праходзіла па найвышэйшым рытуале вайсковай пашаны. Даруйце мне, калі мае развагі памылковыя, або пакарайце, але ж мне сорамна за сучаснае кіраўніцтва, якое праігнаравала адэкватны ўдзел у гістарычнай дзеі разам з дзяржавамі Літвой і Польшчай, спадкаемцамі герояў паўстання 1863-1864 гадоў. Веру, прыйдзе час, і сакральны сімвал: паўстанцкі сцяг (напэўна, яго копія), які прыняў прэзідэнт Польшчы, з труны нашага нацыянальнага героя будзе перададзены нашай дзяржаве.

Сардэчную ўдзячнасць заслужыў калектыў Belsat за прафесійную работу і разуменне гістарычна-выхаваўчага значэння падзеі 22 лістапада 2019 года ў Вільні. Вы злучылі духоўна нас сучасных беларусаў з духам і сакральнай энергіяй нашых продкаў ХІХ стагоддзя. Кліч «За нашу і вашу свабоду!» працягвае жыць сярод народаў суседзяў і ён запатрабаваны сённяшнімі рэаліямі.

А як выглядала, была прадстаўленая наша Бацькаўшчына на цырымоніі развітання з Каліноўскім і 19 паўстанцамі? Ва ўмовах заведама фальшывай інфармацыі аб месцы і ролі гістарычнай асобы Кастуся Каліноўскага ў нацыя- і дзяржаватворнасці мы разумеем, што гэты час трэба перажыць. А жыхарам суседніх краін і цывілізаванаму свету цяжка ўцяміць пазіцыю кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь. Аніводнага сучаснага афіцыйнага дзяржаўнага сцяга не было, аніякіх іншых дзяржаўных атрыбутаў, апроч вянка. Удзельнікі і тэлегледачы іх не ўбачылі на працягу сямігадзіннай міждзяржаўнай падзеі. На жаль, дысанансам прагучалі словы афіцыйнага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь намесніка прэм’ер-міністра Ігара Петрышэнкі. Вельмі добра, што ён выступіў па-беларуску. Назваў пахаванне паўстанцаў гістарычным момантам, аднолькава важным для народаў Беларусі, Польшчы, Літвы і Латвіі. Разам з тым, яго прамова закончылася словамі аб недапушчальнасці выкарыстання фігуры Каліноўскага «ў палітычных мэтах». Менавіта на гэтыя словы і на неўдзеле, і адсутнасці кіраўніка краіны, як роўнага сярод роўных, ва ўрачыстай цырымоніі побач з прэзідэнтамі Літвы і Польшчы беларусы ў Вільні адрэагавалі крыкамі: «Ганьба!».


Зафіксуем і такі важны для нас гістарычны момант. На Імшы ў Віленскім кафедральным саборы Св. Станіслава і Св. Уладзіслава на алтары прысутнічалі прадстаўнікі духавенства Беларускі: беларускай каталіцкай царквы, беларускай уніяцкай царквы, беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. А архіепіскап-мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з духоўна-патрыятычным казанням і на роўных з архіепіскапам-мітрапалітам Гінтарасам Грушасам вялі святую Імшу.

А як жа падалі гэтую нацыянальна-гістарычную падзею каналы беларускага тэлебачання? У максімальна лаканічным, схаваным ад беларусаў стылі пад назвай «Церемония перезахоронения останков Калиновского». На самой справе гэта было на міжнародным узроўні пахаванне Кастуся Каліноўскага і 19-ці паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Дакладна вядома, што Каліноўскі быў павешаны, закапаны ў агульнай яме і заліты нягашанай вапнай. 22 лістапада 2019 года парэшткі не перазахоўвалі, а была цырымонія пахавання па канонах хрысціянскай і сучаснай цывілізаванай традыцыі.

Калі верыць (паверыць) беларускім каналам, то ў Вільні 22 лістапада не было аніводнага афіцыйнага дзяржаўнага, аніводнага гістарычна-дзяржаўнага бел-чырвона-белага сцяга. Гэта класічны прыклад непавагі ідэолагаў-журналістаў да сваёй прафесіі і знявага свайго спажыўца-гледача. Выклікала здзіўленне і выказванне на беларускіх тэлеканалах дырэктара інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдата гістарычных навук Вячаслава Даніловіча. Ён фактычна пацвердзіў сваю і кіруемага ім інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук прарасійскую неа-панславянскую пазіцыю і небяспечную сучасную ідэалогію «русский мир». Але гэта — праблема беларускіх гісторыкаў, і не толькі іх.

Вітанне і развітанне з парэшткамі нацыянальных герояў на чале з вечнай постаццю Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і іх пабрацімаў у Вільні 22 лістапада 2019 года яскрава прадэманстравала нам і свету наш глыбокі беларускі патрыятызм, любоў да Бацькаўшчыны і здольнасць сама-арганізавана яднацца вакол сваіх лідараў, беларускай нацыянальнай ідэі, лёсавызначальнай падзеі. Прыемна, што палякі (з вядомым польскім гонарам) зайздросцілі ў гэты дзень нам, і працягваюць сёння. У гэты дзень Вільню заліло бясконцае мора нашых бел-чырвона-белых сцягоў: першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, пад якім у час інаўгурацыі чвэрць стагоддзя таму прымаў прысягу і прамаўляў клятву перад беларускім народам Аляксандр Лукашэнка.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: