«Мае спачуванні Грышу Азаронку». Кацярына Андрэева адказала прапагандысту

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, якая з 15 лістапада застаецца за кратамі, пракаментавала прапагандысцкі сюжэт Рыгора Азаронка на тэлеканале СТВ. У матэрыяле Азаронак абвінавачвае журналістку ў тым, што яна нібыта кіравала пратэстамі пры дапамозе стрыму.

Адвакат Кацярыны Сяргей Зікрацкі мае намер на гэтым тыдні падаваць скаргі на Азаронка ў МУС, пракуратуру, Следчы камітэт і Міністэрства інфармацыі, паведамляе «Белсат». На ягоную думку, у праграме СТВ відавочна парушаецца прэзумпцыя невінаватасці Кацярыны. Таксама можа ісці гаворка пра парушэнне таямніцы следства, бо ў сваім сюжэце Азаронак у тым ліку выкарыстоўваў фрагменты прыватнага ліставання мужа Кацярыны, Ігара Ільяша.

Праз свайго адваката Кацярына таксама прасіла перадаць свой асабісты адказ Рыгору Азаронку:

«Шкада беднага хлопчыка, які зрабіў няправільны выбар. Я магу яму толькі паспачуваць. Таму што я раней ці пазней усё роўна выйду з турмы, а ён застанецца з гэтым цяжарам на ўсё жыццё. Мае спачуванні Грышу Азаронку».

13 студзеня на тэлеканале СТВ выйшла праграма Рыгора Азаронка «Таемныя спружыны палітыкі», у якой ён абвінаваціў Кацярыну Андрэеву ў тым, што 15 лістапада 2020 года яна праз стрым нібыта кіравала пратэстамі ў Мінску. Азаронак заявіў, што журналістка ў жывым эфіры каардынавала «масавыя закалоты» (менавіта так дзяржпрапаганда кваліфікуе мірную акцыю пратэсту на плошчы Пераменаў) і асабістым прыкладам «натхняла мяцежнікаў». Прапагандыст назваў Кацярыну «чыстай крымінальніцай», «замежным агентам», з якімі падчас вайны «разбіраўся СМЕРШ». У тым ліку ў сюжэце СТВ выкарыстоўваліся скрыншоты прыватнага ліставання Ігара Ільяша — мужа Кацярыны.

15 студзеня Ігар Ільяш накіраваў у міліцыю і пракуратуру заяву з просьбай правесці праверку і распачаць крымінальную справу супраць Азаронка паводле арт. 203 КК («Парушэнне таямніцы ліставання»).

Ільяш патрабуе праваахоўныя органы высветліць, як Азаронак атрымаў скрыншоты асабістага ліставання. Калі яны былі атрыманыя ад праваахоўных органаў, якія арыштавалі тэхніку Ільяша ў межах крымінальнае справы супраць Кацярыны Андрэевай, то тады сілавікоў трэба прыцягнуць да адказнасці за разгалошванне звестак папярэдняга следства (ч. 2 арт. 407), бо камп’ютар і тэлефоны Ільяша раней былі прызнаныя «рэчавымі доказамі». Калі ж сілавікі не перадавалі гэтых скрыншотаў Азаронку, значыць, прапагандыст мог атрымаць доступ да ліставання толькі праз узлом акаўнту Facebook, што можа быць кваліфікавана паводле арт. 349 КК («Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі»), адзначаецца ў заяве.

 Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада. Іх затрымалі за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») КК. Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі.

Тыдзень таму матэрыялы справы былі перададзеная ў Фрунзенскі раённы суд Мінска. Дата суда яшчэ не прызначаная. Пакуль Кацярына і Дар’я застаюцца ў жодзінскім СІЗА.

18 студзеня стала вядома, што Кацярыне Андрэевай працягнулі тэрмін арышту да 20 лютага.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: