«Магчыма выключэнне НАК Беларусі з ліку членаў МАК». Герасіменя і Апейкін — пра свае крымінальныя справы

Лідары Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці правялі моцны стрым у інстаграме. Ён доўжыўся цэлую гадзіну, а распавядалі Аляксандр і Аляксандра не толькі пра крыміналку. Санкцыіі датычна БФФ, перанос з Мінска ЧЕ па веласпорце, рэформа ў нацыянальным спорце пасля таго, як Беларусь стане свабоднай. А яшчэ ўзгадалі пра маўчанне Дар'і Домрачавай і Аляксандра Глеба, якія «змаладушнічалі і страцілі народную любоў». 
Фота БФСС

Фота БФСС

У пятніцу, 2 красавіка, Следчы камітэт паведаміў аб крымінальнай справе, заведенай супраць лідараў Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. Пад ударам апынуліся двое — старшыня БФСС і ў нядаўнім мінулым славутая плыўчыха Аляксандра Герасіменя і выканаўчы, экс-кіраўнік гандбольнага «Віцязя» Аляксандр Апейкін.

СК інкрымінаваў Аляксандры і Аляксандру цэлы стос супрацьпраўных грахоў — ад непрыняцця вынікаў прэзідэнтскіх выбараў да пераносу з Беларусі «шэрагу буйных міжнародных мерапрыемстваў» (падрабязнасці можна паглядзець тут).

Агулам, па меркаванні следчых, актыўнасць Фонду прывяла да таго, што «нанесены значны іміджавы і фінансавы ўрон, падарваны прэстыж краіны на міжнароднай і палітычнай арэне, дыскрэдытавана кіраўніцтва спартыўнай галіны і дзяржавы».

Агучаныя ведамствам наступствы — крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 361 («Заклікі да здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт»).

Пакаранне, прадугледжанае гэтым артыкулам, — пазбаўленне волі тэрмінам да 5 гадоў.

Дагэтуль наконт крымінальнага пераследу Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін падрабязна не выказваліся. Пакуль вечарам у нядзелю не правялі адмысловы стрым на старонцы Фонда ў інстаграме. Сувязь з заўзятарамі, якія задавалі пытанні загадзя і ў рэжыме анлайн, працягвалася цэлую гадзіну. «Новы Час» сачыў за адказамі прадстаўнікоў БФСС — і вылучыў галоўнае з пачутага.

Аб крымінальнай справе

Аляксандр Апейкін (дале — АА): На самай справе крымінальная справа сюрпрызам для нас не стала. Яно абсалютна чаканая, і мы былі маральна гатовыя. Ва ўмовах абсалютнага прававога дэфолту і нядаўняга прыняцця цэлага шэрагу антыканстытуцыйных законаў пасадзіць сёння ў Беларусі можна любога.

Нас абвінавацілі ў пагрозе нацыянальнай бяспецы, нанясенні шкоды іміджу і рэпутацыі беларускай спартыўнай галіны на міжнароднай арэне... Я як прачытаў гэта, то адразу ўспомніў футбольны матч з бельгійцамі. Лік 0:8 — і вось гэты артыкул можна смела павесіць ўсёй зборнай, трэнерскаму штабу і федэрацыі. Таму што такой шкоды, якую наносяць беларускія спартыўныя чыноўнікі, прадстаўнікі Мінспорту і НАК, не наносіць ніхто.

Аляксандра Герасіменя (далей — АГ): У маім жыцці не памянялася абсалютна нічога. Што тычыцца абвінавачванняў і чаму яны ўзніклі, то мы ўсе разумеем, што гэта вынік нашай працы. І тых санкцый, якія наклаў МАК на наш НАК. Крымінальная справа гэта, па сутнасці, адказ не нам, а Міжнароднаму алімпійскаму камітэту. Вось вам, атрымайце. Вы хацелі ўсю нашу сістэму змяніць — не атрымаецца, мы вас усіх перасаджаем.

Але, як я ўжо адзначала, нас заўважылі — значыць, мы ўсё робім дакладна і рухаемся ў патрэбным кірунку. Цяпер трэба не здавацца і даціскаць да канца.

А.А. — Мы адправім ў МАК заяву з гэтай нагоды, хоць гэтага можна і не рабіць. У панядзелак аб нашай крымінальнай справе і так напіша Еўрапейская прэса. У прыватнасці, нямецкія газеты. І гэтая навіна стане дастаткова рэзананснай для спартыўнай Еўропы.

На самай справе яны зрабілі чарговы стрэл сабе ў нагу. Непісьменнасць беларускіх спартыўных чыноўнікаў уражвае. Яны самі сабе шкодзяць. Крымінальныя справы заведзеныя не супраць нас —фізічных асоб, а фактычна супраць прадстаўнікоў Фонду спартыўнай салідарнасці. А Фонд — суб'ект міжнароднага спартыўнага права, удзельнік Алімпійскага руху, прызнаны МАК і міжнароднымі спартыўнымі федэрацыямі.

Наогул калі браць мяне асабіста — фізічная асоба Аляксандр Апейкін, то крымінальная справа не выклікала ніякіх эмоцый. Следчы камітэт Беларусі як дзяржаўны орган не мае сёння легітымнага статусу. Улада ў краіне захоплена групай людзей, якія здзейснілі канстытуцыйны пераварот. Адпаведна, усе дзяржорганы не маюць паўнамоцтваў, іх рашэнні юрыдычна бессэнсоўныя. У Беларусі працягваецца прававы дэфолт, і любыя законы, пастановы не маюць нічога агульнага з законнасцю. Спроба падладзіцца пад рэаліі і загасіць незадаволенасць, іншадумства... Як я ўжо казаў, гэта ўсё роўна, калі б абвінавачванні нам выставілі піраты Самалі або абарыгены выспаў Акіяніі. Легітымнасьць ў іх такая ж.

А.Г. — Мы ўсе разумеем, што калі ты сёння ў Беларусі злачынец — значыць, добры чалавек. Хто не сядзеў, той не беларус. Паўтаруся, мы на правільным шляху, хоць і знаходзімся ў незвычайным статусе. Галоўнае цяпер, каб нашым родным было спакойна. Каб яны не перажывалі і верылі, што аднойчы гэта скончыцца, мы прыедзем у новую Беларусь… І вернем нашы сумленныя імёны. (Смяецца).

Пра выступ беларусаў на Алімпіядзе пад нейтральным сцягам

А.Г. — Думаю, тое, што цяпер адбываецца, абвінавачванне нас ва ўсіх грахах, згуляе вялікую ролю. І ў выніку магчыма нават выключэнне беларускага НАК з ліку членаў Міжнароднага алімпійскага камітэта. У тым ліку верагодна і выступленне беларускіх спартсменаў на Гульнях пад нейтральным флагам. Калі гэта здарыцца, то не стане нашай з Сашам заслугай. Думаю, яны самі набылі і набудуць яшчэ дадатковых санкцый. Мне здаецца, усё так і будзе, хоць паглядзім, што адкажа МАК.

А.А. — Так, гэтае пытанне ў кампетэнцыі Міжнароднага алімпійскага камітэта. Магчыма, ён разгледзіць яго на наступным пасяджэнні выканкама.

Трэба разумець, што ў нас няма мэты пазбавіць алімпійскую каманду сцяга. Абсалютна. Мэта іншая — каб спынілася ўся гэтая дзічына ў беларускім у спорце. Каб не парушаліся правы спартсменаў і алімпійская хартыя. Каб спыніўся пераслед за наяўнасць свайго меркавання, за адстойванне грамадзянскіх правоў. На такіх атлетаў аказваецца ціск, іх звальняюць. У нас ёсць яшчэ некалькі аўдыё, дзе чуваць, як спартыўныя чыноўнікі і трэнеры ў лепшых традыцыях дзяржаўнай ідэалогіі аказваюць на спартсменаў ціск. Гэта недапушчальна. Мы фіксуем такія гісторыі і адпраўляем у МАК. Але нічога яму не дыктуем — не маем права.

МАК усё вырашае самастойна, і калі вырашыць, што бягучых санкцый дастаткова, значыць, так і будзе. Але калі ўбачыць, што яго рэкамендацыі не выконваюцца або выконваюцца чыста касметычна — магчымыя новыя санкцыі.

Аб рэформе ў беларускім спорце

А.Г. — Безумоўна, рэформа неабходная. Цяпер над гэтым вядзецца вялікая праца, таму што як раней — так ужо нельга. Мы бачым, што вынікі ў нашым спорце ў апошні час не моцна растуць. Асобныя спартсмены яшчэ вылучаюцца, але часцей за ўсё яны самі ўсяго дамагаюцца. У дзіцячым спорце развіцця няма. Маладых трэнераў, маладых спецыялістаў — іх не так шмат. І яны прагрэсуюць зноў-такі самастойна — хто сам паспее нешта прачытаць, кудысьці з'ездзіць. Комплекснай працы, каб вынікі раслі па ўсіх напрамках, у нас няма.

А.А. — Прыкладна праз месяц Фонд прадставіць разгорнуты праект спартыўнай рэформы. Гэтым у нас займаюцца чатыры вельмі разумныя спецыялісты. Курыруе кірунак Вадзім Крывашэеў — былы дырэктар РЦАП па фрыстайле.

Не ўдаючыся ў падрабязнасці, магу сказаць, што рэформа зводзіцца да паэтапнага пераходзу нацыянальнага спорту на рынкавыя ўмовы працы. Вельмі доўга спорт сядзеў выключна на дзярждатацыях. Да нейкага моманту гэта было, увогуле, нават добра. Стварылі нейкі зачын, заклалі базу, пабудавалі інфраструктуру. Але затым наступіў каласальны крызіс кіравання. Большасць федэрацый, Міністэрства ўзначальваюць людзі, якія не з'яўляліся эфектыўнымі мэнэджэрамі. Трэнераў, спартсменаў, суддзяў прынята ліцэнзаваць. Менеджэры абыходзяцца без ліцэнзавання. А яны важныя. Адсюль і стагнацыя ва ўсіх відах спорту.

0:8 ад бельгійцаў — гэта поўнае адлюстраванне таго, што адбываецца... Не ў спорце нават, а наогул у краіне. Адсталасць ад усяго перадавога. Будучы чалавекам з гандбола, магу сказаць тое ж самае: быў рывок, пачынаючы з 2010 года, але цяпер від спорту чакае яма на два пакаленні. Таму што патрэбныя іншыя людзі, не можа адзін чалавек кіраваць 20-26 гадоў. Павінна быць змяняльнасць органаў кіравання. Прычым на конкурснай аснове, а не сват-брат. Кумаўство ў спорце таксама ёсць — на патрэбныя месцы прыходзяць непатрэбныя людзі. У выніку атрымліваецца ў агульнай масе шэрая карціна, якую мы зараз і назіраем.

Аб санкцыях у дачыненні да федэрацыі футбола

А.Г. — Мы звярнуліся ў ФІФА і УЕФА, але дэталі раскрыць пакуль не можам. Ідзе расследаванне і толькі па яго завяршэнні можна будзе падзяліцца інфармацыяй.

А.А. — Мы ў кантакце з ФІФА і УЕФА, вынікі працы, думаю, яны самі апублікуюць. Калі? Такія працэсы могуць часам расцягвацца на месяцы, аж да паўгода. ІІХФ павінна была па Баскаву вынесці вердыкт, стварылі спецыяльную камісію. Але я наогул не ведаю, ці засядала яна. ІХХФ не рэагуе ні на нашы заявы, ні на заявы журналістаў. Трэба сказаць, што ФІФА і УЕФА дзейнічаюць больш выразна, але калі яны завершаць расследаванне, складана сказаць.

Аб магчымым пераносе з Мінска чэмпіянату Еўропы па веласпорце

А.А. — Веласпорт — адзін з маіх любімых відаў. Ведаю людзей, якія там працуюць. Добрыя людзі. Але ёсць зусім іншага ўзроўню акалічнасці. Мы разумеем, што такія буйныя спартыўныя мерапрыемствы будуць выкарыстаныя беларускай прапагандай не ў спартыўным плане. Калі б гаворка ішла аб спорце, то хай сабе. Але гэта будзе пляцоўка для легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі. Ідэолагі выкарыстаюць гэтую падзею як унікальны прарыў і прызнанне легітымнага статусу беларускіх уладаў. Лукашэнка будзе вешаць медалі.

Наша пазіцыя — такія турніры недапушчальныя ў краіне, дзе маюць месца парушэння правоў чалавека. Дзе прававы дэфолт і ўсё гэта бязмежжа. Яшчэ і з улікам статыстыкі па каронавірусу, якая бярэцца са столі. Тым больш у статуце Міжнароднага саюза веласіпеднага спорту ёсць палажэнне аб захаванні правоў чалавека. Атрымліваецца, праводзячы чэмпіянат Еўропы ў Мінску, яны наступяць на горла ўласнай песні.

Мы робім шырокія крокі, каб гэтага не дапусціць. Звярнуліся да дэпутатаў Еўрапарламента. Да нацыянальных федэрацый — каб іх спартсмены не ўдзельнічалі. Аўстрыйская і нямецкая павінны неўзабаве абмеркаваць гэтае пытанне. Спрабуем дастукацца да французаў, італьянцаў і брытанцаў. Вельмі важная тут падтрымка беларускіх дыяспар, СМІ, грамадскасці. Каб яны таксама звярталіся з просьбай не праводзіць чэмпіянат у Беларусі, пакуль не вырашыцца грамадска-палітычны крызіс, не адновяцца правы і свабоды, не будуць выпушчаныя палітвязні. У такіх умовах праводзіць чэмпіянат — гэта крывадушнасць для спартыўнай грамадскасці, абясцэньванне сваіх жа прынцыпаў.

Не ведаем, як усё атрымаецца. Але трэба зрабіць усе, што ад нас залежыць. На наступным тыдні па гэтым пытанні будзе запушчана галасаванне на «Голасе». Наконт хакейнага чэмпіянату свету прагаласавалі 420 тысяч чалавек, 90 працэнтаў за перанос. Будзе і па веласпорце нейкая карціна — ці хочуць беларусы прымаць у сябе гэты турнір.

Аб маўчанни Дар'і Домрачавай і Аляксандра Глеба

А.А. — Кажуць, Дар'я Домрачава пакрыўдзілася на мяне, калі ў інтэрв'ю я рэзка выказаўся. Можа, сапраўды рэзка, але сутнасць простая. Увогуле было ўжо зразумела, што адбываецца ў дачыненні да беларускага народа. Маё меркаванне: калі ты Герой Беларусі і такі народны ўлюбёнец, калі краіна цябе любіць і бачыць у табе сімвал перамогі, мужнасці, стойкасці... То людзі падсвядома да цябе апелююць, шукаюць абароны.

Лена Леўчанка, Каця Сныціна, Андрэй Краўчанка пачулі голас людзей і адгукнуліся. Домрачава не адгукнулася. Аляксандр Глеб не адазваўся. І такім чынам яны засталіся сімваламі толькі для маленькай групы людзей, якім захавалі лаяльнасць, захавалі сваім матэрыяльныя даброты. А народную любоў страцілі.

Але час зменіцца — ёсць гістарычныя цыклы і заканамернасці, нічога іншага быць не можа. Як нам потым ставіцца да гэтых людзей? Яны не здзейснілі злачынстваў, але змаладушнічалі. У вачах многіх анулявалі свае заслугі, хоць маглі стаць абсалютнымі героямі.

Аб адхіленні ад спаборніцтваў спартсменаў, якія падтрымліваюць рэжым

А.Г. — У мяне дваякае меркаванне. З аднаго боку, людзі столькі гадоў у спорце, для іх вельмі важна ўдзельнічаць у турнірах, тым больш ганенняў за палітычныя погляды быць не павінна. З іншага боку, пра палітыку цяпер гаворка не ідзе. Твой народ забіваюць. Над беларусамі здзекуюцца, чэрнь робяць, а ты максімальна падтрымліваеш уладу. Мне здаецца, ты заслугоўваеш пакаранне. Я б пазбаўляла права прадстаўляць краіну, імідж якой ты псуеш.

А.А. — Я думаў, як ставіцца да людзей, якія падтрымліваюць гвалт, падпісаліся пад усёй гэтай дзічынай. Не ведаю, якія павінны быць прабелы ў выхаванні, маралі, каб усё гэта падтрымаць. Альбо пераступіць праз сябе, альбо быць недалёкім чалавекам... Не ведаю.

Адхіляць ад спаборніцтваў — напэўна, наўрад ці. Такія пытанні вырашаюць спецыяльныя камісіі па этыцы пры федэрацыях. Але ці з'яўляецца падтрымка ўлады этычнай? Наш рэжым мала чым адрозніваецца ад рэжыму Германіі ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Гэта я кажу як германіст, спецыяліст па міжнародных адносінах. Гісторыю Германіі, як раз паміж сусветнымі войнамі, вывучаў падрабязна. Аналогіі можна смела праводзіць. Бязмежжа ўзаконенае. Як казаў Марцін Лютэр Кінг, усё, што рабіў Гітлер, было законным. Тое ж і Лукашэнка — пад дзеянні ўладаў прымаюцца законы.

Таму пытанне падтрымкі ўсяго гэтага — гэта пытанне этыкі. Я б не стаў такіх спартсменаў адхіляць ад спаборніцтваў. Для мяне яны проста нерукапаціскальныя людзі. Хай жывуць доўга і шчасліва, але з імі за адзін стол не сядзеш.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: