Магчыма, завод «Омск Карбон Магілёў» запускалі ўвогуле без неабходных фільтраў

Гэта тлумачыць лістападаўскі выкід чорнай субстанцыі, падобнай на сажу.
Магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE раскапаў цікавы дакумент, які пралівае святло на манеру весці справы на прадпрыемстве. Ёсць здагадка, што запускалі яго зусім без фільтруючых элементаў.

Інтэрнэт-цэнтр электроннага гандлю IceTrade зафіксаваў тэндэрную заяўку прадпрыемства ЗТАА «Омск Карбон Магілёў», пабудаванага ў магілёўскай свабоднай эканамічнай зоне. Каб зразумець яе сэнс, дастаткова прыгадаць дату пробнага пуску прадпрыемства.

Нагадаем, ён адбыўся 18 лістапада мінулага года і апынуўся вельмі няўдалым, паколькі суправаджаўся выкідам цвёрдых часціц. Жыхары бліжэйшых пасёлкаў Вейна і Навасёлкі заявілі, што іх накрыла воблакам сажы. Прадстаўнікі прадпрыемства прызналі праблему, але звярнулі ўвагу, што гаворка ішла менавіта пра выпрабавальны пуск і наладку абсталявання.

Аднак на самой справе «Омск Карбон Магілёў» правёў уласнае разбіральніцтва, але яго вынікі не раскрывае, бо гэта тычыцца ўнутраных спраў бізнес-групы. У працэсе з’явілася вось гэтая тэндэрная заяўка № 2018-634954.

Нагадаем, 18 лістапада адбыўся пуск, а знойдзены MSPRING.ONLINE дакумент з’явіўся літаральна праз дзень. Прычым заяўка тэрміновая: прыём прапаноў пачаўся 20-га чысла, а скончыўся праз пяць дзён.

Атрымліваецца, жыхары Вейна пачалі збіраць подпісы за закрыццё завода, а яго кіраўніцтва толькі пачало шукаць патрэбныя ачышчальныя камплектуючыя?

Здзіўляе тое, што паветраных фільтраў каскаднай серыі рознай магутнасці спатрэбілася адразу аж шэсць:

Пробны пуск быў праведзены зусім без фільтраў і абсталявання ачысткі? Што было б, калі б мясцовыя жыхары не сталі пратэставаць, застаецца толькі здагадвацца. Мабыць, гэта быў варыянт «на авось», але ў Беларусі такі бізнэс не прайшоў.

Магілёўскі завод тэхнічнага вугляроду пакуль не працуе. Ён рызыкуе стаць трэцяй праблемнай прамысловай пляцоўкай пасля светлагорскага камбіната беленай цэлюлозы і брэсцкага завода свінцовых акумулятараў, чыя праца прыпыненая з-за парушэння экалагічнага заканадаўства пасля пробных пускаў.

Азнаёміцца ​​з тэндэрнай заяўкай можна тут .

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!