Магілёўскі бізнэсовец, які адмовіўся прасіць памілавання ў Лукашэнкі, выходзіць на волю

Асуджаны магілёўскі бізнэсовец Сяргей Гаравы, вызвалення якога дамагалася ягоная жонка Святлана Скіба, сёння мае выйсьці на волю. Калегія Магілёўскага суду зьмяніла прадпрымальніку вырак Кастрычніцкага раённага суду Магілёву на падпіску пра нявыезд.

Сяргей Гаравы і Сьвятлана Скіба

Паводле рашэння раённага суду, Гаравы быў асуджаны на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за няплату падаткаў у буйным памеры. Сваёй віны асуджаны не прызнаў, хоць і выплаціў вызначаную судом шкоду 185 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Сплата шкоды не ўратавала бізнэсоўца ад турмы і канфіскацыі маёмасці. Ён разлічваў, што, застаўшыся на свабодзе, абароніць сябе.

Калегія абласнога суду перагледзела пакаранне. Паводле пастановы калегіі, Гаравы застаўся вінаватым, аднак пакаранне яму зьмякчылі да 2 гадоў і шасьці месяцаў без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. З улікам часу, які правёў у няволі, яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Яму забаронена на працягу пяці гадоў займаць пасады, зьвязаныя з адміністрацыйна-гаспадарчымі і арганізацыйна-распарадчымі функцыямі.

Святлана Скіба пасьля агучвання выраку, што ейны муж мусіць быць свабодным

Пакуль бізнэсовец быў у турме, у яго нарадзілася дачка. Жонка на судовыя пасяджэнні хадзіла цяжарнай. Калі мужа асудзілі, змагалася за яго вызваленне. Яна засталася бяз сродкаў для існавання з дваімі непаўналетнімі дзецьмі.

Святлана зьвярталася да Аляксандра Лукашэнкі, каб той выправіў несправядлівасць. У лісце яна згадала пра асуджаных чыноўнікаў ды кіраўнікоў прадпрыемстваў, якіх звінавацілі ў карупцыі і якіх Лукашэнка памілаваў.

«Мне прыйшоў адказ, у якім паведамілі, што ў судовы працэс ня можа ніхто ўмешвацца, нават Адміністрацыя прэзідэнта. Параілі, каб муж напісаў хадайніцтва аб памілаванні на імя прэзідэнта і да яго прыклаў усе дакументы пра нараджэнне дзяцей. Я мужу гэта ўсё выслала, але ён адпісаў: «Як я магу прасіць пра памілаванне, калі я не вінаваты?» — казала Сьвятлана «Свабодзе».

Паводле яе слоў, муж адмаўляўся пісаць просьбу пра памілаванне, бо не лічыў сябе вінаватым.

«Я задаволеная рашэннем калегіі абласнога суда. Я плачу ад радасьці, што сёння пабачу мужа», — падзялілася Святлана адразу пасьля агучвання новага прысуду Сяргею.

«Людзям, якія з такімі сітуацыямі сутыкаюцца, трэба ісці да канца. Не здавацца. І заўжды наперадзе перамога. Сяргей знойдзе сабе занятак. Галоўнае, што сям’я цяпер разам. Цешыць, што справядлівасць перамагла хоць у нейкай частцы. Пакуль юрыдычныя тонкасці для мяне другасныя. Калі ў Сяргея будзе жаданьне даказваць сваю невінаватасьць, гэта ягонае права.

Я ўдзячная Богу, што ён не пакідаў мяне. Дзякую адвакату, які адказна рабіў сваю працу, і тым, хто са мной быў побач. Мы зрабілі ўсё, каб Сяргей быў на волі».

Адвакат на разглядзе касацыйнай скаргі настойваў на адсутнасці складу злачынства ў дзеяннях асуджанага і прасіў суд вызваліць яго. Сваю пазыцыю абаронца аргументаваў тым, што Гаравы, па сутнасьці, стаўся ахвярай абгавору асноўнага фігуранта справы — Пятра Акулава. Па словах Акулава следства і выставіла абвінавачанне.

Дзяржаўны абвінаваўца на судовым пасяджэнні заявіў, што рашэнне Кастрычніцкага суду Магілёва законнае і абгрунтаванае. Падстаў для яго змены пракурор не бачыў.

Суд не задаволіў хадайніцтва Гаравога наконт ягонай прысутнасці на разглядзе касацыйнай скаргі.

Змякчылі прысуд і яшчэ аднаму фігуранту справы — Дзмітрыю Максімкову — зь пяці год калоніі ўзмоцненага рэжыму да трох.

Галоўнаму фігуранту справы Пётру Акулаву калегія абласнога суда пакінула прысуд Ленінскага суду Магілёву бязь зменаў. Ён асуджаны да шасці гадоў зняволення. Суд пастанавіў спагнаць з яго 45,7 мільярда рублёў незаконна атрыманага даходу.

Паводле Радыё Свабода

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!