Магілёўскі дзіцячы хоспіс шукае спонсараў у Польшчы

27 кастрычніка ў Беларускім Доме ў Варшаве адбылася дабрачынная вечарына, прысвечаная збору ахвяраванняў для магілёўскага дзіцячага хоспіса.
Фота: naviny.by

Фота: naviny.by

Дзіцячы хоспіс у Магілёве дзейнічае ўжо на працягу 15 гадоў. Асноўная мэта ўстановы, гэта аказанне комплекснай медыка-сацыяльнай і псіхалагічнай дапамогі безнадзейна хворым дзецям ды іх сем'ям.

Магілёўскі дзіцячы хоспіс працуе з дзеткамі і сем’ямі як у перыяд дагляду, так і пасля смерці дзяцей. Магілёўскі дзіцячы хоспіс ажыццяўляе сваю дзейнасць выключна на бескарыслівай аснове. Ва ўстанове працуюць лекар і медыцынскія сёстры, якія прайшлі стажыроўку па паліятыўнай медыцыне за мяжой і маюць адмысловую адукацыю. Дзіцячы хоспіс з'яўляецца грамадскай арганізацыяй і цалкам фінансуецца за кошт ахвяраванняў неабыякавых грамадзян.

Працягвае адзін з арганізатараў дабрачыннай сустрэчы, валанцёр Беларускага дому ў Варшаве Алена Родзіна:

Такая сустрэча праходзіць у нас ужо другі раз. Беларускі дом адкрыў адмысловы рахунак для Магілёўскага дзіцячага хоспіса. Кожны, хто хоча дапамагчы дзіцячаму хоспісу і жыве ў Польшчы, або ў іншай краіне ЕЗ, можа пералічыць на яго сваё ахвяраванне. Усе сабраныя грошы будуць перададзеныя Магілёўскаму дзіцячаму хоспісу. Кожны сабраны злоты будзе ўлічаны ў адпаведнай справаздачы.

Мы збіраем не толькі грошы. Калі ёсць магчымасць дапамагчы дзіцячымі цацкамі, вопраткай  калі ласка, прыносце гэтую дапамогу ў Беларускі дом у Варшаве. Уся дапамога будзе перададзеная дзіцячаму хоспісу.

Магілёўскі дзіцячы хоспіс заснаваны як хатні і асноўная дапамога малым пацыентам аказваецца менавіта дома. Пацыентаў хоспісу перадае Рэспубліканскі анка-гематалагічны цэнтр. Працягвае валанцёр-каардынатар магілёўскага дзіцячага хоспіса Алена Болдзіна:

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС сямейная пара ірландцаў узяла шэфства над анкалагічна хворымі дзецьмі. Паступова яны звярнулі сваю дзейнасць, але арганізацыя засталася.Справа ў тым, што ў Беларусі толькі два дзіцячыя хоспісы: Рэспубліканскі дзіцячы хоспіс пад Мінскам і наш магілёўскі.

Хоспіс, які мы прадстаўляем, бярэ пад апеку хворых дзетак і сем’і. Мы дапамагаем бацькам з апекай іх хворых дзетак.

Бацькі ў Беларусі вельмі ўдзячныя за такую дапамогу. Калі нешта падобнае здараецца ў сям’і – пад нагамі знікае глеба, гэта немагчыма перадаць словамі. І ў такой сітуацыі падтрымаць сям’ю ўсімі магчымымі сродкамі, гэта надзвычай важна!

«Магілёўскі дзіцячы хоспіс» адчувае вострую патрэбу ў любой матэрыяльнай ды грашовай дапамозе. Сродкі, неабходныя для набыцця медыцынскага абсталявання, сродкаў дагляду і гігіены, можна пералічыць на банкаўскі рахунак магілёўскага дзіцячага хоспіса, які вы знойдзе на сайце radyjo.net, а таксама на сайце ўстановы hospismogilev.org.


Паводле radyjo.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: