Магілёўскі ІЧУ: глабальны рамонт, насякомыя і асаблівыя ўмовы для «палітычных»

Прызначэнне ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых ці зняволеных пад варту (ІЧУ) складаецца ў змяшчэнні і ахове грамадзян, якія ўчынілі злачынствы і адміністрацыйныя правапарушэнні. Тут адбываюць пакаранне так званыя «сутачнікі». Што не так у ІЧУ ў Магілёве, распавядае mspring.online.



Гаворка ідзе пра комплекс будынкаў па адрасе вуліца Крупскай, 99. Калі быць дакладным, то ў доме з такой лічбай размешчаны зборны пункт абласнога ваенкамата. Домам №99а лічыцца магілёўская турма №4.
.
Для абазначэння ІЧУ часта выкарыстоўваюць адрас Крупскай, 99Б. У адрозненне ад Турмы №4, якую перадалі Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, ізалятар часовага ўтрымання падпарадкоўваецца магілёўскай абласной міліцыі – УУС Магілёўскага аблвыканкама.

З-за адрасу часам здараецца блытаніна. На афіцыйным сайце УУС пазначаны будынак па вуліцы Крупскай, 99, без указання літары, на што часам скардзяцца супрацоўнікі ваенкамата. Камісарыят і ІЧУ маюць агульны плот.
Вось так адміністрацыя сутачнай турмы выглядае з боку вайскоўцаў

Вось так адміністрацыя сутачнай турмы выглядае з боку вайскоўцаў


Свой пачатак ІЧУ бярэ 10 верасня 1963 году, калі загадам тагачаснага Міністэрства аховы грамадскага парадку БССР былі абвешчаныя штаты прыёмнікаў-размеркавальнікаў па абласцях (гэтую назву добра памятаюць цяперашнія пенсіянеры). На той момант штат магілёўскага падраздзялення складаў 7 чалавек: начальнік, пяць міліцыянтаў і фельчар.

У савецкі час у Магілёве існавала адразу чатыры міліцэйскія месца несвабоды, пазней аб’яднаных у ІЧУ. Акрамя прыёмніка-размеркавальніка, цалкам самастойна працавалі канвойнае аддзяленне міліцыі, спецпрыёмнік для ўтрымання адміністрацыйна-арыштаваных асоб, а таксама пры кожным РАУС былі камеры папярэдняга зняволення (КПЗ).

У жніўні 1990 года ў мэтах забеспячэння адзінаначалля і выключэння паралельна дзеючых структур быў выдадзены загад УУС Магаблвыканкама №112, якім быў зацверджаны штат аб’яднанага прыёмніка-размеркавальніка “для асобаў, затрыманых за бадзяжніцтва, жабрацтва, адміністрацыйна-арыштаваных, адміністрацыйна-затрыманых і зняволеных пад варту і ўзвода канвойнай службы“. Штат вырас да 56 чалавек.

Колькі чалавек цяпер працуе ў ІЧУ, сказаць цяжка. Такой статыстыкі няма. Няўзброеным вокам бачна толькі, што на кожным паверсе гэтага трохпавярховага будынка размешчаны па 13 камер. І гэта толькі на адным баку.
Прыкладна столькі ж іх і з унутранага боку тэрыторыі ІЧУ. За год праз гэты будынак праходзіць каля 6 тысяч чалавек. У сярэднім кожны месяц пакаранне тут адбываюць каля паўтысячы арыштантаў.

 Восенню 2016 года скончылася рэканструкцыя адміністрацыйнага будынка, тэрыторыі ІЧУ і камерных блокаў. Глабальны рамонт доўжыўся цэлых восем гадоў. Найбольш сімпатычна выглядае, вядома ж, адміністрацыйны корпус. Усе старыя вялікія вокны былі заменены на пластыкавыя са шклопакетамі, будынак атынкаваны і пафарбаваны. Унутры, кажуць, ён выглядае амаль як сучасная гасцініца, праўда, з кратамі на вокнах.

Што ж тычыцца камерных блокаў, то яны размешчаны перпендыкулярна будынку адміністрацыі. Звонку – голая цэгла, якая лёгка аддае цяпло. Замест стандартных вокнаў – маленькія, па памеры разы ў чатыры менш, чым у адміністрацыйным корпусе.


Нагадаем, Мінімальнымі стандартнымі правіламі абыходжання са зняволенымі, прынятымі Генасамблеяй ААН ў 1955 годзе (абноўлены 17 снежня 2015 году Рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі 70/175), да памяшканняў, дзе жывуць і працуюць зняволеныя, прад’яўляюцца ўніверсальныя правілы.

Правіла 14 абвяшчае: «a) вокны павінны мець дастатковыя памеры для таго, каб зняволеныя маглі чытаць і працаваць пры дзённым святле, і павінны быць сканструяваныя так, каб забяспечваць доступ свежага паветра, незалежна ад таго, ці існуе ці не штучная сістэма вентыляцыі; b ) штучнае асвятленне павінна быць дастатковым для таго, каб зняволеныя маглі чытаць або працаваць без небяспекі для зроку».

Магілёўскі часопіс пра правы чалавека MSPRING.ONLINE апытаў актывістаў, якія на сабе выпрабавалі «хараство» адрамантаванага ІЧУ. У сакавіку 2017 года па ўсіх беларускіх гарадах пракаціліся «Маршы недармаедаў». Шмат хто атрымаў за ўдзел два тыдні арышту.

Палітыкі са стажам адзначаюць, што бытавыя ўмовы ў магілёўскім ізалятары палепшыліся, у параўнанні з 90-мі гадамі. Але да адпаведнасці правілам ААН яшчэ пакуль далёка.

Вось што ўспамінае кіраўнік магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Уладзімір Шанцаў, які знаходзіўся ў ІЧУ з 14 па 29 сакавіка 2017 года:

«Сядзець прыйшлося ў камеры на трэцім паверсе. У акно глядзець было немагчыма, бо шкло было матавае, непразрыстае. Акрамя таго, гэта невялікае акенца размешчана занадта высока. Гледзячы на акно можна было толькі зразумець, ноч на вуліцы ці дзень».

 Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Алег Мяцеліца правёў у ІЧУ 12 сутак з 15 па 27 сакавіка 2017 года:

«Кругласутачна ў камеры гарэла святло. У акно паглядзець было нельга: быццам бы яно чымсьці нагадвала шклопакет, але было матавае. І, вядома, яно не адкрывалася».

Прыкладна такім жа было апавяданне лідара магілёўскіх сацыял-дэмакратаў Дзмітрыя Люнтова. Аднак ён не шмат звяртаў увагі на вокны, бо трапіў у камеру на 3-м паверсе, у якой было мноства крывасмактальных насякомых. Ноччу замест матраца і ложку ён аддаваў перавагу фанеры на другім ярусе ложка, каб пазбегнуць укусаў.



Адзіным, каму пашанцавала трапіць у больш-менш прыстойную камеру, апынуўся Ігар Чырак – звычайны ўдзельнік пратэсту без партыйнай прыналежнасці. У ІЧУ ён знаходзіўся з 15 да 30 сакавіка 2017 года:

«У адрозненне ад іншых камер, я бачыў у акно месцы і магазін, дзе я бываў, і стаянку каля музычнай школы. Камера на трэцім паверсе. Падаецца, нумар 7. І я ведаю, што ў іншых камерах вокны былі проста зафарбаваныя».

Верагодна, умовы ўтрымання сутачнікаў можна такім чынам вар’іраваць у залежнасці ад статусу тых, хто патрапіў пад арышт – пачаткоўцам больш прыстойныя ўмовы, а палітыкам і актывістам са стажам камеры больш жорсткія. Усё гэта патрабуе дадатковага вывучэння і рэакцыі праваабаронцаў.

Саша Мінько, фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!