Майсея Мазько змясцілі ў ІЧУ, у яго сына ідзе ператрус

Брэсцкі актывіст супраць будаўніцтва акумулятарнага завода Майсей Мазько, у машыне якога нібыта знайшлі патроны і выбухоўку, знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста. Супраць Мазько ўзбуджана крымінальная справа.

Маісей Мазько. Фота: Ірына Шаціла, b-g.by


«Майсей Мазько з адвакатам ноччу паехаў ў Следчы камітэт для таго, каб у яго ўзялі тлумачэнні. Пасля гэтага яго затрымалі ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Узбуджаная крымінальная справа меркавана на падставе часткі 2 артыкула 295 КК Рэспублікі Беларусь», — раніцай 3 красавіка паведаміў «БГ» праваабаронца Раман Кісляк.

Ён таксама дадаў, што сёння прыкладна ў 7.45 пачаўся ператрус у доме ў сына Мазько, Дзяніса, таксама актывіста кампаніі супраць завода АКБ.

Нагадаем, учора днём у машыне, за рулём якой ехаў актывіст Майсей Мазько, знайшлі патроны, брыкет неўстаноўленага рэчыва, а таксама прадмет, падобны па знешніх прыкметах на запал выбуховага прыстасавання. Актывісты лічаць, што гэта правакацыя.

Артыкул 295, частка 2. Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі (акрамя паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі), боепрыпасаў (акрамя боепрыпасаў да паляўнiчай агнястрэльнай гладкаствольнай зброi), выбуховых рэчываў, выбуховых прылад, або незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, перавозка, перасылка або нашэнне састаўных частак або кампанентаў агнястрэльнай зброі (акрамя састаўных частак і кампанентаў паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброi), або незаконныя выраб або збыт асноўных частак выбуховых прылад — караюцца папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Жыхар вёскі Тэльмы Брэсцкага раёна Майсей Мазько з'яўляецца ўдзельнікам ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам. Больш за год ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода, прыродаахоўных арганізацый і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.

Запуск акумулятарнага завода поўнага цыклу вытворчасці першапачаткова планаваўся ў жніўні 2018 года, потым у канцы года. Паводле апошніх дадзеных, першую партыю прадукцыі на акумулятарным заводзе планавалася выпусціць у сакавіку бягучага года. Паводле афіцыйнай інфармацыі, магутнасць прадпрыемства на пачатковым этапе складзе 1 млн акумулятараў у год, а пасля будзе павялічана ў два разы.

b-g.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: