«Мая карціна пранятая болем». Малюнак, які стаў адным з сімвалаў пратэсту ў Беларусі

«Калі стварала праект на графічным планшэце, я «выплюхнула» тое, што накіпела ў душы, нават не падазраючы, што ён стане настолькі прынятым і зразуметым людзьмі», — так у пачатку верасня пісала ў сацыяльных сетках гродзенская тату-майстарка Юлія Кульба.
Другі малюнак з трыпціху. Юлія яго назвала «Вецер пераменаў». Фота з архіву Юліі

Другі малюнак з трыпціху. Юлія яго назвала «Вецер пераменаў». Фота з архіву Юліі

Яе малюнак «Хатні гвалт» беларусы пачалі выкарыстоўваць на аватарках у сацсетках, на плакатах на акцыях у Беларусі і за мяжой. Юлія працягнула маляваць — і ўжо гатовая другая праца. Пра малюнкі, тату і краіну яна распавяла Hrodna.life.

«Хатні гвалт» — гэта першая частка трыпціху, прысвечанага падзеям у Беларусі ў 2020 годзе. Карціна спачатку была намаляваная на графічным планшэце, а потым Юлія выканала яе алейнымі фарбамі.

«Праект быў створаны яшчэ ў ліпені — гэта мой погляд на тое, што мы ўсе назіралі на працягу многіх гадоў і тое, што абвастрылася ў першай палове 2020. Стан народа, які падманулі, абмежавалі яго правы і заткнулі рот. Мая карціна пранятая болем, маім асабістым і болем многіх людзей. Я плакала, амаль кожны раз, калі сядала за мальбэрт. На карціне мая Беларусь — стомленая, згвалтаваная, вымушаная маўчаць, але яна не зламаная».

 

Неўзабаве пасля публікацыі малюнка ў сацсетках, Юлія зрабіла такую ж татуіроўку дзяўчыне з Ліды. «Задачай было рэалізаваць малюнак у тату, а не пладзіць як капірку ў мностве асобнікаў. Я не прыхільніца паўтараць працы. Лічу, што яны павінны быць унікальнымі».

 

Малюнак Юліі пачалі выкарыстоўваць на пратэстах у Беларусі. Многія ставілі яго на аватаркі ў сацыяльных сетках, рабілі прынты.

«Мне напісала велізарная колькасць людзей з просьбай выкарыстаць малюнак для друку на майках, шмат пісалі з іншых краін з просьбай выкарыстаць яго ў плакатах, на акцыях у падтрымку беларусаў. Я не супраць выкарыстання, вядома, без зменаў і пажадана са спасылкай на аўтара. Былі варыянты, калі малюнак выкарыстоўвалі са зменамі, тыпу замены сцяга на бел-чырвона-белы або замены твару тварам Ціханоўскай. Усё гэта змяняе сэнс і парушае аўтарскае права».

 

Татуіроўка, якую зрабіла Юлія паводле свайго малюнку «Хатні гвалт». Фота з архіва Юліі

У канцы лета Юлія прыступіла да другой часткі трыпціха. Яе яна назвала «Вецер пераменаў». На стварэнне карціны патрабавалася больш часу, чым на першую працу.

«Народ прачнуўся, выйшаў з забыцця і патрабуе „людзьмі звацца“. Ён гатовы сам вырашаць свой лёс. Вецер зрывае павязку з твару. Сёння мая Беларусь не ў роспачы, сёння яна смела і ўпэўнена глядзіць наперад… А што нас чакае наперадзе — залежыць ад кожнага з нас, ад нас залежыць і тое, якой яна будзе на апошняй частцы майго трыпціху, бо ўсе мы і ёсць народ, усе мы і ёсць Беларусь».

 

Трэці і апошні малюнак Юлія хацела б бачыць працятым сонечным святлом і шчасцем. Працу над ім яна яшчэ не пачынала.

«Сёння я абураная гвалтам, адчуваю недавер да інстытутаў улады і, як большасць людзей, чакаю пераменаў».

Руслан Кулевіч, hrodna.life

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: