Максім Знак: «Тэкст абвінавачання падобны да сцэнара галівудскага блакбастара»

«Следчыя, пракуроры, суддзі — яны ж таксама мы, беларусы. Для майго хуткага вызвалення дастаткова сумленна, адкрыта і публічна разгледзець маю так званую "справу" згодна з законам», — перакананы палітвязень Максім Знак.
Адвакат Максім Знак. Фота: Aliaksandr Semeniaka facebook.com/aisemeniaka

Адвакат Максім Знак. Фота: Aliaksandr Semeniaka facebook.com/aisemeniaka

Апазіцыянер і вядомы юрыст Максім Знак у інтэрв'ю з СІЗА ў Мінску распавёў пра абвінавачанні супраць сябе, вынікі галадоўкі і пра сюжэт рамана, які піша ў турме. Тэкст прыводзіць «Deutsche Welle».

Вядомы юрыст Максім Знак падчас прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі адказваў у камандзе экс-банкіра Віктара Бабарыкі за прававыя пытанні. Менавіта ён настойваў на няўхільным выкананні закону на ўсіх этапах выбарчай гонкі, а таксама ўвёў ва ўжытак тэрмін «прававы дэфолт». Пасля выбараў Знак стаў сябрам Прэзідыўма Каардынацыйнай рады апазіцыі, а 9 верасня 2020 года яго затрымалі і зараз абвінавачваюць у змове з мэтай захопу ўлады і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. Нядаўна стала вядома, што Следчы камітэт перадаў справу ў Генпракуратуру Беларусі для накіравання ў суд.

Напярэдадні пачатку судовага разбору на просьбу «Deutsche Welle» адвакат Дзмітрый Лаеўскі задаў Максіму Знаку пытанні для інтэрв'ю.

— Максім, як вы сябе адчуваеце? Як час утрымання пад вартай вас змяніў?

— Са здароўем у мяне, на шчасце, усё ў парадку. Пакуль мой арганізм не страціў сваёй каштоўнай уласцівасці не падводзіць мяне ў экстрэмальных сітуацыях, нават падчас 226-кіламетровай дыстанцыі ў трыятлоне ён заўсёды чакаў фінішу. Вось і цяпер, калі нешта пачынае турбаваць, у мяне атрымліваецца ўгаварыць зуб не ныць, а жывот — не бурчэць. Гэта ўдача, я лічу.

Утрыманне пад вартай мяне, вядома, змяніла фізічна. Нягледзячы на тое, што я 9 месяцаў не бачыў цемры, я цяпер зусім не загарэлы. Яшчэ ў мяне істотна менш магчымасцей для заняткаў спортам, ды і ў цэлым для руху, але я стараюся: вось ужо 3 месяцы кожны дзень стаю па 5–7 хвілін у планцы. Штодня «аддаю» па 10–30 разоў прэса за кожны атрыманы ліст, пры магчымасці — бег, хоць і на месцы, яшчэ адціскаюся і прысядаю на прагулцы.

— Падчас арышту вы абвясцілі галадоўку. Якіх вынікаў, па-вашаму, вы гэтым дамагліся?

— Адмоўныя вынікі часам таксама вельмі важныя, мы многае пацвердзілі з дапамогай дакументаў па прынцыпе «ад адваротнага». Вось і падчас галадоўкі я, па-першае, страціў пэўныя ілюзіі і пераканаўся ў тым, што нават высокія стаўкі нічога не мяняюць у падыходзе правапрымяняльнікаў, нават хутчэй наадварот. Па-другое, я даведаўся, што заўсёды, нават пры правамерных дзеяннях на асабістай тэрыторыі сістэма знаходзіць асіметрычныя адказы. Але пра гэта не зараз.

— Вас абвінавачваюць у змове з мэтай захопу ўлады і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання, хутка справу перададуць у суд. Як вы можаце пракаментаваць абвінавачанні супраць сябе?

— У юрыстаў прынята каментаваць абвінавачанне ў судзе на публічным адкрытым працэсе, каб любы незалежны назіральнік мог вынесці ўласнае меркаванне. На жаль, і гэта цяпер становіцца раскошай. Магу сказаць, што ў нейкім сэнсе мне пашанцавала, бо тэкст майго абвінавачання падобны да сцэнара галівудскага блакбастара, у якім дробнымі літарамі ў канцы пазначана: «Заснавана на рэальных падзеях».

І ўсё ж я не магу зразумець, як, ведаючы не толькі аб усіх публічных учынках, але і аб кожнай фразе, аб кожнай думцы тых, хто працаваў разам са мной тым летам, можна выкладаць усё з дакладнасцю да наадварот у дакуменце, які накіраваны на змяненне жыцця чалавека на перыяд да 12 гадоў. Шчыра кажучы, нягледзячы на ўсё, што адбываецца, гэта не ўкладваецца ў галаве.

Самае сумнае, што, зыходзячы з сэнсу абвінавачання, экстрэмістамі можна лічыць усіх паважаных беларусаў, якія ўвайшлі ў Каардынацыйную раду, каб хоць неяк дапамагчы ў пераходзе да канструктыўнага рашэння ў кантэксце жніўня 2020 года. А яшчэ больш сумна тое, што, абвінавачваючы нас у змове, якія выявіліся нібыта ў публічным ціску на ўладу, следства фактычна абвінавачвае кожнага, хто выказвае сваю нязгоду, у непасрэдным «выкананні» гэтай меркаванай «змовы».

— Вашай галоўнай ідэяй падчас выбарчай кампаніі было імкненне рабіць усё строга паводле закону. Вы па-ранейшаму лічыце, што гэта была правільная стратэгія?

— У гэтым сэнсе я непапраўны. Я да гэтага часу ўпэўнены ў правільнасці такой стратэгіі, хоць многія са мной будуць нязгодныя і прывядуць пераканаўчыя довады. Але я ведаю дакладна, што калі б стратэгія была іншая — заснаваная на незаконных дзеяннях — то мяне б дакладна не было ў штабе. І я ўпэўнены, што многіх маіх калег таксама.

Як вы думаеце, на сённяшні дзень беларускі рэжым можна перамагчы выключна легальнымі спосабамі?

— Беларусы могуць усё, але, на шчасце, пытанне пра змену рэжыму не стаіць (я пад «рэжымам» у дадзеным выпадку разумею канстытуцыйна-прававы лад дзяржавы).

Сітуацыя на самой справе дзіўная: у заканадаўстве — дэмакратычныя прынцыпы, афіцыйная прапаганда таксама аперуе ідэаламі законнасці, дэмакратыі і справядлівасці. Але пры гэтым відаць, што адным і тым жа дзеянням розныя бакі на падставе адных і тых жа дэкларуемых ідэалаў даюць абсалютна супрацьлеглыя ацэнкі. Гэта значыць, што хтосьці хлусіць — і замест абмеркавання ідэалаў трэба, нарэшце, перайсці да абмеркавання фактаў.

Змена рэжыму легальным спосабам — гэта рэферэндум. Але з лета 2020 года людзі дамагаліся не змены рэжыму, а прымянення наяўных норм права і выканання ўстаноўленых працэдур. Аднак нічога не змянілася, толькі дэ-юрэ і дэ-факта разышліся яшчэ далей. Зрэшты, бясконца так працягвацца не можа. Рэжым у Рэспубліцы Беларусь вызначаны ў Канстытуцыі — гэта дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Кожны сам можа адказаць, хто спрабуе змяніць гэты рэжым нелегальнымі спосабамі ў 2020–2021 гадах.

А самае галоўнае ў гэтай сітуацыі — перастаць хлусіць. Наша праблема не рэжым, а перш за ўсё паталагічная хлусня.

— Падчас выбарчай кампаніі, гаворачы пра сітуацыю з вяршэнствам права ў Беларусі, вы ўвялі ва ўжытак тэрмін «прававы дэфолт». Цяпер прававы дэфолт стаў яшчэ больш яўным. Як беларусам жыць у такіх умовах?

— Прававы дэфолт — гэта не асобныя парушэнні, а стан сістэмы ў цэлым. Нельга трошкі парушыць закон пры яго ўжыванні — заганныя практыкі будуць распаўзацца па розных сферах, таму што так зручней. Але, як паказвае гісторыя, урэшце рэшт кола змыкаецца і заганная практыка вяртаецца да тых, хто яе выкарыстаў.

Што тычыцца пытання «Як жыць?», то адказ на яго кожны чалавек шукае сам усё сваё жыццё, незалежна ад наяўнасці прававога дэфолту. Несправядлівасць — адно з выпрабаванняў, з якім трэба змагацца. Некаторыя, праўда, кажуць, што варта змірыцца. Але мне здаецца, гэта дрэнная стратэгія.

— Нягледзячы на арышт, вы працягваеце пісаць вершы і песні, якія потым выконваюць вашы калегі. Як у вас атрымліваецца ў засценках не губляць аптымізму і займацца творчасцю?

— Я лічу, што не губляць аптымізму — гэта найбольш выйгрышны варыянт у маёй сітуацыі. Не бачу ніякага сэнсу да астатніх праблем дадаваць яшчэ і перманентна дрэнны настрой. Калі ўсё ж непагасны аптымізм часам згасае, можна садзіцца і займацца творчасцю — гэта старажытны сродак для лекавання ўсіх смуткаў.

— Ваша жонка Надзея Знак у адным з інтэрв'ю сказала, што ў СІЗА вы пішаце раман. Пра што ён будзе?

— Так, накід таго, што я гучна назваў фантастычным раманам, ужо ёсць. Складаецца ён з трох «тамоў» — штодзённікаў — і называецца «Лэпсер». Ідэя такая: развіццё разумовага інтэрфейсу ў будучыні прывяло да магчымасці ўваходзіць у асаблівы стан лэпсу, дзе час для кожнага цячэ па-свойму. Для некаторых людзей з асаблівымі здольнасцямі — лэпсераў («эльфаў») — за 1 секунду ў лэпсе праходзіць да 2 у 21-й ступені секунд, і ў іх вельмі шмат вольнага часу.

Але раман, вядома, не пра тэхналогіі, а пра людзей. І, як усе раманы, — пра каханне. Паколькі доўгіх твораў я пісаць не ўмею, разам з «Лэпсерам» з'явіўся зборнік са 100 невялікіх сумна-вясёлых гісторый «Зэкамерон».

— Што цяпер беларусы могуць зрабіць, каб паскорыць ваша вызваленне?

— Ёсць вельмі просты і правільны спосаб: следчыя, пракуроры, суддзі — яны ж таксама мы, беларусы. Для майго хуткага вызвалення дастаткова сумленна, адкрыта і публічна разгледзець маю так званую «справу» згодна з законам. Вось і ўсё.

Пераклад НЧ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: