Максім Вінярскі спыніў сухую галадоўку

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі трымаў сухую галадоўку шэсць дзён, каб прымусіць супрацоўнікаў ЦІП на Акрэсціна вярнуць ягоныя асабістыя рэчы родным. 



Пра гэта паведаміла актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Юлія Сцяпанава.
 
 
«Калі іх афармлялі на Акрэсціна, дзяжурны сказаў, каб Максім уключыў свой мабільны тэлефон, каб праверыць яго на наяўнасць «антыдзяржаўных» малюнкаў. Калі Максім уключыў мабільны, яго вырвалі ў яго з рук і адмовіліся выключаць. Натуральна, супрацоўнікі ЦІП атрымалі доступ да ягоных кантактаў і да ягоных сацыяльных сетак. У выніку Максім абвясціў сухую галадоўку з патрабаваннем вярнуць ягоныя рэчы родным. Сёння родныя змаглі забраць рэчы з ЦІП і Максім галадоўку спыніў, — распавяла яна.  —  Ён адчувае сябе нармальна, будзе выходзіць з галадоўкі паступова».
 
 
Нагадаем, актывіст пачаў сухую галадоўку ў знак пратэсту супраць прысуду, вынесенага 23 студзеня судом Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя Вікторыя Шабуня пакарала актывіста адміністратыўным арыштам на 15 дзён за ўдзел ва ўвекавечанні памяці герояў «Нябеснай сотні» ля помніка Тарасу Шаўчэнку.
 
 
22 студзеня ўвечары блізу 15 чалавек запалілі свечкі і ўсклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку непадалёк ад амбасады Украіны. Быў разгорнуты вялікі партрэт загінулага ва Украіне беларуса Міхаіла Жызнеўскага. Усе ўдзельнікі былі затрыманыя АМАПам адразу пасля акцыі і дастаўлены ў Цэнтральны РУУС сталіцы. У дачыненні да некаторых удзельнікаў з боку праваахоўнікаў ужывалася фізічная сіла. На другі дзень пяці актывістам прысудзілі арышты, а Ніну Багінскую да грашовага штрафу.
 
 
Максім Вінярскі неаднаразова затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі падчас і напярэдадні афіцыйна дазволеных акцый дэмакратычнай грамадскасці, адбываў арышты. У красавіку 2014 ён таксама доўгі час трымаў сухую галадоўку.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!