Вінярскаму і Туровічу далі па 10 сутак за абарону Курапатаў

Абодвух актывістаў асудзілі сёння ў судзе Мінскага раёна.
Максіма Вінярскага затрымалі 3 ліпеня ў раёне бульвара Талбухіна перад акцыяй Мікалая Статкевіча. Судзілі ж яго за пікетаванне рэстарацыі «Поедим поедим» — паводле артыкулу 23.34 ч.3 («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паўторна на працягу года»). 

Абвінавачанне тычыцца падзеяў 23 чэрвеня каля рэстарана «Поедем поедим». Паводле яго, 23 чэрвеня Вінярскі з 15 да 18 гадзін прымаў актыўны ўдзел у пікетаванні, дэманстратыўна перашкаджаў праходу і праезду грамадзян. У абвінавачанні было зазначана, што пікетаванне адбывалася з мэтай выяўлення нязгоды з працай рэстарана.
Максім Вінярскі

Максім Вінярскі

Вінярскі віну не прызнаў. Паведаміў у паказаннях, што перашкаджаў праезду аўтатранспарта на тэрыторыю рэстарана.

«Гэта была акцыя наўпроставага дзеяння. Я супраць, каб называць гэта пікетаваннем», — заявіў Вінярскі.

Свае дзеянні ён патлумачыў тым, што лічыць недапушчальнай працу забаўляльнай установы побач з Курапатамі.

Сведкам выступіў міліцыянт з Бараўлянскага аддзела міліцыі. Ён паведаміў, што склаў рапарт на падставе апытання супрацоўніка рэстарана, які і выклікаў міліцыю, з Вінярскім не знаёмы, не бачыў яго на месцы здзяйснення магчымага правапарушэння, а ягоа прозвішча даведаўся ад заяўніка.

Пасяджэнне праводзіў суддзя Аляксей Крапачоў.
Аляксей Туровіч

Аляксей Туровіч

Аляксея Туровіча затрымалі 4 ліпеня. Працэс адбыўся па абвінавачанні па артыкуле 17.1 («Хуліганства») і 23.34 ч. 1 («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»). Абвінавачанне тычыцца падзеяў 6, 7 і 9 чэрвеня каля рэстарана «Поедем поедим».

У пратаколах гаворыцца, што Туровіч 7 чэрвеня ўступіў у бойку з грамадзянінам С. (супрацоўнікам рэстарана — РС.). 6 чэрвеня парушыў парадак правядзення пікетавання. 9 чэрвеня наўмысна перашкаджаў праходу наведнікаў і праезду транспарту на тэрыторыю рэстарана, патрабаваў закрыць рэстаран.

Туровіч віну не прызнаў. Засведчыў, што 7 чэрвеня супрацоўнік рэстарана напаў на людзей, якія абараняюць Курапаты, парваў буклеты з інфармацыяй, у тым ліку ўдарыў Туровіча. Праезду транспарту, паводле рэжысёра, ён перашкаджаў, але не замінаў людзям праходзіць пешкі.

У якасці доказаў у судзе былі прагледжаныя відэазапісы, аднак відэафіксацыі магчымай бойкі паміж Туровічам і супрацоўнікам рэстарана ў судзе не паказалі.

Аляксей Туровіч прызнаў, што прымаў удзел у пікетаванні, але лічыць, што дазвол на такія дзеянні не быў патрэбны. Ён прасіў суд яго апраўдаць яго і параіў суддзю Аляксею Крапачову паглядзець яго фільм «Жоўты пясочак».

Заяўнікамі ў справе Аляксея Туровіча і Максіма Вінярскага выступілі супрацоўнікі рэстарана

За пікетаванне рэстарацыі каля курапатаў на Туровіча было складзена 8 пратаколаў.

Паводле Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: