Маладафронтаўцаў будуць судзіць за фота і ўскладанне кветак на Дзень Волі

Актывісты «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, Максім Урбановіч і Віталь Трыгубаў атрымалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па артыкуле 23.34 КаАП за правядзенне «несанкцыянаванага пікету». Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале арганізацыі. 
Фота, зробленае актывістамі 25 сакавіка 2020 года

Фота, зробленае актывістамі 25 сакавіка 2020 года

Такім пікетам міліцыянты з РУУС Маскоўскага раёна Мінска палічылі ўскладанне кветак 25 сакавіка да будынка, дзе была абвешчана незалежнасць БНР, і фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам, зроблены тады ж.

Прычым Максіму Урбановічу ў віну ставіцца тое, што ён трымаў нават не сцяг, а шалік з гербам “Пагоня” і надпісам “Беларусь жыве вечна”. 

Пратакол Максіма Урбановіча, https://t.me/mf_mensk

Пратакол Максіма Урбановіча, https://t.me/mf_mensk

Калі будзе суд – пакуль невядома.

Гэта не першы выпадак, калі ўскладанне кветак расцэньваецца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. У кастрычніку мінулага года тых жа маладафронтаўцаў – Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава асудзілі на 40 базавых велічынь штрафу кожнаму за ўскладанне кветак да помніка Янкі Купалы. Пратакол тады таксама быў складзены на падставе фота, зробленага актывістамі каля помніка.

Яшчэ раней, у 2015 годзе, актывістаў асуджалі на адміністрацыйныя арышты па 10 і 15 сутак за ўскладанне кветак да помніка Тарасу Шаўчэнку ў Мінску.

Паводле spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: