Маладыя і багатыя хочуць стаць дэпутатамі

«Праваабаронцы за свабодныя выбары» склалі топ-5 мінскіх кандыдатаў, якія мелі самы вялікі даход за 2015 год і гатовыя развітацца са сваімі прыбытковымі пасадамі на бліжэйшыя чатыры гады дзеля крэсла дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Першае месца займае 26-гадовы дырэктар ТАА “Металоптзбыт” Максім Крупейчанка з агульнай сумай даходу у 5 315 690 531 беларускі рубель. Ва ўласнасці маладога чалавека 30% статутнага фонду фірмы, дзе працуе, два легкавыя аўтамабілі, а таксама гараж у Мінску. У інтэрв’ю TUT.by кандыдат па Свіслацкай акрузе №94 сказаў, што грошы зарабіў, падаткі сплачвае рэгулярна, паходзіць з простай сям’і, а дэпутатам хоча стаць, каб самарэалізавацца.

На другім месцы – яшчэ адзін міліярдэр, заснавальнік ТАА “Марлюша”, сябра Ліберальна-дэмакратычнай партыі 31-гадовы Уладзімір Сінігаеў. Агульны даход яго за 2015 год складае 1 190 526 373 рублі, а ва ўласнасці кватэра і памяшканне транспартнага прызначэння ў Мінску.

На трэцім радку рэйтынгу размясціўся аднагодка У. Сінігаева і яго канкурэнт па Каліноўскай акрузе №108 дырэктар ТАА “Мантаж Тэхніка” Сяргей Чэрачэнь. Яго даход склаў 827 902 300 рублёў, пры гэтым ён валоднае паловамі статутных фондаў ТАА “Мантаж Тэхніка” і ТАА “АграРэмМотарс”, а таксама 40% статутнага фонду ТАА “Могірус Электра”.

Яшчэ адзін малады чалавек займае чацвёртую пазіцыю – намеснік генеральнага дырэктара ТАА “Будаўніча-мантажнае ўпраўленне №215” Ігар Міхно, які ў свае 30 год мае даход у 735 923 200 рублёў. А таксама 50% статутнага фонда фірмы, дзе працуе, у сумеснай уласнасці – кватэру ў Мінскім раёне, дом у Докшыцкім раёне, зямельны ўчастак у Дзяржынскім раёне, два легкавыя аўтамабілі.

Пяцёрку самых багатых замыкае дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання з даходам у 583 601 104 рублі Дзмітрый Шаўцоў, які ў рэйтынгу самы старэйшы – 43 гады, а ва ўласнасці кандыдат мае толькі кватэру ў Мінску.

Варта адзначыць, што іншыя дзеючыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія вырашылі вылучыцца кандыдатамі і паспрабаваць зноў заняць дэпутацкае крэсла, маюць даволі высокія даходы за 2015 год за сваю працу ў парламенце – ад 278 887 677 рублёў, як Людміла Курбакова, да 339 096 300 рублёў, як Валерый Барадзеня.

Выбары ў ніжнюю палату Парламенту адбудуцца 11 верасня 2016 года.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць