Маладзечанка выйдзе на пікет у абарону правоў дачкі

Актывістка з Маладзечна Алеся Садоўская прайшла праз міліцэйскія катаванні, крымінальныя справы, змяшчэнне ў вар’ятню і адабранне дачкі. Нядаўна жанчыну зноў пакаралі хатняй «хіміяй». Але яна працягвае адстойваць свае правы і правы свайго дзіцяці і мае намер выйсці на пікет у іх абарону.
Алеся Садоўская. Фота Андрэя Міцкевіча

Алеся Садоўская. Фота Андрэя Міцкевіча

Гісторыя Алесі Садоўскай пачалася ў навагоднюю ноч 2013 года, калі яна адпачывала ў маладзечанскім клубе, заўважыла, што знік яе тэлефон, і выклікала міліцыю. Але замест пошукаў зніклай маёмасці міліцыянты прывезлі жанчыну ў РУУС і збілі — гэта было зафіксавана на камеру відэаназірання. Таксама Алесі Садоўскай пагражалі вар’ятняй і адабраннем дачкі.

Пасля спробы падаць скаргу ў Следчы камітэт на незаконныя дзеянні міліцыі супраць Алесі Садоўскай распачалі крымінальную справу. Калі яна прыйшла ў СК пазнаёміцца з матэрыяламі справы аб збіцці, яна сустрэла начальніка аддзела дэпартамента аховы Івана Косіка, які, па словах жанчыны, справакаваў яе на эмацыйныя дзеянні — яна замахнулася на яго сумачкай. У выніку Косік напісаў заяву і ў дачыненні да актывісткі завялі крымінальную справу. У яе рамках Алесі прызначылі прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў закрытым стацыянары і па рашэнні Маладзечанскага райвыканкама на год адабралі непаўнагадовую дачку Кацярыну.

Другую крымінальную справу на Алесю завялі пасля таго, як на яе напісала заяву начальнік аддзела адукацыі Іна Драпеза. Актывістка тады судзілася за тое, каб ёй аддалі дачку. Аднойчы жанчыне пазванілі і запрасілі прыйсці ў аддзел адукацыі, каб вырашыць гэтае пытанне. Калі Алеся прыйшла, Іна Драпеза стала здымаць яе на тэлефон. Садоўская папрасіла не здымаць, просьбу праігнаравалі, тады яна паспрабавала забраць у Драпезы тэлефон. Гэта расцанілі як гвалт.

17 чэрвеня 2016 года суддзя суда Маладзечанскага раёна Павел Жачко прызнаў жанчыну вінаватай у гвалце і пагрозе гвалтам у дачыненні да службовай асобы на падставе ч. 1 арт. 366 КК Рэспублікі Беларусь, і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады шэсць месяцаў.

— У той раз мне вынеслі два папярэджанні за тое, што я выконвала свае бацькоўскія абавязкі — хадзіла ў школу, купляла красоўкі дачцэ, — распавядае Алеся Садоўская. — Трэба разумець, што такое хатняя «хімія», калі ў выхадныя нікуды нельга выйсці, у буднія дні — не больш як на дзве гадзіны ва ўстаноўлены час. Я не магу выйсці пагуляць у парку з дзіцем, калі яна хоча, ці па нейкія лекі, калі яна хварэе, ці ў краму.

Гэты від пакарання для бацькоў, у якіх на ўтрыманні знаходзяцца дзеці, непрымальны, паколькі ён парушае правы дзіцяці, перакананая жанчына.

Адметна, што пазней пракуратура Мінскай вобласці прызнала факты парушэння правоў у дачыненні да чальцоў сям’і Алесі Садоўскай, паколькі дачка Алесі год, пакуль за яе ваявалі, незаконна ўтрымлівалася ў сацыяльных установах і прыёмных сем’ях.  

Але на гэтым прыгоды маладзечанкі не скончыліся. 15 ліпеня 2019 года яна прыйшла ў Маладзечанскі райвыканкам на сустрэчу са службовай асобай па асабістым пытанні. Як сцвярджае актывістка, у будынак РВК яна змагла трапіць бесперашкодна, канфлікт з супрацоўніцай аховы, прапаршчыкам Кандратовіч, адбыўся на другім паверсе будынка, калі Садоўская хацела ўвайсці ў малую залу. Па версіі следства, актывістка спрабавала «прарвацца» ў будынак, штурхала супрацоўніцу аховы, тузанула яе за палец і вывіхнула яго. Сама Садоўская сцвярджае, што яна прыйшла на прыём да чыноўніцы, і на яе накінулася супрацоўніца міліцыі, якая вывіхнула сабе палец і потым абвінаваціла Алесю ў гвалце.

У выніку на актывістку завялі крымінальную справу па арт.364 КК РБ (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). 11 снежня 2019 года суддзя Іна Каханоўская прысудзіла Алесі Садоўскай тры гады абмежавання волі ў выглядзе хатняй «хіміі» па месцы прапіскі. Адзін год быў скасаваны па амністыі, такім чынам, засталося два гады.

 У мяне ўжо два прысуды, якія мне вынеслі за тое, што я абараняю правы сваёй дачкі, — канстатуе актывістка.  

Цяпер Алеся Садоўская можа выходзіць з дому толькі з пісьмовага дазволу міліцэйскага начальства, інакш яе могуць змясціць на 15 сутак у ІЧУ. Супрацоўнікі міліцыі могуць у любы час прыйсці да яе з мэтай «праверкі».
 
Але Садоўскую гэта не спыняе: у абарону права дачкі на неабмежаваныя зносіны з маці яна абвясціла райвыканкаму аб правядзенні 15 красавіка 2020 года пікету ў Маладзечне на пешаходнай вуліцы Прытыцкага. Жанчына збіраецца пратэставаць супраць парушэння правоў дачкі на зносіны з маці і супрацьзаконных дзеянняў суда, Следчага камітэта, пракуратуры, аддзела міліцыі.

Алеся Садоўская лічыць, што віной усяму — беспакаранасць чыноўнікаў, якая вымушае абараняцца, а гэта вядзе да паўторных парушэнняў і новых прысудаў.

— Было прызнана, што маёй дачцэ нанеслі шкоду, але чыноўнікі нічога не робяць, хаця Міністэрства адукацыі ім загадала правесці каардынацыйны савет і перагледзець іх непрафесійныя дзеянні. Таму я прыходзіла ў выканкам, каб разабрацца з гэтым, а ў выніку бяздзеяння чыноўнікаў была вымушаная абараняцца і ўзнікла чарговая крымінальная справа.

Адвакат Алесі Садоўскай падаў на прысуд скаргу ў парадку нагляду.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: