Маладзён, які ў жніўні трапіў пад абстрэл, звярнуўся ў СК. Але ў выніку яму давялося ўцякаць самому

Мянчук Яўген моцна пацярпеў у ноч з 9 на 10 жніўня, трапіў у лякарню. 7 верасня за ім прыйшлі невядомыя, якія назваліся следчымі.
Фота: архіў героя

Фота: архіў героя


21-гадовы Яўген трапіў пад абстрэл і святлошумавыя гранаты на мосце на вуліцы Кальварыйскай.

«Пад нагамі пачалі выбухаць гранаты. АМАП і міліцыя крычалі, каб усе ляглі на падлогу. Я паспрабаваў пераскочыць праз плот. Калі пералазіў, адчуў, што мяне схапілі за плячо. Азірнуўся, а ззаду нікога. У той момант не зразумеў, што адбылося і пабег далей. Толькі калі ўдалося схавацца, то пабачыў, што з рукі цячэ кроў», – распавядаў хлопец пра тое, як у яго трапіла куля.

След ад кулі. Фота: архіў героя

След ад кулі. Фота: архіў героя


Яўген перавязаў руку падручнымі матэрыяламі і выклікаў хуткую дапамогу, якая адвезла хлопца ў вайсковы шпіталь. Там ён ляжаў у суседняй палаце з Анастасіяй Дудзінай, якой цяпер пагражае крымінальны артыкул за масавыя беспарадкі. Таксама як і да Яўгена, да Насты 7 верасня прыйшлі са Следчага камітэту. Яе забралі на Акрэсціна.

Яўген, пасля таго, як выйшаў са шпіталя, падаў заяву ў Следчы камітэт аб прыцягненні да адказнасці тых сілавікоў, з-за якіх ён пацярпеў у ноч з 9 на 10 жніўня. Чакаў вынікаў праверкі.

7 верасня, паводле маладзёна, да яго дамоў прыйшлі невядомыя людзі, якія прадставіліся следчымі.

«Мяне дома не было, адчыніла мама. Яны ёй сказалі, што са мной хочуць паразмаўляць, бо я нібыта кідаўся камянямі ў АМАП, – распавядае Яўген. – Мама ад разгубленасці сказала ім, дзе я магу быць. І яны пайшлі туды, сталі званіць у дзверы, на тэлефон. Адчыняць я не стаў. Па тэлефоне яны сказалі мне, што яны са Следчага камітэту і што проста хочуць са мной паразмаўляць. Я ім сказаў, што пісаў заяву ў Следчы камітэт, яны пра гэта не ведалі. Я тады сказаў, што аб 11-й прыйду да іх сам».

Яўген сам патэлефанаваў у Следчы камітэт, каб запытацца, як ідзе праверка па ягонай заяве. Супрацоўніца, з якой ён размаўляў, справу не знайшла, і сказала, што не ведае, дзе яна і на якім этапе.

«Ясна, што я нікуды не пайшоў. Яны зноў сталі мне тэлефанаваць. Я сказаў, што без афіцыйнай позвы я нікуды не пайду, – кажа далей Яўген. – Тады мне патэлефанавала нейкая дзяўчына са Следчага камітэту і паабяцала, што праз 20 хвілін у мяне будзе позва. І сапраўды, хутка позву прынеслі маме. Яна адмовілася браць яе, тады яны сказалі, што будуць там чакаць мяне. А мне адначасова зноў патэлефанавала тая дзяўчына і папрасіла, каб я прыйшоў дамоў за позвай, бо мая мама адмаўляецца яе браць».

Паводле Яўгена, супрацоўніца Следчага камітэту запэўнівала, што яго выклікаюць як сведку падзей 9 жніўня. Тое самае было ў позве – што мянчук праходзіць як сведка.

«Але я ведаю, што ўжо было з іншымі, каго запрашалі ў якасці сведкі, а потым закрывалі на Акрэсціна, – кажа Яўген. – Таму я вырашыў не правяраць, наколькі сумленныя і адкрытыя ў нас праваахоўныя органы. Я паехаў не за позвай да мамы, а ў бок Літвы».

Паводле Яўгена, на беларускім баку некаторы час яго не хацелі прапускаць. Падазрэнне выклікала адсутнасць візы, потым прычапіліся да фотаздымку ў пашпарце – нібыта непадобны. Але ўрэшце прапусцілі.

«На літоўскім баку я адразу сказаў памежніку, што мне патрэбная абарона, паказаў яму свой эпікрыз са шпіталя, распавёў усё, – кажа хлопец. – Памежнік мне даў паперу, каб я напісаў прашэнне, таксама я запоўніў анкету на візу. Там жа, на мяжы, далі візу на два тыдні».

Працягваць візу Яўген збіраецца адразу на месцы. Пакуль плануе застацца ў Літве.

«У Беларусь я, напэўна, вярнуся некалі. Але не цяпер, бо баюся, што, як толькі я ўеду ў краіну, мне нават да дому не дазволяць дабрацца, – зазначае малады чалавек. – Незразумела, чаго яны хочуць ад нас цяпер, і правяраць не хочацца. Да мяне даходзіла інфармацыя, што пачалі забіраць відэа са ўсіх лякарняў, куды паступалі пацярпелыя ад гранатаў і збіцця сілавікамі ў першыя дні. Незразумела, чаго цяпер чакаць».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: