Рабочаму амаль год не выдавалі кампенсацыю за шкоднасць

Зваршчык звольніўся з будаўнічага трэсту, так і не пабачыўшы прафілактычнага харчавання, якое яму належала паводле закону. Ці заступяцца за яго ўпаўнаважаныя структуры?

Фота fishki.net

Малако для чальцоў прафсаюза

Пра свой канфлікт з былым працадаўцам распавёў былы работнік ААТ «Будаўніча-мантажны трэст № 27». Увесь мінулы год зваршчык не атрымліваў кампенсацыю, што належала яму за шкоднасць. Згодна з дзейным заканадаўствам, рабочым са шкоднымі ўмовамі працы павінны выдавацца малако або малочныя прадукты. Гэта вызначана пастановай Савета Міністраў РБ ад 27.02.2002 №260 «Аб бясплатным забеспячэнні працаўнікоў малаком ці раўнацэннымі харчовымі прадуктамі пры працы са шкоднымі рэчывамі». Спецыяльнасць «зваршчык ручной зваркі» ўваходзіць у спіс прафесій, якія даюць права на атрыманне бясплатнага лячэбна-прафілактычнага харчавання. Як правіла, у мэтах папярэджання прафесійных захворванняў, зваршчыкам усталяваны рацыён №2, які прадугледжвае штодзённае ўжыванне малака.

Гэтыя ж нормы закладзеныя і ў калектыўную дамову, падпісаную наймальнікам і прафсаюзнай арганізацыяй трэста №27. Паводле дадатку да дамовы, электразваршчык ручной зваркі павінен атрымліваць 0,5 літра малака за працоўны дзень. Падаецца, дробязь, але ў наш час таксама нешта значыць.

Аднак ніякага прафілактычнага харчавання Аляксей і яго калегі ў апошні час не атрымлівалі. Рабочым казалі, што «ўсё будзе потым». За 10 апошніх месяцаў малака зваршчык так не ўбачыў.

У кастрычніку мінулага года я напісаў заяву аб звальненні. Цяпер шкадую толькі пра тое, што не пазначыў у ёй прычыну майго сыходу — невыкананне калектыўнага дагавора. Але кіраўніцтва мне заявіла, што не можа мяне звольніць адразу: маўляў, у арганізацыі няма грошай для разліку са мной. Я пагадзіўся на звальненне з месячнай адпрацоўкай. Адначасова я напісаў заяву аб грашовай кампенсацыі прафілактычнага харчавання, якое мне не выдавалі з пачатку 2019 года. Але мне сказалі, што грошы за малако выдаваць не належыць. Аднак у бухгалтэрыі паабяцалі, што складуць спісы, і да 1 студзеня гэтага года я атрымаю малако ў краме. Як гэта было ў 2018 годзе, — распавядае Аляксей.

Рабочы кажа, што паверыў гэтаму абяцанню і цярпліва чакаў. Потым усё ж звярнуўся ў інспекцыю па працы, дзе яму параілі яшчэ раз перагаварыць з былым начальствам. Але чарговы паход у трэст зноў нічога не даў. Тады Аляксей напісаў ужо афіцыйную заяву ў Гомельскае абласное ўпраўленне Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

На што можа разлічваць працоўны? Бо сапраўды, згодна з пунктам 2.2 вышэйзгаданай пастановы Саўміна, выдача малака за мінулы час або грашовая кампенсацыя — не ажыццяўляюцца.

Шкодная атэстацыя

Хто-небудзь скажа: «Ды навошта даросламу мужыку гэтае малако або кефір?» Але, паводле падлікаў Аляксея, працадаўца ў яго выпадку зэканоміў «на малочцы» да 100 рублёў. Толькі ў тым будаўнічым упраўленні, дзе ён працаваў, — 9 зваршчыкаў.

Ужо пасля звальнення начальнік СУ напісаў тлумачальную, чаму яго працоўным не выдавалі належную кампенсацыю. Паводле яго словаў, таму што час уздзеяння шкодных рэчываў складаў менш за палову змены. Але наш суразмоўца паказаў табель шкодных умоў працы. Насупраць прозвішча кожнага зваршчыка акуратна за кожны дзень выстаўлена па 7 гадзін працоўнага часу. Ёсць у работніка і табліца ацэнкі ўздзеяння вытворчага асяроддзя на яго працоўным месцы. Згодна з дакументам, на «зварнога» ляціць азон — 1-ы клас небяспекі, марганец — 2-і клас, аксід жалеза і дыяксід крэмнію — 3-ці клас, аксіды азоту і вугляроду — 4-ы клас. Па сукупнасці праца зваршчыка ацэньваецца па 3-м класе шкоднасці.

Аднак у Гомельскае абласное ўпраўленне Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, куды звярнуўся Аляксей, працадаўца падаў іншыя даныя. Згодна ўжо выпісцы з атэстацыі працоўнага месца газазваршчыка, яго кантакт са шкоднымі рэчывамі складаў менш за палову працоўнага часу — 21,9 працэнта. А значыць, у адпаведнасці з той жа пастановай Саўміна, малако яму даваць не трэба было.

Аднак жа на руках у працоўнага ёсць табель, дзе за ім запісана па 7 гадзін працы ў шкодных умовах. Атрымліваецца, што розныя дакументы, складзеныя на адным прадпрыемстве, супярэчаць адзін аднаму.

Сам Аляксей кажа наступнае:

— Я працаваў на будаўніцтве вахтавым метадам, па 11 гадзін у дзень. Вахта — 15 дзён. Практычна пастаянна зварваў панэлі, і гэта — каля 70 працэнтаў працоўнага часу. Мне ж запісалі мізер, дый той не захацелі кампенсаваць. Што тычыцца дадзеных, якія наймальнік падаў ва ўпраўленне па працы, то яны, верагодна, складзеныя за апошнія тры месяцы. Перад звальненнем я вымушаны быў шмат дзён браць за свой кошт. У цэлым жа спецыфіка маёй працы такая, што, як толькі мантажнікі паставілі панэль — я адразу зварваю злучальныя дэталі. Працаваць жа па дзве гадзіны ў змену я не магу. Дый дзіўнай бы выглядала арганізацыя працы пры такім пастаянным выкарыстанні працоўнага часу электразваршчыка.

Пры гэтым норма аб кампенсацыі шкоднасці малочнымі прадуктамі закладзеная яшчэ і ў калектыўным дагаворы. Працоўны падаў заяву і ў свой галіновы прафсаюз. Галоўны прававы інспектар працы Гомельскага абласнога прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў Надзея Шумак патлумачыла НЧ:

— Гэты зварот зарэгістраваны, і цяпер ім займаецца галоўны тэхнічны інспектар нашага прафсаюза. Менавіта да яго кампетэнцыі належаць пытанні спецхарчавання. Калі правы працоўнага парушаныя, будзе зроблена прадстаўленне кіраўніцтву або пададзены пазоў у суд. Але неабходны дбайны разгляд. Мы цалкам на баку работнікаў, але ўсё павінна быць пацверджана дакументальна і ў рамках закона.

Яшчэ ў «афіцыйным» прафсаюзе сказалі, што ўсе скаргі па працоўных спрэчках неабходна падаваць у трохмесячны тэрмін. Калі прайшло больш часу, то абскарджваць неправамоцныя рашэнні больш складана.

У сваёй заяве ва ўпраўленне па працы будаўнік паказвае, што іншым зваршчыкам з 1 студзеня таксама не выдавалі лячэбна-прафілактычнае харчаванне. І просіць арганізаваць кампенсацыю таксама і сваім таварышам па працы.

— Чаму раней, у 2018 годзе, усе зваршчыкі атрымлівалі малако? А цяпер — не? Умовы і працягласць нашай працы не змяніліся. Няўжо зварка стала менш шкоднай? Ці хто-не­будзь хоча зэканоміць на нашым здароўі? — пытаецца Аляксей. — Магчыма, кагосьці за гэта і пакараюць. Але гэта — не галоўнае. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра прынцыпы. Нават калі мне не кампенсуюць шкодныя ўмовы працы, я перш за ўсё хачу, каб іншыя рабочыя ведалі свае правы. І не трапляліся на вуду нядобрасумленных наймальнікаў.

Старшыня незалежнага Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандр Бухвостаў так пракаментаваў сітуацыю:

Вядома, працоўныя павінны патрабаваць выдачы належнага ім спецхарчавання ва ўстаноўленыя тэрміны, як гэта прадугледжана заканадаўствам і калектыўнай дамовай. Але калі малако не было выдадзена своечасова, то ў выпадку Аляксея трэба было заяўляць пра гэта пры сыходзе з працы. І патрабаваць звальнення не па пагадненні бакоў, а з прычыны невыканання працадаўцам умоваў калектыўнай дамовы. У гэтым выпадку работніку абавязаныя выплаціць матэрыяльную кампенсацыю. Цяпер жа вырашаць гэтую сітуацыю можна толькі праз суд. На жаль, паколькі Аляксей не з’яўляецца чальцом нашага прафсаюза, то выступіць яго афіцыйнымі прадстаўнікамі падчас судовага разбору мы не можам. Але юрыдычны аддзел СПМ гатовы аказаць яму кансультацыі.

У ліпені 2019 года, як паведамляе партал «Дзелавы Гомель», ААТ «Будаўніча-мантажны трэст №27» звярнуўся ў суд аб прызнанні сябе банкрутам. Аднак падобнага роду сітуацыя не здымае з працадаўцы адказнасці перад сваімі работнікамі.

Пры зварачных працах утвараецца аэразоль з таксічных газаў, розных вокіслаў і пылу металаў, у тым луку жалеза. Усё гэта трапляе ў лёгкія рабочага. І можа прывесці да такіх прафесійных захворванняў, як пылавы бранхіт, бранхіяльная астма, пнеўмаканіёзы і розныя сілікозы, нейратаксікоз, экзэма лёгкіх і іншыя. Хранічнае атручванне марганцом здольнае выклікаць шэраг цяжкіх ускладненняў, аж да хваробы Паркінсона. Дадатковае лячэбнае харчаванне, як і рэгулярнае аздараўленне ў санаторыях і на курортах, лічыцца найважнейшым сродкам прадухілення такіх цяжкіх наступстваў.

Фота maiso.ru

P.S. Ужо калі артыкул быў гатовы, з Гомельскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў прыйшоў адказ. У ім фактычна прызнаюцца парушэнні з боку працадаўцы, і сказана, што прафсаюзам «прымаюцца меры па ўрэгуляванні дадзенага пытання», а таксама па прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці вінаватых службовых асоб.

Але, як паведаміў Аляксей, на бягучы момант зваршчыкі ніякай кампенсацыі за шкоднасць так і не атрымалі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: