Нарадзілася спадчынніца Якуба Коласа і Янкі Маўра. Віншуем!

Увечары 7 сакавіка ў Васіліны Міцкевіч, праўнучкі Якуба Коласа і Янкі Маўра, нарадзілася дачка.
Васіліна Міцкевіч з дачкой Юліяй

Васіліна Міцкевіч з дачкой Юліяй

Назвалі спадчынніцу беларускіх класікаў Наталляй, у гонар бабулі Васіліны — Наталлі, малодшай дачкі Янкі Маўра. Прозвішча немаўляці, згодна з традыцыяй у сям'і — Міцкевіч, у гонар прадзеда Якуба Коласа (Канстанціна Міцкевіча).

Пра нараджэнне дачкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла маладая шчаслівая маці, Васіліна Міцкевіч, галоўная захавальніца фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, кандыдат сацыялагічных навук.
Бабуля Васіліны Міцкевіч, Наталля, у гонар якой назвалі дачку

Бабуля Васіліны Міцкевіч, Наталля, у гонар якой назвалі дачку



Як вядома, яе прадзеды, вядомыя класікі беларускай літаратуры, Якуб Колас і Янка Маўр, былі ў сваяцтве. Малодшы сын Якуба Коласа, Міхась, ажаніўся з малодшай дачкой Янкі Маўра, Наталляй — так і парадніліся дзве сям’і пісьменнікаў.

Міхась Міцкевіч — доктар тэхнічных навук, працаваў у Акадэміі навук, навуковы кансультант музея Якуба Коласа. Менавіта яму ў свой час Колас прысвяціў сваю кнігу «Мiхасёвы прыгоды». Дачка Янкі Маўра, Наталля, у гонар якой і назвалі дзяўчынку — кандыдат тэхнічных навук. Іх дачка, Марыя Міцкевіч, маці Васіліны — выкладчык вышэйшай матэматыкі ў Інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва. Згодна традыцыі, усім дзяўчынкам у сям’і, спадчынніцам Якуба Коласа, надаецца прозвішча іх славутага продка — Міцкевіч.

Васіліна Міцкевіч з мужам Яўгенам і дачкой Юліяй

Васіліна Міцкевіч з мужам Яўгенам і дачкой Юліяй

Сям’я Васіліны Міцкевіч жыве па суседстве з домам, дзе жыў яе славуты прадзед, і ў якім цяпер размешчаны музей Якуба Коласа. У дзяцінстве Васіліна разам з братам-блізнюком вучыліся ў беларускамоўнай школе, потым перавяліся ў беларускамоўную гімназію. Пасля заканчэння вучобы паступіла ў БДУ на факультэт філасофіі і сацыяльных навук, абараніла дысертацыю па сацыялогіі, выкладала ў БДУ. Цяпер працуе ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у аддзеле фондаў.

Дома з бабуляй, дзядуляй і маці размаўляюць па-беларуску.

Ад шлюбу з Яўгенам Стэльтахам маюць трохгадовую дачку Юлію. Наталля — іх другая дачка.

Пажадаем маленькай спадчынніцы класікаў здароўя, шчаслівага жыцця, і няхай сваім бацькам яна нясе толькі радасць.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: