«Мама, я экстрэміст?»

Трагедыя ў Стоўбцах адбылася два месяцы таму. Але яе наступствы школьнікі і гімназісты ў розных гарадах Беларусі адчуваюць на сябе і цяпер.
Ілюстрацыйнае фота, аўтар Thomas Vanhaecht, Pixabay

Ілюстрацыйнае фота, аўтар Thomas Vanhaecht, Pixabay


Здарэнне 11 лютага ў сярэдняй школе №2 у Стоўбцах ускалыхнула ўсю краіну. Нагадаем, падлетак уварваўся на ўрок з нажом, напаў на настаўніцу і вучняў. У выніку жанчына і адзін хлопец загінулі, яшчэ двое апынуліся ў лякарні з нажавымі раненнямі. Нападніку прад'яўлена абвіначванне па двум артыкулам: забойства дзвюх асоб з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў (ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь); замах на забойства дзвюх асоб з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў (ч. 1 арт. 14 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

На трагедыю дзяржава адрэагавала звычайным для яе спосабам: забаронамі і ўзмацненнем кантролю. У школах прапанавалі забараніць карыстанне мабільнікамі  і распаўсюдзілі інструкцыі, як выяўляць непаўналетніх «экстрэмістаў», прынамсі, ва што яны могуць апранацца і якую музыку слухаць.

Мы паглядзелі, як гэты комплекс захадаў па забеспячэнні бяспекі ў школах выглядае з боку вучняў.

Ірына (імя зменена) распавяла, што апошнім часам, каб трапіць «на аловак» да адміністрацыі каледжа, дастаткова быць інтравертнай асобай і мець хоць якія складанасці пры камунікацыі ці адсутнасць жадання ўвогуле камунікаваць з аднакласнікамі. Настаўнікі шмат распавядаюць пра трагедыю ў Стоўбцах і выклікаюць на асабістыя размовы тых, хто падыходзіць пад крытэрыі «экстрэміста».

Новыя падыходы адлюстраваліся не толькі ў размовах сам-насам. Адміністрацыя забараніла прыносіць канцылярскія нажы, хаця раней наконт іх не было ніякіх пытанняў, вучні вымушаны знаходзіцца ў кабінетах увесь вучэбны час, нават калі адсутнічае настаўнік. Адно з самых дзіўных новаўвядзенняў — гэта парады вучням пільнаваць адзін аднаго, сачыць, ці не з’явяцца нейкія адхіленні ў паводзінах, і аператыўна паведамляць пра іх сацыяльным педагогам ці настаўнікам.

Тыя, каго залічылі ў «экстрэмісты», маюць дадатковую ўвагу як з боку адміністрацыі, так і аднакласнікаў. Гэта і размовы сам-насам з настаўнікамі і сацыяльнымі педагогамі, неабходнасць праходзіць псіхалагічныя тэсты, даваць пісьмовую справаздачу кожнаму пропуску заняткаў, а таксама штодзённы маральны ціск падчас знаходжання ў навучальнай установе.

Сама Ірына лічыць, што падвышэнне кантролю і новыя абмежаванні толькі ўзмацняюць атмасферу прыгнёту і могуць спарадзіць сапраўдныя праблемы ў вучняў, ці абвастрыць тыя, якія ўжо маюцца. Дзяўчына лічыць, што такія пытанні можна было б вырашыць памяншэннем вертыкальнасці ў стасунках настаўнік-вучань, паспрабаваць наладжваць гарызантальнае ўзаемадзеянне паміж усімі ў навучальнай установе і проста размаўляць і дамаўляцца.

Падобнага ж меркавання прытрымліваецца і студэнт аднаго з мінскіх каледжаў, Арцём (імя зменена).
Ён асабіста сутыкнуўся ўжо не проста з размовамі і забаронамі, а з перспектывай пастаноўкі на ўлік у камісіі па справах непаўнагадовых па ініцыятыве адміністрацыі.

Увагу кіраўніцтва каледжу прыцягнуў знешні выгляд юнака. Арцём абраў для сябе своеасабливы стыль: высокія боты, падцяжкі, кароткая куртка і кашулі ў клетку. Да таго ж ён ніколі не хаваў сваіх антыфашыстоўскіх поглядаў.

Дагэтуль у яго ніколі не ўзнікала праблемаў на вучобе з-за знешняга выгляду ці жыццёвай пазіцыі. Але пасля здарэння ў Стоўбцах усё змянілася. У інтэрнэце хлопец даведаўся пра спецыяльныя метадычкі ў школах, у якіх гаворыцца, што да вучняў з некаторых субкультураў, якія апранаюцца пэўным чынам, павінна быць асаблівая ўвага.

Спачатку Арцём успрыняў гэта як чуткі ці жарт, пакуль адміністрацыя ўстановы не пачала выклікаць яго на размовы і пытацца, чаму ён так апранаецца, якіх поглядаў прытрымліваецца. Ці не з’яўляецца ён прыхільнікам неанацызму і г.д. Такая пільная ўвага разгубіла хлопца, ён не зразумеў, чаму яму трэба апраўдвацца за тое, што ён прыкашвае джынсы.

Адміністрацыя знайшла старонку Арцёма ў УКантакце і стала цікавіцца, чаму ў яго ў сябрах ёсць людзі з бел-чырвона-белым сцягам на аватарцы, ці людзі, якія не хаваюць сваіх палітычных поглядаў, у тым ліку антыфашыстоўскіх. Арцёма пачалі накіроўваць на розныя мерапрыемствы і працы, не звязаныя з навучальным працэсам, хадзіць на якія ён адмаўляўся. Пасля некалькіх адмоваў яго паставілі на ўлік. Тут давялося ўмяшацца бацькам і нават адвакату, толькі тады адміністрацыя прызнала неправамоцнасць усіх захадаў да абмежавання і кантролю студэнта.

Трагедыя ў Стоўбцах ёсць трывожным сігналам як усяму грамадству, так і кожнаму з нас. Але ці варта аддаваць вырашэнне такога важнага пытання, як бяспека і маральнае здароўе нашых дзяцей, на водкуп людзей, якія кожную праблему ў грамадстве спрабуюць вырашыць праз забароны і абмежаванні? І ці не стануць гэтыя захады шырмай для палявання на тых, хто выбіваецца з натоўпу паслухмяных?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!