Гэты артыкул — частка спецпраекту «Падзеленыя кратамі»

Мама палітзняволенай студэнткі Асі Булыбенка: Гэтыя дзеці — і ёсць будучыня

«Я ўпершыню ўбачыла, як падае зорка, зразумела, якое ў мяне любімае дрэва і дазволіла сабе жыць», — гаворыць Аксана Агурчыкава, мама палітзняволенай Анастасіі Булыбенка, якую асудзілі на 2,5 гады калоніі па «справе студэнтаў». Напярэдадні народзінаў дачкі Аксана шчыра распавяла, які шлях ёй давялося прайсці, каб прыняць сітуацыю, і як з-за кратаў Ася мяняе яе жыццё.

Аксана Агурчыкава — танклявая маладая жанчына, якую саму можна прыняць за студэнтку. Зручнае адзенне, стылёвая стрыжка (вынік стрэсу — раней у Аксаны былі даўгія валасы), сабранасць і імклівасць у рухах — за апошнія 10 месяцаў, што Насця за кратамі, яна прывыкла хутка рэагаваць на незнаёмыя сітуацыі. Цвёрдасць у абліччы, якая, зрэшты, раз-пораз змяняецца ўсмешкай. І неверагодная ўнутраная моц, якую літаральна адчуваеш фізічна.

Усе астатнія аўтарскія адступленні залішнія, таму публікуем шчыры маналог маці палітзняволенай.

«Факт, што будзе калонія за спевы і сядзенне на прыступках, я не магла ўспрыняць»

— Яна перахварэла за два тыдні да прысуда. Тэст на кавід там не бралі, але ёй было вельмі кепска і яна вельмі страціла ў вазе. Візуальна пры росце 175 яна выглядае на 45 кг. Піша, што вельмі стараецца набраць вагу. Раней яна казала «Я выйду з горда ўзнятай галавой», а цяпер піша «Я выкачуся з горда ўзнятай галавой».
Ніякіх слёз, расчараванняў, сумненняў няма і блізка. Усё роўна, узважана. Я заўважыла, што яна пасталела, стала больш сабранай. Яна стала цэльнай, але пры гэтым не трывожнай.

Першыя два месяцы ў нас было адчуванне, што ўсё скончыцца, што іх (рабят, якія праходзілі па «справе студэнтаў» — НЧ) напалохалі і адпусцяць. Але калі ў студзені нам дадалі яшчэ два месяцы — нябёсы ўпалі на плечы. Мы зразумелі, што яны не выйдуць. Далейшыя «прадлёнкі» ўспрымаліся ўжо лягчэй, бо мы разумелі, што сітуацыя так склалася.


Мы спадзяваліся, што будзе хатняя «хімія». Бо не было гвалту, не было задумы. Факт, што гэта будзе калонія за спевы і сядзенне на прыступках, я не магла ўспрыняць. Калі суддзя агучыла прысуд, я скурай адчувала, што вакол мяне — стрыманае гора і рыданні, а я вачыма хлопаю і не магу зразумець, гляджу на яе, вачыма ёй усміхаюся. А потым пішу маме Ягора Канецкага, якая сядзела побач: «1,5 гады далі?» А яна закрэслівае і піша: «2,5». Я кажу: «Каму далі?». Яна кажа: «Дзецям. Усім. Аднолькава». Акрамя Глеба Фіцнера. Пры тым, што дзеці нават не былі знаёмыя адзін з адным, незалежна ад доказнай базы, ад адвакатаў — яны ўсе былі розныя.

Гэта быў апошні раз, калі Насця плакала. Я трымалася, у мяне маска была, і я, каб туш не пацякла, прамакнула вочы. Потым яна сказала мне на спатканні: «Калі я ўбачыла бакавым зрокам, што ты плачаш, я больш не магла на цябе глядзець». Яна глядзела проста перад сабой.

А калі нас усіх папрасілі пакінуць залу, гэта была крайняя кропка кіпення. Там быў шкляны куб з адтулінамі, і яна стала проста крычаць у гэтую дзірку «Мама, я цябе люблю». І адвакат сказаў, што не пазнаў яе голас. Яна крычала нутром, як параненая жывёла. Азірнуліся ўсе. Гэта быў самы страшны момант.

У мяне была вялікая колькасць медыкаментаў, супакаяльных. Я была крыху затарможаная. Са мной працуе псіхолаг, яна сказала, што ў мяне не прыйшоў момант гора, нейкай страты. Гэтыя 2,5 гады, якія прысудзілі, у мяне чамусьці пералічыліся на колькасць новых гадоў, якія я буду сустракаць без яе. Бо для мяне гэтая зіма была самая цяжкая — мы ніколі не расставаліся. І чамусьці мне падалося, што яшчэ два новых года яе не будзе (хаця насамрэч — адзін). І я не ставіла ялінку, хаця Насця вельмі мяне прасіла, бо гэта яе любімае свята, любімая пара года. Але гэта ў мяне не змясцілася, я закрылася. У мяне не было зломленасці, як у іншых бацькоў, у мяне не было разумення гора. Калі мне тэлефанавалі і казалі «Як ты? Трымайся!», мяне гэта хутчэй раздражняла. У мяне ўсё ў парадку. У мяне ўсё добра. Я не плакала, у мяне праца закруцілася. І мне псіхолаг кажа, што гэта няправільна, што яно выйдзе ў самы неспрыяльны момант.

«Мама, мы турму ўнутр сябе не пускаем»

З 16 ліпеня да 8 жніўня, калі яе перавялі ў Гомель, я знаходзілася нібы ў аэратрубе. Потым 5 жніўня, у чацвер, мы даведаліся, што хлопчыкаў перавялі, Іллю (Трахтэнберга. — НЧ) і Глеба. Стала зразумела, што дзяцей вывозяць. Але Насця яшчэ была на месцы. І ў мяне ўключыўся рэжым успрыняцця і разумення. Я перастала спаць, у мяне з'явілася нейкая інтуіцыя. І ў панядзелак я разумела, што яе ў гэтым горадзе ўжо няма. Мне пазванілі і сказалі, што яе, Вольгу Філатчанкаву і Яну Арабейка вывезлі ў Гомель.

Пачалася паніка. Гэта іншы горад. Інфармацыі няма, ты пачынаеш дадумваць, і гэта яшчэ больш распаляе. Але ў аўторак пачалі вырашацца пытанні, а ў сераду, 11 жніўня, я ўжо была ў Гомелі.

Я не выязджала з Мінска з мінулага жніўня. Бо я павінна была быць тут, каб хутка адрэагаваць на ліст, паведамленне, аднесці перадачу на Валадарскага, хоць плітку шакаладу, калі я адчуваю, што ёй сумна. А тут я выйшла на перон, бачу гасцініцу, разумею, што гэта зусім іншы горад. Там усё па-іншаму. І эмацыйна гэта вельмі забівала. Для мяне было выдыхам, што я з ёй на адной зямлі.


Я прыязджаю ў Гомель раз на тыдзень. Цяпер Насця чакае сераду, яна ведае, што ў 10.30 я выходжу на перон, у 11 я стаю каля яе. І, калі ў яе супадаюць прагулкі, яна глядзіць на гадзіннік — вось гэты момант, мама побач, і яна акрыляецца. І ў мяне таксама свята, калі я еду ў Гомель. Я люблю гэты горад проста фактам таго, што там знаходзіцца Насця.

Этап быў цяжкі. Я не ведаю падрабязнасцяў, Насця сказала, што яна не будзе пра гэта пісаць: перажылі — і добра. Яна заўжды азіралася на тых, хто застаўся на Валадарскага. У іх у камеры — яны называюць гэта «пакой» — не было мата, не было жаргона. Яна жартавала, што гэта не турма, а нейкі пансіён высакародных дзяўчат. Пісала: «Мама, мы турму ўнутр сябе не пускаем». На Валадарскага можна было замовіць тры-чатыры кнігі два разы на месяц. У Гомелі толькі адну кнігу ў рукі даюць, і не факт, што тую, якую ты папросіш. А яна іх праглынала. Тут усё іншае, але яна справілася.

У яе забралі фламастары, і яна месяц не малявала. А яна ж гэтым ратавалася! Хлопчык, з якім яна пазнаёмілася ў перапісцы, даслаў ёй шмат мастацкіх прыладаў — альбомы, алоўкі… Даведаўшыся, што ў яе забралі фламастары, ён даслаў ёй акварэльныя алоўкі. Яна іх паспрабавала і сказала, што пасябруе з імі. Яна вельмі радая.

Дзяўчынка ў камеры выкладае англійскую. Няма тэлевізара, але ёсць радыё. Яна пісала, што, калі першы раз пачула музыку, у яе спявала душа. Цяпер у перапісцы са мной і многімі сябрамі з’явілася новая катэгорыя «Плэйліст СІЗА»: яна піша, якія песні яна чула, калі не можа ўзгадаць, просіць даслаць ёй словы.

«Я навучылася ўспрымаць яе дарослай»

Мы з Насцяй жывем удваіх. Яна вельмі пяшчотная. Яна заўжды ведала, што вялікія сур’ёзныя пытанні і маленькія несур’ёзныя вырашацца званком маме. Так было заўжды, яна адчувала сябе пад абаронай. Мы з псіхолагам пасля гэтае пытанне прапрацоўвалі, гэта тое, што не давала мне першыя месяцы тры ўстаць на ногі. Бо я недагледзела, мяне не было дома, калі да яе прыйшлі, я не змагла абараніць яе. Я ўяўляла, як яна напалохалася, што яна перажывала пры гэтым ціску, праз што яна прайшла. Мы з псіхолагам прапрацоўвалі факт прыняцця яе даросласці. Яна не слепа пайшла, яна прыняла адказнасць за свой учынак. Гэта ўчынак дарослага чалавека. Сэрца баліць як у маці, але гэта і выклікае павагу ў адносінах да яе. Не трэба дакараць сябе за тое, што яна прыняла рашэнне. Яна — дарослы чалавек. І я навучылася ўспрымаць яе дарослай. І прыйшло разуменне гэтага ўнутранага стрыжня. Яна не праяўляла яго так ярка ў жыцці, бо не было спрыяльнай сітуацыі. У гэтым не было неабходнасці. І, магчыма, ёй не хапала нейкай канчатковай загартоўкі. І вось яна зрабіла гэты апошні крок, яе вырвалі з дому і ад мамы, і яна сутыкнулася з непрыхаванай праўдай, якую ўжо ніяк не замаўчыш.


Сітуацыю, якая адбываецца ўжо больш за год, я называю лакмусавай паперкай у многіх адносінах. Нам яна адкрыла нас: дачку — для мяне, мяне — для дачкі. Яна адтуль заўжды старалася мяне неяк прыкрыць, падтрымаць. А я тут спрабавала асэнсаваць, што адбываецца. Мы сталі нашмат мацнейшымі. Прычым не азлоблена моцнымі, не халоднай сталлю, а, я б сказала, гранітам.

«Насця выйшла з Акрэсціна, а ты засталася»

Гэтыя 10 месяцаў праходзяць паэтапна. Першы быў этап гаравання. Было аграмаднае гора ўнутры ад недахопу тактыльнасці, фізічнага і візуальнага адчування. Мне трэба было яе бачыць, каб зразумець, як яна сябе адчувае, які ў яе настрой. Засталася вялізная пустэча, прычым на паўслове. Калі яе забіралі, яна нават ложак засцяліла. Застаўся кубак недапітай гарбаты. Пакуль праходзіў вобшук, ёй сказалі папіць гарбаты, бо невядома, калі яна наступны раз будзе есці і піць гарбату. Калі я зайшла і ўбачыла, што дома быў ператрус, я проста бяздумна хадзіла 4-5 гадзін. Я бачыла, што адбывалася, я разумела, хто і куды яе забраў, але дзе яе шукаць? Я выклікала міліцыю, сказала, што ў мяне скралі дзіця. Да гэтага Насця ўжо была на сутках, і я праходзіла працэдуру пошуку яе цягам чатырох дзён па розных гарадах. Тут я не разумела, куды званіць. Міліцыя сказала, што гэта не бандыты, а КДБ, і што мне патэлефануюць. І мне патэлефанавалі, паведамілі, хто быў, у які час, сказалі, што мне ўсё раскажуць і навучаць, як з гэтым жыць.


Прайшло паўтара тыдні, як яна выйшла з Баранавічаў пасля сутак. Яе забралі 17 кастрычніка, я сустрэла яе 27-га, 28-га, у сераду, яна ўжо выходзіць на вучобу, у панядзелак ёй даюць загад на адлічэнне, а ў чацвер, 12 лістапада, яе забралі ў КДБ. Усё было настолькі хутка, што не было часу ўсвядоміць, што адбываецца. Калі я забірала яе з Баранавічаў, яна ўжо выйшла іншым чалавекам. Худая. Цыгарэты ў пакеціку паштучна. Калі я запальвала з пачка і давала ёй, яна сказала «Не, мама, у мяне ёсць». Перастала есці, спаць. Толькі калі развіднялася, яна магла пайсці легчы спаць, і тое ўвесь час падскоквала, бо ёй чулася лязганне дзвярэй… І ў такім стане яе забралі.

Тыя суткі для мяне здаваліся вечнасцю. Гэтыя 10 месяцаў для мяне ўжо не такія па ўспрыманні. Я плакала, калі ехала ў метро, калі заходзіла ў краму. Для мяне жыццё спынілася. Я перастала гатаваць. Псіхолаг мне сказала: «Насця выйшла з Акрэсціна, а ты так і засталася». Таму Насця перажывала за мяне, яна бачыла, у якім стане я засталася. Я ўвесь час гаварыла, што я нармальна, а яна сказала: «Калі ты ўвесь час будзеш хлусіць і казаць, што ты нармальна, я таксама буду так рабіць. І да чаго гэтая хлусня прывядзе?»

Мы так і дамовіліся. Але ў мяне ёсць асобны сшытак, куды я пішу лісты, якія не адпраўляю. Але я пісала іх першыя месяцы чатыры, потым у іх патрэбы ўжо не было. Я прыняла гэтую сітуацыю.

Навучылася жыць адным днём

Але ўсе парадкі засталіся падвіслымі. Святы — мой дзень народзінаў, Новы год, Раство. Блінчыкі па нядзелях. Прагулкі. Сустрэча мяне з працы. Немагчыма жыць па-ранейшаму, калі ты гадамі жыў, дзелячы гэта з чалавекам. Я не магла заходзіць у пакой, бачачы пусты ложак нават бакавым зрокам — я пачынала плакаць. Калі б не псіхолаг, я не ведаю, як бы развіваліся падзеі. Яна мне вельмі дапамагла. Яна плакала разам са мной. Але крок за крокам мы вучыліся ўспрымаць тое, што адбываецца. Навучыліся жыць адным днём. Я не загадваю на тыдзень, на год.

Пасля ў мяне пайшла стадыя злосці і агрэсіі, што я нічога не магу зрабіць. Вельмі перабівалі дробныя моманты — напрыклад, у перадачы не возьмуць нешта. Я ніколі не разумела гэтага: вы ж бачыце, стаіць мама, якая прынесла дачцэ перадачу. Можна ж сказаць па-чалавечы, навошта пінаць? Я кожны дзень плакала. Наразала каўбасу і ўяўляла, як яна праз дзве гадзіны возьме яе ў свае рукі. Гэта было немагчыма. Шторазу думала: «Я сваёй дачцэ збіраю ў турму перадачу». І ў мяне гэта не змяшчалася ў галаве. Але дзень за днём, тыдні, месяцы, усё гэта стала праходзіць.

Суд расслабіў. Магчымасць бачыць амаль кожны дзень. І хоць нельга паказваць ніякіх жэстаў, я ёй усміхаюся. А яна сядзіць, туліцца да пляча шчакой — паказвае, што яна мяне абдымае. І я разумею, што яна паказвае. А я нібыта папраўляю маску — і ўсміхнуся, пацалунак ёй пашлю. Я ведала, што яна ацэніць, як я выглядаю. Я фарбавалася кожны дзень. Купіла новую сукенку. І яна потым праз адваката сказала: «Мама, ты ў мяне самая прыгожая». І я бачу, што яна ганарыцца мной. І калі яна казала апошняе слова — а я сядзела на першым шэрагу, каб быць бліжэй да яе — яна павярнулася і сказала: «Мама, дзякуй, што ты навучыла мяне дабрыні і верыць у людзей». Мяне душылі слёзы. Але я сказала: «Калі ласка». Бо толькі гэта галоўнае. Калі чалавек добры і ён прымае людзей як асобных адзінак, тады гэта правільны дыялог. Толькі ў дыялогу магчыма грамадства.

Жураўлікі і Залюстроўе

Прайшло 44 тыдні (на момант размовы, цяпер ужо 45. — НЧ), 10 месяцаў з таго чацвярга, калі яе забралі. Я не здалася. Кожны дзень, кожная хвіліна, непадораныя падарункі, неабнятыя 8 Сакавіка і Дзень маці, ранішняя ўсмешка — гэта не ўпушчаны час. Усё гэта мы будзем наганяць. Мы будзем знаёміцца наноў і будзем вяртацца да гэтага. Канешне, гэта назаўжды застанецца з намі. Але яно перастала мяне расстройваць.


Я раблю жураўлікаў-арыгамі, яны вісяць у мяне дома. Кожны тыдзень я дадаю новага жураўліка. І яна мне кажа: «Мам, ты лічыш, колькі мяне з табой няма. А ты цяпер складзі гэтых жураўлікаў у каробку, і вешай, каб лічыць, колькі засталося да нашай сустрэчы. Таму што дзякуючы прысуду пайшоў зваротны адлік».

І дзякуючы гэтаму Гомель я стала па-іншаму ўспрымаць. Праўда, у мінулую сераду я схадзіла да калоніі, бо яна будзе там сядзець пасля СІЗА. Паміж імі пешшу хвілін 30. Я ўбачыла плот. Прахадную. Калючы дрот, вельмі шмат. Будынкі пяціпавярховыя. Царква там свая. Добра, што я паглядзела. Я буду гатовая да таго, калі яе перавядуць, бо я гэта ўжо бачыла. Ёсць момант нейкі — дзікунства, адсяленцы, горад у горадзе… Ёсць плот, дарога, і мы, звычайныя людзі. І вось у іх за плотам стаіць царква, а насупраць яе — 300 метраў, дарогу перайсці — стаіць наша царква. Проста Залюстроўе нейкае.  

«Перад сабой за ўчынкі не павінна быць сорамна»

Калі мне было кепска, не было лістоў, і я раілася з псіхолагам, як напісаць ліст Асеньцы, бо не хачу яе расстройваць, але ў нас была дамоўленасць казаць праўду. І псіхолаг сказала купіць чорны нататнік і пісаць туды недасланыя лісты. А пасля чорнага нататніка я сядала пісаць звычайны ліст. І яшчэ яна сказала мне цудоўную фразу, я кажу яе ўсім бацькам па нашай справе і тым, хто не можа ўзняць на мяне вочы і пачынае плакаць: «Пішы сэрцам, гавары з людзьмі сэрцам — тады цябе сэрцам і пачуюць».


У мяне 100-адсоткавая ўпэўненасць у тым, што ўсё будзе добра. Кожная хвіліна, кожны дзень, кожны ліст — гэта недарэмна. Гэтыя дзеці — і ёсць будучыня. І гонар не за канкрэтна майго дзіцёнка — безумоўна, я ёй ганаруся. Гонар за цэлае пакаленне. За погляды. За здольнасць рабіць выбар. І, як я пасля для сябе адкрыла, за здольнасць адказваць за гэты выбар. Але — шчыра і чыста. Гаварыць сэрцам.

Калі яна выходзіла на вуліцу, і там стралялі, яна казала: «Я па-іншаму не магу». І калі прыходзілі «лісты шчасця» з прапановай напісаць прашэнне аб памілаванні, яе рэакцыя была: «Я абавязкова адкажу, і без цэнзуры». Ты можаш рабіць што заўгодна, але ўначы ты застанешся сам-насам з сабой. І перад самім сабой за ўчынкі не павінна быць сорамна.

«Праца ёсць. А дзіцяці няма»

Маё дзіця стала дарослым у 18 гадоў, за тры дні да 19-годдзя яе затрымалі на «Бліскучым маршы». Калі яна выйдзе, ёй будзе 21 з хвосцікам. У гэтым узросце ўніверсітэт заканчваюць. Але якому ўніверсітэту — таму, з якога яе адлічылі, ці таму, які яна скончыць, выйшаўшы адтуль, — апладаваць? Такая суровая школа жыцця, але я пішу ў лістах, што годна прайсці гэты шлях — лепшыя ўрокі, якія мог падараваць лёс.

Няма адчування страчанага часу, хоць галавой разумееш, колькі яго скралі. Але, з іншага боку, за бегатнёй штодзённага жыцця — крамы, праца, стомленасць — мы забываем пра тое, што кожная секунда не паўторыцца. Уся сітуацыя, канешне, страшная. Але мне яна вельмі добра напомніла пра гэта. Я ўсё жыццё працавала, калі выхадныя — «Насця, не лезь, мне трэба адпачыць». Ды што тая праца? Вунь яна, ёсць. А дзіцяці няма. І што мне цяпер рабіць? Адпачывай — заадпачывайся. Каму я працую? Мы за гэтым будзённым пылам забыліся пра самае галоўнае. І я хачу, каб на прыкладзе маёй гісторыі нейкая мама спыніла свой бег, узяла ўсю сям'ю ў абдымкі — няважна, адна ў яе дачка ці муж і яшчэ 15 дзяцей — і сказала: «Стоп! Самае важнае — у мяне ў руках».

Гэтыя бясконцыя «трэба» — ды не трэба! Вазьмі ўсіх і ідзі ў парк. Злаві апошні восеньскі ліст перад першай сняжынкай. Гэта самае галоўнае. Калі гэта маеш, яно ёсць — і ёсць. Я 10 месяцаў жыву без гэтага. І вельмі добра рассеяўся ўвесь гэты пыл. І вельмі добра разумееш, у чым сапраўднасць. Самае галоўнае — гэта сям'я. У мяне — у маёй дачцэ і ў котцы, якая па вечарах цябе чакае, бо баіцца застацца адна. У тым, каб вяртацца ўвечары, а тваё вакно гарыць. У мяне цёмныя вокны.

«Яна вернецца, і трэба, каб яе сустрэла мама, а не забітая горам жанчына»

Я не гатавала з лістапада да траўня. Я не магла сябе прымусіць. Не магла вязаць. Заўсёды Насці вязала ў сезон новую шапку і пульсэткі, якія яна губляла ў метро. І калі ў СІЗА трэба было перадаць цёплыя рэчы, я купіла ніткі, узяла ў рукі спіцы — і не змагла. Я вельмі сябе дакарала за гэта. А псіхолаг мне кажа, што гэта нармальна: я нашу хатнюю любоў, якую праяўляла кожны год, калі вязала новы камплект, не хачу пэцкаць турмой. Але я стала гатаваць. Нават боршч вару.

Першыя тыдні пасля прысуда мяне накрыла, я глядзела на людзей і думала: чаму яны ходзяць, гуляюць, радуюцца, а яна не можа? Чаму яна сядзіць у бетоннай клетцы? Таму што смелая і шчырая? Калі пачала ездзіць у Гомель, у мяне ўсё злівалася, я толькі міргну — і зноў я на вакзале, перада мной гасцініца «Гомель».

А потым лісты лепш пайшлі. Я стала знаёміцца з гэтым горадам. Пайшла ў парку пагуляла. Схадзіла ў кавярню. Псіхолаг параіла мне прыбраць з паліц Аськіны рэчы. Так, сітуацыя цяпер такая, яна не адмяняе Аксану-маму. Але цяпер засталася проста Аксана. Таму я магу адключыць опцыю маці, якой трэба клапаціцца пра дачку дома. Цяпер гэта мой дом, а не наш, дзе забралі дзіця. Пераставіць рэчы, прыбраць тое, што абрывае сэрца. Калі нехта вяртае ў гэтую сітуацыю, запытваецца, якія навіны — сказаць, што я не радыё. Не хочаш размаўляць — адключай тэлефон, ніхто ад гэтага не загіне. Дазволіць сабе жыць. Пайсці купіць сабе нешта. Мне Аська заўсёды кажа: «Мамачка, ты перадаеш мне самыя лепшыя цыгарэты, самую лепшую каўбасу. Я спадзяюся, ты таксама такія паліш, ты таксама нешта сабе купіла». І ў мяне дома цяпер не помнік, а жылое памяшканне, дзе ёсць я. На 1,5 года гэта так. І я злавіла сябе на думцы, што мне ўтульна дома. Я стала купляць прадукты. Мне дораць кветкі — у мяне заўжды стаіць букет жывых кветак. У мяне кожны тыдзень дастаўка кветак, нават з-за мяжы — гэта Насціны сябры робяць.

Яна вернецца. Няхай не цяпер, але гэты дзень настане. І трэба, каб яе сустрэла мама, а не старая, сівая, забітая горам жанчына. Я дазволіла сабе мець гэтае жыццё — напэўна, упершыню з таго часу, як у мяне з’явілася дзіця.

«Гэта агромністы шнар, які ніколі не зацягнецца»

Я ўяўляла дзень, калі яна выйдзе. Ведаю, што гэта будзе перад маім днём народзінаў у снежні. Але нават калі не народзіны, то Новы год мы дакладна будзем сустракаць разам. Я думаю, гэта будзе вельмі сонечны дзень, марозна, снежна. Гэта будзе вельмі доўгая працэдура, але з самага ранку не будзе спацца. Адчуванні такія, як ісці першы раз у першы клас, калі з вечара гатовы касцюм, куплены букет і прадчуванне нечага вялікага.
Будуць слёзы вялізнай радасці. Будзе магчымасць абняць, памацаць, панюхаць, і гэта ўсё будзе незнаёмае.

Мне здаецца, у яе нават колера вачэй змяніўся. Змяніліся рысы твару, знікла ўсё дзіцячае. Сыходзіла дзіця, а цяпер — прыгожая статная дзяўчына. Яна будзе азірацца і разумець, што ніякіх платоў, якія стрымліваюць, няма — можна ісці наперад хоць пяць тысяч кіламетраў. Я буду любавацца, задаючы тысячу пытанняў, квахтаць, ці нічога не забылі. У нейкі момант яна абсячэ мяне і скажа — Бог з ім, калі нешта засталося — няхай. Нас будуць чакаць сябры і знаёмыя. Віншаванні і сустрэчы зацягнуцца на месяцы. Яна мне пісала, што сярод гэтага абавязкова будзе наш вечар. Раней мы з ёй уладкоўваліся на канапе, рабілі нешта смачнае і глядзелі мульцікі, у нас ёсць любімыя — «Анастасія», «Рапунцэль», «Мужнае сэрца». Маглі цэлыя выхадныя так правесці.


Я буду праяўляць залішні клопат. Мы працавалі над гэтым з псіхолагам, каб я не задушыла яе любоўю. Калі яна пайшла ў свой пакой, — не трэба ісці за ёй. Бо трэба разумець, дзе яна знаходзілася, магчыма, прытрымлівацца таго часу, каб вакол яе застаўся нейкі кокан. І адказваць на яе кантакт.

Я зараз падумала, як яна прачнецца першы раз дома. Напэўна, а шостай. Расплюшчыць вочы і спачатку не зразумее дзе яна. А потым зразумее, што дома, што мама за сценкай, і з усмешкай павернецца на іншы бок.

Яе дома чакае шмат падарункаў, пастаянна перадаюць. Я пакрысе мяняю ёй гардэроб. У яе шафе новыя байкі вісяць, з цэтлікамі. Бялізна, футболкі. Я пішу ёй, што калі вельмі па ёй сумую, іду для яе на шопінг.

Гэта агромністы шнар, які ніколі не зацягнецца. Гэта як людзі, якія перажылі вайну, — яны будуць жыць і ўсё жыццё пра гэта памятаць.

«Цыганскія фокусы»

Каб выйсці з негатыву, я стала гуляць кожны вечар. Бывала, я прыходзіла дадому ў тры гадзіны ночы. Я ўпершыню ўбачыла, як падае зорка. Я зразумела, якое ў мяне любімае дрэва. Гэта сасна. Даведалася, што такое Зыбіцкая і «Пясочніца». Я адкрываю для сябе паркі. Мяне сябры водзяць на выставы, шашлыкі, я праходзіла квэсты. Людзі, якія побач, адкрылі мне жыццё, якім я ніколі не жыла. І я Насці пішу, і яна так рада. Просіць апісаць усё, што я бачыла, бо маімі нагамі і вачыма гэта нібыта яна ходзіць па Батанічным садзе і бачыць, як квітнее бэз. Але ж гэта яна, знаходзячыся там, для мяне зрабіла, яна вывела мяне з замкнёнага кола «дом — праца». Гэта ж цуд.

У нас усё жыццё з ёй моцная сувязь, але ў цяперашняй сітуацыі гэта найбольш бачна. Яна называе гэта «цыганскія фокусы». Яна піша мне ліст са сваёй далонькай, адпраўляе, а на наступны дзень ёй прыходзіць ліст ад мяне з маёй далонькай. Ці перадала ёй асаблівы шампунь, і яна піша, што акурат хацела прасіць, каб я ёй яго перадала. Альбо яна размаўляе пра нешта з суседкамі, а на наступны дзень атрымлівае ў перадачы ўсё тое, пра што яна казала.

«Калі можаце лішні раз сказаць, што любіце, — скажыце»

Ніколі нельга здавацца і апускаць рукі датычна свайго ўласнага стану і настрою. Я прайшла праз усе стадыі, і цяпер у мяне вельмі роўны стан. Канешне, у мяне бываюць зрывы ад стомленасці. Але я стараюся не крыўдзіць людзей, якія побач, бо разумею, што яны робяць усё, каб падтрымаць. Я хачу сказаць, што ніколі нельга губляць веру ў дабро і надзею. Усё заўжды робіцца для чагосьці, няхай мы нават не можам зразумець гэта і прыняць.

У мяне аднялі дзіця, адарвалі рукі, я не магу ёй дапамагчы. Я ведаю, што яна ведае, што я яе люблю. Але калі мы зможам з ёй гаварыць, я не буду цягнуць і скажу ёй гэта яшчэ раз. Бо ведаць і адчуваць — гэта розныя рэчы. Я буду цаніць кожную хвіліну, калі я змагу на яе глядзець. Я буду давяраць свайму дзіцяці. І кожнаму чалавеку я хачу сказаць: давярайце сваім дзецям, цаніце іх і сваіх блізкіх. Калі можаце лішні раз сказаць, што любіце, — скажыце, падыйдзіце і абдыміце.

Я вельмі шкадую, што я столькі працавала. Я магла б больш часу бавіць з ёй. Але ў мяне яшчэ будзе час, калі яна вернецца. Усё абавязкова будзе добра. Дождж не можа ісці вечна.

***
 Сёння, 23 верасня, Анастасіі Булыбенка спаўняецца 20 гадоў. Давайце дапаможам запомніць Насці гэты дзень не як дзень народзінаў, які яна сустрэла ў СІЗА, а як дзень, калі яна атрымала шмат віншаванняў. Адрас: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Булыбенка Анастасіі Аляксандраўне.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: