«Спытала ў школе пра дыстанцыйнае навучанне, сталі пагражаць сацыяльна небяспечным становішчам»

З-за чацвёртай хвалі каронавіруса некаторыя бацькі вырашаюць пакінуць дзяцей дома на некаторы час. Так і чытачка «Нашай Нівы» Наталля, мама чацвёракласніцы, вырашыла перавесці дзіця на дыстанцыйнае навучанне. Але сутыкнулася з нечаканымі праблемамі.

«У дачкі палова класа на даведках. Хварэюць дзеці і бацькі, шмат — на ковід, — распавядае Наталля з Мінска. — Спытала ў нашага педагога, ці плануе школа пераводзіць дзяцей на дыстанцыйнае навучанне? Але тая адказала, што пра гэта на сходах з кіраўніцтвам пакуль ні слова.

Вырашыла не чакаць, пакуль эпідабстаноўка пагоршыцца, і пайшла да кіраўніцтва школы, каб удакладніць, як па ўсіх правілах магу перавесці дачку на дыстанцыйнае навучанне. Але як толькі дырэктарка школы пра гэта пачула, спачатку адразу стала прад’яўляць да мяне прэтэнзіі.

А калі я сказала пра тое, што як законны прадстаўнік свайго дзіцёнка я сама магу абіраць форму яго навучання, яна пачала пагражаць мне сацыяльна небяспечным становішчам. Гэта наогул законна?»

Нагадаем, да гэтага пра бацькоў, якія хочуць пераводзіць дзяцей на хатняе навучанне, выказвалася Генеральная пракуратура. Ведамства папярэдзіла, што дзяржава можа прыняць пэўныя меры да бацькоў, якія перашкаджаюць дзіцяці атрымліваць агульную базавую адукацыю ў любой форме.

«З бацькамі ў такіх выпадках праводзяцца тлумачальныя гутаркі, — дадала Генпракуратура. — Калі сітуацыя не мяняецца, арганізуецца абарона дзіцяці ў межах прававога механізму папярэджання сямейнага недабрабыту.

Дарэчы, перашкода бацькамі атрыманню дзецьмі агульнай сярэдняй адукацыі ў любой яго форме — адзін з крытэраў сацыяльна небяспечнага становішча згодна з дадаткам да пастановы Савета міністраў ад 15 студзеня 2019 г. № 22 «Аб прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы».

«Ад такіх заяў на галаве ўстаюць валасы, — лічыць Наталля. — Атрымліваецца, калі на мяне паскардзіцца дырэктарка школы з-за таго, што я засцерагла свайго дзіценка і пакінула на час пандэміі дома, у мяне яго яшчэ могуць яго і забраць»?

Заканадаўства не прадугледжвае дыстанцыйнае навучанне

Асноўны «адукацыйны» дакумент краіны — Кодэкс аб адукацыі. З мінулага года сур’ёзных зменаў у яго змесце не адбылося. Гэта значыць, што такая катэгорыя, як дыстанцыйнае навучанне, у Беларусі дагэтуль законам не прадугледжана.

Адзіным больш-менш прыдатным варыянтам у дадзенай сітуацыі, па сутнасці, можа застацца перавод дзіця на хатняе навучанне. Але гэта дазволена не ўсім.

У артыкуле 167 кодэкса гаворыцца пра тое, што агульную адукацыю па такім плане могуць атрымліваць адораныя і таленавітыя вучні, а таксама тыя, хто не можа наведваць школу з-за важкіх прычын. Прытым спісу такіх прычын няма ні ў адным дакуменце.

Кожны выпадак разглядаецца адміністрацыяй школы індывідуальна, а апошняе слова застаецца за кіраўніцтвам школы. Пра гэта напісана ў артыкуле 70 «Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі».

Ідзем далей. Каронавірус афіцыйна ўнесены Міністэрствам аховы здароўя ў спіс небяспечных для жыцця захворванняў, а па законе дзіця мае права на адукацыю. Гэта значыць, што дзяржава абавязана забяспечыць дзецям бяспечныя ўмовы навучання падчас пандэміі.

І ў дадзеным выпадку гаворка відавочна павінна ісці не пра хатняе навучанне, падчас якога за адукацыю адказваюць бацькі, а менавіта пра дыстанцыйнае навучанне, якое ажыццяўляецца пад кантролем настаўнікаў і школы.

Але! Вяртаемся да таго, з чаго пачыналі: дыстанцыйная адукацыя ў нашай краіне не прадугледжана законам, а каронавірус не з’яўляецца важкай прычынай, нягледзячы на афіцыйныя дакументы Міністэрства аховы здароўя. Відавочная заканадаўчая недасканаласць.

Каментар юрыста: «Сям’я і законныя прадстаўнікі дзіцяці — у прыярытэце»

«Ёсць "Кодэкс аб шлюбе і сям’і". Па ім сям’я і законныя прадстаўнікі дзіцяці — у прыярытэце, — каментуе юрыст Алена Салаўёва. — Яны маюць права выбіраць метады, формы выхавання і адукацыі свайго дзіця. Жыццё і здароўе дзіцяці — галоўны прыярытэт.

Разважаем так: у дзіцяці ёсць права на жыццё, здароўе і права на адукацыю. У дадзенай сітуацыі жыццё і здароўе важнейшыя за адукацыю.

Гэта значыць, што рашэнне аб працягласці каранціну кожны з бацькоў можа прымаць індывідуальна. А таму дыктаваць ім нейкі канкрэтны тэрмін магчымай адсутнасці ў школе незаконна».

«Для адміністрацыі школы можна напісаць апавяшчэнне аб тым, што вы пакідаеце дзіця дома, і зарэгістраваць яго ў канцылярыі.

Тэкст можа быць такім: «Мы, бацькі такога-та вучня такога-та класа, паведамляем, што, згодна з "Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і", маем права на прыярытэтныя рашэнні ў дачыненні да нашых дзяцей. Несучы адказнасць за іх жыццё і здароўе, пакідаем іх дома з такой-та па такую дату на каранцін, таму што лічым, што эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі цяпер неспрыяльная. Навучальную праграму абяцаемся асвоіць самастойна. Дата і подпіс».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: