«Маму захапілі чорныя дзядзькі». Гісторыя актывістаў Паліны і Андрэя Шарэндаў

Брэсцкія актывісты Паліна і Андрэй Шарэнды актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці ў Беларусі амаль усё дарослае жыццё. Сёння Паліна абвінавачаная па крымінальнай справе. З брэсцкага СІЗА № 7 яе перавялі ў «Навінкі». Андрэй застаўся дома з двума дзецьмі. Гісторыю сваёй сям’і ён расказаў «Свабодзе».
Паліна і Андрэй Шарэнды, архіўнае фота

Паліна і Андрэй Шарэнды, архіўнае фота

Як пазнаёміліся маладафронтавец і актывістка «Зубра»

«Я ведаю, што Паліна нязломная, — расказвае пра сваю жонку Андрэй Шарэнда. — У яе заўсёды была выразная пазіцыя. І датычылася гэта не толькі палітыкі. У сям’і і па жыцці яна трымалася прынцыпаў, што трэба зрабіць справу і толькі тады адпачываць. Толькі калі будзе перамога, можна будзе сказаць: „Я ўсе зрабіў“».

 

Паліна і Андрэй пазнаёміліся ў 2004 годзе. На той момант ён быў у «Маладым фронце», яна ўзначальвала моладзевы рух «Зубр» на Брэстчыне. Абое з падобнымі інтарэсамі і поглядамі на жыццё — цікавіліся гісторыяй, любілі бавіць час на прыродзе. Паводле словў Андрэя, на імклівае развіццё іх з Палінай стасункаў паўплывала, сярод іншага, сумесная праца ў выбарчай кампаніі экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча.

«Памятаю, як у сакавіку 2006-га мы разам стаялі з намётамі на „плошчы Каліноўскага“ (Кастрычніцкая плошча ў Мінску. — РС). З таго часу наша сяброўства перарасло ў сапраўднае каханне», — успамінае Андрэй.

 

Паліна і Андрэй Шарэнды, архіўнае фота

Пара актыўна выяўляла грамадзянскую пазіцыю: удзельнічала ў акцыях пратэсту, выбарчых кампаніях незалежных кандыдатаў у прэзідэнты. Праз гэта сутыкнуліся з пераследам з боку ўлад, іх не раз прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Андрэй вырашыў на некаторы час выехаць з краіны. Паліна з дзіцём засталася ў Беларусі.

«У сям’і была складаная эканамічная сітуацыя, таму некалькі месяцаў я працаваў у Польшчы. Але ўжо восенню 2011-га вярнуўся», — расказвае Андрэй Шарэнда.

Праз некаторы час ён зноў ездзіў на падпрацоўкі ў Польшчу, там скончыў універсітэт.

У 2017 годзе сямʼя Шарэндаў актыўна выступала супраць дэкрэту аб дармаедстве, праз гэта Андрэя двойчы затрымлівалі (ён адседзеў 30 сутак арышту). Супраць актывістаў таксама распачалі крымінальную справу «за абразу прэзідэнта». Сам Андрэй лічыць, што зроблена гэта было наўмысна, каб прымусіць іх пакінуць краіну.

 

Паліна Шарэнда, архіўнае фота

На парламенцкіх выбарах 2019 года Паліна стала кандыдатам у дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», аднак неўзабаве яе знялі з кампаніі. Прычынай стаў тэлевізійны зварот, у якім актывістка назвала Аляксандра Лукашэнку дыктатарам. 

«Спланаваная правакацыя, каб „закрыць Паліну“»

У 2020 годзе рэпрэсіі ў дачыненні да сямʼі Шарэндаў працягнуліся. З пачатку выбарчай кампаніі Андрэй правёў больш за 70 сутак за кратамі. Яго апошняе затрыманне, 29 снежня, прывяло да доўгага расстання з жонкай.

«29-га я выйшаў з малодшым сынам пагуляць. Да мяне падбеглі два міліцыянты, загадалі прайсці з імі. Яны не прадставіліся. Сказалі, што нібыта ў мяне ёсць непагашаная пастанова пра суткі. Адзінае, што мне дазволілі, — пазваніць у дамафон, каб жонка забрала малодшага сына. Паліна пачала здымаць усё, што адбывалася, на тэлефон. У яе вачах гэта выглядала як нейкі захоп, таму жонка назвала сілавікоў фашыстамі».

Пасля Андрэя даставілі ў Ленінскі РАУС Брэста і змясцілі ў ізалятар. 1 студзеня актывіст павінен быў выйсці на волю, але на яго склалі новы пратакол. Пакуль Андрэй быў на сутках, на Паліну за відэа завялі адміністрацыйную справу, вынеслі штраф. 3 студзеня ў іх доме адбыўся ператрус.

 

Сям'я Шарэндаў, архіўнае фота

«На маю думку, гэта была загадзя спланаваная правакацыя, каб яе „закрыць“. Адразу супрацоўнікі міліцыі пачалі грукаць у дзверы. На той момант у хаце была Паліна з малодшым сынам. Зразумела, што яна не стала адчыняць. Праз 3 хвіліны падцягнуліся амапаўцы і пачалі молатам выбіваць дзверы. На гэта ў іх не было паўнамоцтваў. Адзіная папера, якую яны мелі з сабой, — гэта ордэр на агляд памяшкання, нават не на вобшук, — расказвае Андрэй. — Але цяпер у нашай краіне дэфолт права, таму ім можна ўсё».

Паводле слоў актывіста, Паліна, як кожная маці, хацела зберагчы дзіця, таму старалася не прапусціць міліцыянтаў у калідор. Патрабавала, каб яны знялі маскі. Яны ж паспрабавалі яе адштурхнуць. Пасля інцыдэнту супраць Паліны распачалі крымінальную справу паводле артыкула 364 («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). 

«Паліна — сапраўдны змагар»

Цяпер Паліна ў псіхіятрычнай лякарні «Навінкі», куды яе этапавалі 3 сакавіка на праходжанне медычнай экспертызы.

 

Паліна Шарэнда

«Тлумачыцца гэта тым, што яна не ідзе на супрацоўніцтва са следствам. Кажуць, што ёсць пытанні да яе псіхічнага здароўя. Але гэта перш за ўсё помста і ціск. Нават калі ўспомніць 8-дзённы „этап“ у Мінск, — кажа Андрэй. — Наколькі я ведаю, яна правяла некалькі дзён у Баранавіцкім СІЗА і на „Валадарцы“. Што яна там рабіла — незразумела. Можа, яе дапытвалі...»

Паводле слоў Андрэя, калі жонка была ў брэсцкім СІЗА, іх карэспандэнцыя недзе знікала. Апошні ліст прыйшоў некалькі дзён таму з Баранавіч.

«Паліна напісала, што ў яе ўсё добра. Перадае нам прывітанне. Кажа, што трэба змагацца далей. Падкрэсліла, што палітвязняў насамрэч у разы больш, чым лічаць праваабаронцы.

Адвакат наведвае жонку, але ён даў падпіску аб неразгалошванні. З таго, што казаў раней, настрой у Паліны баявы. Вядома, што яе так проста не зламаць. Паліна — сапраўдны змагар».

 

«Пакінуць краіну — значыць прызнаць паражэнне»

Сёння Андрэй застаўся з двума дзецьмі — Славамірам (11 гадоў) і Стахам (4 гады). Прызнаецца, што дапамагаюць яго бацькі і маці Паліны. Падкрэслівае, што хлопчыкі разумеюць сітуацыю ў краіне, але вельмі сумуюць па маці.

 

Андрэй Шарэнда з сынам Стахам, фота 2017 года

«Самы складаны быў першы тыдзень, калі малодшы сын уначы падыходзіў да ложка і пытаўся, дзе мама. Спачатку ён верыў, што гэтае расстанне ненадоўга. Мы патлумачылі, што маці з’ехала. Сёння ён ведае, што яна ў турме, што маму захапілі чорныя дзядзькі. Вядома, сынам не хапае адносін і размоў з ёй».

Асаблівую ўвагу актывіст звярнуў на салідарнасць людзей, якая дапамагае даваць рады цяжкасцям. Паводле слоў Андрэя, часам людзі прапануюць значна больш, чым патрэбна сямʼі.

«Падтрымка ідзе адусюль. Вядома, сітуацыя з Палінай гучная. Але ў Брэсце дзясяткі палітвязняў, і ім усім патрэбная дапамога. Таму я прашу пісаць ім лісты».

У будучыню Андрэй глядзіць з аптымізмам. Лічыць, што рэжым скончыцца вельмі хутка. На яго думку, у мінулым годзе запусціліся працэсы, якія ўжо нельга спыніць. Запэўнівае таксама, што, нягледзячы на ціск, пакідаць краіну не плануе.

«Сёння ўзяць і пакінуць краіну — гэта фактычна прызнаць сваё паражэнне. Мы на гэта не пойдзем і будзем тут да перамогі, да канца. За будучыню нашых дзяцей. Мы бачым сваё жыццё толькі ў Беларусі, у незалежнай і свабоднай краіне».

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: