Мара Шарана: беларускі хакеіст у наймацнейшай лізе свету

У студзені 2018 года ў Бафала праходзіў сусветны моладзевы чэмпіянат свету. У халодным і заснежаным горадзе, што ляжыць на мяжы з Канадай і ў 25 хвілінах ад Ніягарскага вадаспаду, сабралася эліта сусветнага хакея U-20. Гуляла там і зборная Беларусі, але у групе «А» затрымацца не здолела. Наша каманда, прайграўшы ўсе сустрэчы, вылецела ў ніжэйшы дывізіён з хуткасцю той вады, што льецца праз Ніягару.

Пасля апошняй паразы галоўны трэнер той зборнай Юрый Файкоў раскрытыкаваў гульцоў наогул і аднаго хакеіста ў прыватнасці: «У рашаючых паядынках нам не хапіла Ягора Шаранговіча. Так, ён закінуў дзве шайбы чэхам, але ў ключавых гульнях не дапамог. Я расчараваўся ў ім, а таксама яшчэ ў некаторых хакеістах».

Калі б хто-небудзь тады сказаў спадару Файкову, што праз тры гады Ягор стане адным з лідараў каманды НХЛ і першым за пяць гадоў беларусам у наймацнейшай лізе свету, ён назваў бы чалавека вар’ятам.

Як бы там ні было, але факт: амаль дакладна праз тры гады пасля першынства ў Бафала, 14 студзеня 2021 года, Шаранговіч дэбютаваў у НХЛ у форме «Нью-Джэрсі Дэвілз». Гульня была супраць «Бостан Бруінз», а беларус Ягор выйшаў на лёд ў першай тройцы — разам з вядучымі форвардамі «д’яблаў» Джэкам Х’юзам і Кайлам Палміеры, а таксама згуляў у авертайме.

У выніку Шаранговіч правёў на пляцоўцы вялізныя для дэбютанта 17 хвілін і 23 секунды, прымусіў супернікаў тры разы парушыць на ім правілы і атрымаў паказальнік карыснасці +1. Галоў беларус не забіў, але быў вельмі блізкі да гэтага: у авертайме адзін каціўся на вароты «Бруінз», але брамнік «Бостана» справіўся з кідком.

Што не атрымалася ў першай гульні, здарылася ў наступнай. Тыя ж супернікі сустракаліся праз дзень, і зноў справа дайшла да авертайма. Да серыі булітаў заставалася ўсяго некалькі секунд, калі Шаранговіч атрымаў цудоўны схаваны пас ад абаронцы «Дэвілз» Дэм’яна Сіверсана і закінуў сваю першую, дый яшчэ і пераможную, шайбу ў НХЛ. «Гэта быў самы цудоўны момант маёй хакейнай кар’еры», — скажа Ягор на нядрэннай англійскай мове пасля гульні.

Як малады форвард зборнай Беларусі дасягнуў такога прагрэсу?

Тры гады таму ў Бафала Шаранговіч быў не проста адным з гульцоў каманды, а хакеістам, які ўжо праявіў свой талент. Да моладзевага ЧС ён дэбютаваў за нацыянальную зборную і мінскае «Дынама». Трэнеры і заўзятары чакалі, што Ягор павядзе за сабой партнёраў. Можа, спадзяванні, што ён стане безумоўным лідарам, былі крыху завышанымі, можа, хлопец сам «перагарэў» ад адказнасці, але нападаючы насамрэч правёў тады не самы яскравы чэмпіянат. Аднак, у адрозненне ад Файкова, не ўсе спецыялісты лічылі, што ён праваліў турнір.

Галоўны на той час трэнер «нацыяналкі» канадец Дэйв Льюіс, які прысутнічаў у Бафала, сказаў, што Шаранговіч «яшчэ зусім малады, а таму нестабільны. Чэмпіянат праходзіць вельмі хутка, таму штосьці можа не атрымацца. Калі Ягор у некаторых сустрэчах згуляў няўдада, гэта не азначае, што ён дрэнны хакеіст. Ведаю, што за ім сочаць скаўты НХЛ, і ён па-ранейшаму ў абойме нацыянальнай зборнай».

У выніку падтрымка Льюіса дапамагла Шаранговічу зрабіць наступны крок па кар’ернай лесвіцы. У траўні 2018 года Ягор з’ездзіў на свой другі дарослы чэмпіянат свету, дзе, праўда, зборная Беларусі выступіла няўдала і вылецела з эліты. А ўжо ў наступным месяцы Шаранговіч быў абраны «Нью-Джэрсі» на драфце НХЛ пад агульным 141-м нумарам. Так пачаўся наступны — паўночна-амерыканскі — этап жыцця маладога хакеіста.

Прыехаўшы ў ЗША ўлетку 2018-га, Шаранговіч паўдзельнічаў у трэніровачных кэмпах асноўнай каманды. Прабіцца ў фінальны «ростэр» клуба з першага разу вельмі цяжка, таму не стала сюрпрызам, што па выніках збораў Ягора адправілі ў «фарм» — «Бінгэмптам Дэвілз».

Калі да мясцовага хакею трэба было яшчэ прызвычаіцца, то амерыканскае жыццё хлопец пачаў вывучаць імкліва. Ён з’ездзіў у Нью-Ёрк з суседняга Нью-Джэрсі, схадзіў на тэнісны турнір «US Open», пахадзіў па горадзе. Цікава, што фарм-клуб «Нью-Джэрсі» базуецца ў штаце Нью-Ёрк, на мяжы з Пенсільваніяй. Бінгэмптам — невялікі гарадок амерыканскай глыбінкі, асабліва нічым не прыкметны. Але, можа, гэта і плюс для маладога спартсмена — нішто не адцягвае ўвагу ад справы. Гэта пацвердзіў і сам Ягор.

Увосень 2018-га давялося пагутарыць з ім якраз у Бінгэмптаме. Мы сустрэліся дзеля інтэрв’ю ў адной з лакацый культавай амерыканскай сеткі «Данкін Данатс», якая спецыялізуецца на пончыках і каве. Хлопец распавёў пра свае першыя крокі ў мясцовым хакеі: пра трэніроўкі, партнёраў, трэнераў.

Ужо тады падалося, што Ягор шмат чаго даб’ецца. Усё, звязанае са сваім новым досведам у Амерыцы, ён успрымаў з запалам, а таксама ўпарта працаваў: вывучаў англійскую мову з рэпетытарам, разбіраў свае змены пасля гульняў, дадаваў у фізічнай моцы, прасіў парад у старэйшых. А галоўнае — у Шарана, як называлі яго парнёры ў «Бінгэмптаме», была мара, да якой ён ішоў крок за крокам, не звяртаючы ўвагі ні на што лішняе. Трапіць і замацавацца ў НХЛ — кропка. Людзі, апантаныя сваёй марай, у ЗША звычайна не губляюцца.

Першы свой сезон у АХЛ (ліга ўзроўнем ніжэй за НХЛ) хакеіст скончыў з не самай добрай статыстыкай для нападніка: 17 (9+8) балаў у 68 гульнях і паказальнік карыснасці: -17. Балазе, першы заакіянскі досвед быў атрыманы. Перад наступным сезонам Шаранговіч ужо ведаў, чаго чакаць і над чым трэба працаваць яшчэ больш. Яго статыстыка палепшала: 25 (10+15) балаў у 57 гульнях і вялікі прагрэс у карыснасці: +13.

У сакавіку 2020 справы «Бінгэмптама» ўвогуле і Шаранговіча ў прыватнасці ішлі добра, на гарызонце быў плэй-оф, калі раптам усе змянілася. Прыйшоў COVID-19, і сезон спыніўся. Парадаксальна, але ў рэтраспектыве пандэмія станоўча паўплывала на кар’еру і нават асабістае жыццё маладога хакеіста.

Праз наступаючы вірус краіны пачалі зачыняць свае межы, і Шаранговіч ледзьве паспеў прыляцець дадому ў Беларусь. Спачатку ён падтрымліваў форму самастойна і чакаў, як будуць развівацца падзеі з кавідам у ЗША. Колькасць захварэлых там была стабільна высокай, і хутка стала зразумела, што не толькі мінулы чэмпіянат НХЛ не будзе дагуляны, але і новы пачнецца з затрымкай. Тое самае, зразумела, адбывалася і з АХЛ. У такіх абставінах хакеіст прыняў рашэнне пачаць сезон у мінскім «Дынама», бо КХЛ планавала стартаваць ужо ў верасні. Пры гэтым, паводле ўмоў арэнднага пагаднення, Шаранговіч мог у любы час вярнуцца ў ЗША, калі пакліча «Нью-Джэрсі».

2020 год быў багаты на падзеі і для хакеіста, і для ўсёй Беларусі. Падрымліваючы фізічную форму ў Мінску, Шаранговіч пазнаёміўся з дзяўчынай, якая была яго фітнэс-трэнерам, а праз кароткі час стала жонкай. Афіцыйнага паведамлення маладыя не рабілі, але такія высновы можна зрабіць з сацыяльных сетак хлопца і дзяўчыны. Пасля сваёй першай шайбы ў НХЛ Шаранговіч без аківокаў падзякаваў сваёй жонцы за падтрымку, хоць і віртуальную. А некалькі тыдняў пазней яна змагла прыляцець з Беларусі ў ЗША, каб падтрымліваць мужа ўжо непасрэдна.

Без сумневу, гэтыя змены ў персанальным жыцці — адна з прычын апошніх хакейных поспехаў Шаранговіча. Цікава, што гісторыя адносін хакеіста развівалася на фоне вядомых палітычных падзей у Беларусі. Публічна на гэтую тэму Шаранговіч не выказваўся, але, напрыклад, ліст падтрымкі за дзеючую ўладу, пад якім праўдамі і крыўдамі з’явіліся прозвішчы некалькіх тысяч людзей хоць як звязаных са спортам, не падпісаў. Дый увогуле ён — як бы ні бэсцілі заўзятары хакеістаў у сеціве — застаецца ў вачах тарсіды хакеістам паважаным, што важна і вартае адзнакі.

У сезоне 2020-21 «Дынама» сабрала моцны склад і з самага пачатку прэтэндавала на выхад у плэй-оф, куды ў выніку і трапіла. Шаранговіч таксама не згубіўся і хутка стаў адным з лідараў атакі каманды: у 34-х гульнях да ад’езду за акіян ён набраў 25 (17+8) балаў. Трэнеры верылі ў Ягора і, калі частка каманды была на кавідным каранціне, нават прызначылі капітанам. Але галоўнае — што, калі «Дэвілз» паклікалі Шаранговіча на зборы ў снежні, ён дзякуючы гульням ў КХЛ ужо быў у цудоўнай фізічнай форме.

Не дзіўна, што Ягор паказаў сабе з найлепшага боку ў перадсезонных спарынгах, заслужыў права стаць часткай асноўнага складу і дэбютаваць у НХЛ. Наступная мэта хакеіста — замацавацца ў наймацнейшай лізе свету. Пакуль атрымліваецца няблага. На момант напісання тэксту Шаранговіч — адзін з лідараў каманды. У 28 гульнях ён закінуў 7 шайб і 5 раз асіставаў калегам. У Ягора добрае ўзаемаразуменне з парнёрамі па звяне — Зэйджакам і Куоканенам. 23 сакавіка ён быў прызнаны першай зоркай гульні пасля перамогі над «Філадэльфіяй», а галоўны трэнер «д’яблаў» Ліндзі Раф на прэс-канферэнцыі адзначыў наступнае: «Шаранговіч зараз у выдатнай форме. Ён трымае высокі ўзровень гульні ад сустрэчы да сустрэчы, і ў яго няма спадаў. Гэта вельмі важна, калі малады хакеіст можа гуляць без спадаў у такім шчыльным графіку. І не толькі Ягор, усё звяно паказвае выдатны хакей».

Шмат чаго можа змяніцца за тры гады ў кар’еры асобна ўзятага гульца, калі ён аддана робіць сваю справу, марыць пра зорнае неба і мэтанакіравана ідзе наперад крок за крокам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: