Марадона прызначаны старшынёй праўлення брэсцкага «Дынама»

57-гадовы Марадона будзе займацца пытаннямі стратэгічнага развіцця брэсцкага клуба.



Фота REUTERS/Christopher Pike і komkur.info

Знакаміты ў мінулым футбаліст Дыега Арманда Марадона падпісаў трохгадовы кантракт з футбольным клубам „Дынама” (Брэст) і заняў пасаду старшыні праўлення клуба, паведаміла дынамаўская прэс-служба ў ноч на 16 траўня.

57-гадовы Марадона будзе займацца пытаннямі стратэгічнага развіцця клуба, а таксама ўзаемадзейнічаць з усімі яго структурнымі падраздзяленнямі, уключаючы дзіцячую акадэмію.

Марадона пачне працу пасля заканчэння чэмпіянату свету ў Расіі (14 чэрвеня — 15 ліпеня).

У Абу-Дабі (ААЭ) адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам Марадоны і прадстаўнікоў клуба.

Чуткі пра тое, што Марадона прыйдзе ў „Дынама”, апошнія дні актыўна каментавалі СМІ. Чакалася, што ён стане галоўным трэнерам каманды.

Аргенцінец — чэмпіён свету 1986 года і віцэ-чэмпіён свету 1990 года. У 2008—2010 гадах узначальваў зборную Аргенціны. Доўгія гады пакутаваў ад наркатычнай залежнасці, лячыўся ад алкагалізму. У 1991 годзе быў арыштаваны за захоўванне какаіну і атрымаў 14 месяцаў турмы ўмоўна. У 1999 годзе прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за стральбу па журналістах з пнеўматычнай вінтоўкі.

 

 * * *

 Нагадаем, раней легендарны аргентынскі футбаліст і трэнер Дыега Марадона даў «прынцыповую згоду» ўзначаліць брэсцкае «Дынама», паведамляе iz.ru.

Папярэдне агент Марадоны ў гутарцы з агенцтвам Sputnik пацвердзіў факт перамоваў з «Дынама», аднак адзначыў, што ёсць нюансы, якія трэба вырашыць з кіраўніцтвам каманды.

Футбольны клуб «Дынама-Брэст» быў заснаваны ў 1960 годзе. Клуб з’яўляецца бронзавым прызёрам чэмпіянату Беларусі 1992 года, двухразовым уладальнікам Кубка краіны і ўладальнікам Суперкубка.

У бягучым сезоне каманда пасля сямі тураў займае сёмае месца ў беларускім першынстве. Клуб атрымаў дзве перамогі пры двух паразах і трох нічыіх. Пасаду галоўнага трэнера «Дынама-Брэст» да нядаўняга часу займаў чэшскі спецыяліст Радаслаў Латал.


www.racyja.com



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-05-16 12:14:02
Дай Божа нашаму цяляці ды воўка спаймаці. Іншы мір у той Лацінскай Амерыцы, чым наш, іншы менталітэт тамака. Нават з перакладчыкам на розных мовах будзеце размаўляць з гэтым футбольных спраў майстрам. Толку ад гэтай здзелкі, мяркую, не будзе.

Каментаваць