«Маразм? – Яшчэ які!» Падчас акцый у Мінску случчанам забараняюць збірацца больш, чым па адным

Слуцкія міліцыянты працуюць на апярэджанне пратэстаў грамадзян, а случчане арганізуюць падпольныя пратэставыя акцыі.
Складваецца ўражанне, што цэнтр горада для случчан у верасні 2020 года з’яўляецца забароненым месцам. Кожны дзень там нясе дзяжурства міліцэйскі патруль. Слуцкі РАУС працуе на апярэджанне пратэставых акцый, таму падчас іх людзей літаральна выганяюць з цэнтра горада. Асабліва ўзрушваюцца міліцыянты ў тыя часы, калі акцыі пратэсту адбываюцца ў Мінску. Яны імкнуцца тут жа выцесніць людзей са сквера, які знаходзіцца насупраць райвыканкама. І не важна, што гэтыя грамадзяне нават нічым не абазначаныя: ні «забароненымі» колерамі ў адзенні, ні балонікамі ці сцягамі.

Сітуацыя даходзіць да абсурду. 27 верасня карэспандэнту НЧ і па сумяшчальніцтве старшыні Слуцкага таварыства беларускай мовы ўдалося быць сведкай маразматычных паводзін супрацоўнікаў РАУС.

Так, у 14-20 праходжу па дарожцы, якая вядзе праз сквер каля Случы. Каля Цэнтра дзіцячай творчасці бачны дзяжурны міліцэйскі аўтамабіль. На адной з лавак сядзяць некалькі жанчын і малады хлопец. Заводжу з імі гутарку на беларускай мове. У адказ чую таксама некалькі беларускіх слоў. Узнікае цікаўнасць для далейшай размовыі, якая так і не паспявае развіцца.

Тут жа з’яўляюцца побач тры постаці ў міліцэйскай форме, якія патрабуюць пакінуць сквер. Прыкладна размова ідзе так:

— Вы о чем здесь разговариваете?

— А што, нельга размаўляць?

— Нельзя собираться вместе.

— Чаму?

— Потому что объявлены массовые несанкционированные мероприятия.

— Дык у Слуцку ж ніхто не аб’яўляў.

— Все равно нельзя. Нельзя собираться больше одного человека.

— Чаму? Мы ж нават не пратэстуем. Нічога не крычым, сцягоў і шарыкаў не трымаем. Людзей зусім няшмат, і яны апрануты ў адзенне змрочных колераў. Нікому не перашкаджаем. Размаўляем паміж сабой. Я, вось, папулярызую беларускую мову.

— Чалавек з намі размаўляе. А мы сядзім. Нічога дрэннага не робім. Гэта ж наш горад. Чаму вы гоніце людзей ні за што?

— Если не уйдете, будем составлять административные протоколы па статье 23:34. Массовое мероприятие.

Пасля гэтых слоў міліцыянт дэманстратыўна дастае мабільны тэлефон і ўсім сваім выглядам паказвае рашучасць намеру выканаць адміністрацыйнае затрыманне. Пераглянуўшыся, жанчыны і хлопец пакідаюць лаўку. Я таксама сыходжу з гэтага «ўтульнага месца».

Слуцкі РАУС зможа праінфармаць сваё абласное начальства, што «ў горадзе ўсё спакойна, усе “экстрэмісты” нават не маюць магчымасці сабрацца разам». Але ці будуць задаволены людзі такімі дзеянямі праваахоўнікаў?

Слуцкія праваахоўнікі робяць выгляд, што яны ахоўваюць грамадскі парадак. Магчыма, яны нават перакананы ў гэтым і не разумеюць, што ім трэба ахоўваць нашы канстытуцыйныя правы, якія былі парушаны падчас фальсіфікацый выбараў. Зараз міліцыянты сваімі дзеяннямі парушылі не толькі права на мірны пратэст, але і звычайнае права гуляць у горадзе і адпачываць на лаўцы ў скверы. Маразм? — Яшчэ які! — выказала сваю думку адна з прысутных жанчын.

Выгнаныя з цэнтральных вуліц, неабыякавыя случчане шукаюць іншыя метады выказвання сваёй нязгоды з дзеяннямі ўлады, якую яны не прызнаюць законнай.

Так, некалькі дзён таму высока над дамамі залунаў бел-чырвона-белы сцяг. ЖКГ прыйшлося скарыстаць спецтэхніку, каб сцягнуць яго з правадоў. У іншым месцы горада, на сцяне дома, што на вуліцы Манахава, з’явілася цікавае графіці ў выглядзе бел-чырвона-белага парасоніка і малюнка дзіцяці з бел-чырвона-белымі балонікамі.
 Фота kurjer.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: