Mark Formelle пра новую калекцыю: цытаты расійскіх літаратараў мацнейшыя за беларускія

У пачатку сакавіка кампанія Mark Formelle выпусціла «Літаратурную калекцыю» маек з цытатамі расійскіх аўтараў: Гогаля, Дастаеўскага, Бродскага. Піяр-менеджарка Mark Formelle Вольга Шынкарова патлумачыла Свабодзе, чаму на прынтах калекцыі няма цытатаў беларускіх літаратараў.
Паводле Шынкаровай, распрацоўваючы калекцыю, аўтары разглядалі цытаты беларускіх і расійскіх літаратараў. Перад дызайнерамі стаяла задача сумясціць «шмат годных цытатаў» з модай.

«Абраныя цытаты расійскіх пісьменнікаў падаліся актуальнейшымі і мацнейшымі», — сказала Шынкарова.


У Mark Formelle не выключаюць, што калекцыю будуць дапаўняць іншымі цытатамі, у тым ліку беларускіх аўтараў. Шынкарова згадала ранейшы поспех беларускацэнтрычных калекцыяў брэнду. Яна таксама паведаміла, што кампанія спытала ў сацыяльных сетках, якія цытаты беларускіх аўтараў хацела б бачыць на новых майках аўдыторыя брэнду. Свабодзе не ўдалося знайсці гэтага допісу ў Instagram, УКантаце і Facebook кампаніі.

Продаж «Літаратурнай калекцыі» Mark Formelle стартаваў 3 сакавіка. Калекцыя складаецца з белых і чорных маек з прынтамі — цытатамі шасці расійскіх літаратараў: Аляксандра Блока, Казьмы Пруткова, Мікалая Гогаля, Фёдара Дастаеўскага, Іосіфа Бродскага, Міхаіла Булгакава. Большую частку калекцыі ў інтэрнэт-краме кампаніі распрадалі цягам першых гадзінаў.

Беларуская кампанія Mark Formelle знаходзіцца ў Заслаўі і гандлюе з 17 краінамі Еўропы, Блізкага Усходу і Цэнтральнай Азіі. Інтэрнэт-крамы брэнду арыентуюцца на Беларусь, Казахстан і Расію.

Паводле svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: