Марш адзінства ў Брэсце: сілавікі атрымалі каманду «фас»

У нядзелю, 6 жніўня, у Брэсце Марш адзінства пачаўся не як звычайна.

Плошча Леніна была перакрытая вялікімі кардонамі спецлюдзей у чорных масках. Збор прайшоў пры помніку 1000-годдзя Брэста. Далей людзі пайшлі па пешаходнай вуліцы Савецкай, міма закрытай уладамі з другога падыходу крамы нацыянальнай вопраткі і сувеніраў «Князь Вітаўт». На дзвярах цэтлік — крама цалкам перамясцілася ў сеціва.

Пры выхадзе з Савецкай на праспект Машэрава пачаліся жорсткія затрыманні. Найперш людзі ў чорным скруцілі маладзёнаў з банерам «САМОЗВАНЕЦ УХОДИ!». Затрымана было каля 40 чалавек.
Жорсткія затрыманні

Але дэманстранты праявілі характар і рушылі далей у бок мікрараёна Усход. Калона дасягнула, ацэначна, каля двух кіламетраў у даўжыню і колькасці ў 5-8 тысяч. Ходнік не мог умясціць столькі, таму ішлі правай праезнай часткай шасціпалоснай магістралі, пакідаючы адну паласу для транспарту.

Пры імправізаваным мемарыяле Генадзя Шутава калона спынілася на хвіліну маўчання.

Далей пратэстоўцы выбралі новы маршрут, пайшлі Партызанскім праспектам цераз спальны прамысловы раён вуліцы Янкі Купалы, каб вярнуцца ў цэнтр не па Пушкінскай, а па Маскоўскай.


Па ходу да калоны далучаліся новыя і новыя ўдзельнікі.


На ходніку і веладарожках можна было бачыць улёткі, прызначаныя для таптання.

Выява Лідзіі Ярмошынай заклікала растаптаць яе так, як яна растаптала галасы беларусаў. Міністр МУС Юрый Караеў быў сфатаграфаваны як аб’яўлены ў вышук за спрыянне фальсіфікатарам выбараў. Міністра абароны за подпісам «Прастытуткі» абазначылі афарызмам «Хрэн не саладзей за рэдзьку».

Відавочна, што сёння сілавікам па ўсёй краіне паступіла каманда «фас». Відавочна, гэта звязана з візітам Лукашэнкі ў Маскву праз тыдзень. Відавочна, яны зноў сеюць вецер. 

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: