Марш справядлівасці ў Брэсце — з затрыманнямі і стралянінай (фота)

Берасцейцаў не пусцілі з цэнтру горада. Марш прайшоў па пешаходнай вуліцы Савецкай, ды і тое пад наглядам «ціхушнікаў» і атакамі АМАПу.


Плошча Леніна зноў была заблакаваная.

Каля 15-й калона з прыкладна 300 чалавек паспрабавала выйсці на праспект Машэрава, але на іх дарозе сталі міліцыянты і АМАП. Людзі вярнуліся да помніка 1000-годдзю Брэста і прайшлі ўверх па вуліцы. Па дарозе скандавалі «Жыве Беларусь», «Сабачку!», «Уходи!». Правялі пераклічку: «Алкаголікі!» — «Тут!», «Наркаманы!» — «Тут!», «Прастытуткі!» — «Тут!». «Тады ўсе ў зборы». 

Каля 17-й калона, якая павялічылася прыкладна ў 5 разоў, наблізілася да мініпляцу пры скрыжаванні з Пушкінскай, дзе гадзіну ўжо граў гарадскі духавы аркэстр, выступалі спевакі мясцовай філармоніі ды таньчылі пары, збольшага сталага веку. Дэманстранты праслухалі некалькі песень, падтрымалі выступоўцаў воплескамі і гучным «Малайцы!».


Атмасфера з крыху напружанай ператварылася ў цёплую, але тут сказаў сваё слова дырыжор аркестра Коваль. Ён запатрабаваў прыбраць сцягі, маўляў, імпрэза непалітычная. Дэманстранты абурана загулі. Нейкі момант доўжылася паўза. Коваль перамовіўся з «адказнай супрацоўніцай».


Міліцыю клікаць не сталі. Дырыжор зноў узмахнуў палачкай. Але новапрыбылыя слухачы развярнуліся і сышлі. Услед ім прысутная пажылая дама сказала «Всё-таки хорошая у нас молодёжь».


«Хорошую молодёжь» ды іншых перад помнікам 1000-годдзю перастрэлі шыхты «касманаўтаў». Глядзелі князі з цокаля помніка на іхнюю акцыю. Пад’ехалі некалькі бусаў, пачаліся затрыманні. Раздаўся стрэл і, як падалося, выбух светлашумавой гранаты.


Спачатку пратэстоўцы пабеглі ад помніка па Савецкай і па дварах, але потым вярнуліся. Сказалі, што АМАПаўцы затрымалі жанчыну сталага веку, а калі за яе ўступіўся муж, пачалі дубасіць таго. Гэта выклікала гнеў дэманстрантаў, і яны пачалі рэагаваць. Адны крычалі «Трыбунал!» і пляскалі ў далоні, другія адбівалі затрыманых.  



Неўзабаве навакольная гуляючая публіка была знятая на міліцэйскую камеру, кардоны былі проста знятыя, бусы АМАПу з’ехалі.

Тэлеграм-каналы паведамляюць пра больш затрыманняў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: