Марш вызвалення палітвязняў у Берасці: іншая стратэгія, больш працы міліцыі і АМАПу

У нядзелю 4-га кастрычніка маніфестанты не маніфеставалі бесперапынна, каб не даваць падставы для затрыманняў. Яны збіраліся у розных месцах цэнтра горада і праводзілі кароткія серыі апладысментаў, воклічаў або дэманстрацыі сцягоў.
Берасцейскі марш пачаўся бліжэй да 15-й. Ля Калгаснага рынку каля двухсот чалавек прайшлі кампактна, прыпыняючы рух і апладуючы. Некаторыя з пажылых жанчын, якія прадавалі грыбы ды гародніну, выказвалі незадаволенасць, якая каранілася хутчэй за ўсё ў тым, што дэманстранты адхілялі ўвагу кліентаў. Іншыя ім пярэчылі, маўляў, маладыя маюць права голасу і хочуць жыць у свабодзе.

Пратэстоўцы ля Калгаснага рынка

Пад’ехалі экіпаж ДАІ і бус з “касманаўтамі”. Затрымалі маладзёна ў цішотцы з “Пагоняй”. Тым часам некансалідаваныя пахаджане былі ўжо каля кінатэатра “Беларусь”, які ператварыўся для начальніка аддзела грамадскай бяспекі Ленінскага РАУС падпалкоўніка Самасюка і яго намесніка ў свайго роду штаб. Адтуль яны накіроўвалі шматлікіх міліцыянтаў на блок-пастах і ў дварах цэнтра горада, “ціхушнікаў” і мабільныя групы АМАПу.


Ахоўнік кінатэатра, мабыць дзеля сітуацыі, калі хтосьці з пратэстуючых забяжыць у будынак, меў свісток. Але да яго гонару, ні разу ў яго не засвістаў.

Бусы АМАПу ля кінатэатра «Беларусь»

Бусы АМАПу ля кінатэатра «Беларусь»

Ахоўнік кінатэатра са свістком

Ахоўнік кінатэатра са свістком

Пляц Леніна быў агароджаны жалезнымі бар’ерамі, міліцыянты прапускалі толькі паасобных пешаходаў. Асабліва ахоўвалі “сілавікі” скрыжаванне бульвара Касманаўтаў (сапраўдных) і праспекта Машэрава. Побач на відным месцы прыпаркавалі міліцэйскі МАЗ-эвакуатар аўтамабіляў.

Блок-пост з эвакуатарам
Заблакаваны пляц Леніна

Пратэстоўцы сышлі ад натаптанага міліцыянтамі пляцу пры кінатэатры “Беларусь” і згуртаваліся каля вулічнага музыкі. Падцягнуўся Аляксей Голікаў, які пазіцыянуе сябе як “антыблогер”, але падобны яшчэ і да міліцэйскага канфідэнта. Пасля яго “стрыму” АМАП забраў некалькі чалавек, сярод іх грамадзянскага актывіста са стажам Ігара Бараноўскага. Былі затрыманыя таксама абазначаныя ва ўстаноўленым парадку журналісты сеціўнага часопіса “Бінокль” і “Брестской газеты”. Іх амаль адразу адпусцілі.

Аўтазак едзе да месца затрыманняў

Аўтазак едзе да месца затрыманняў

Аляксей Голікаў шчыруе

Вулічны канцэрт

Бліжэй да вечара АМАПу давялося ў спешным парадку мяняць дыслакацыю — пратэстоўцы абазначыліся на Набярэжнай імя Скарыны. Але там разабрацца, хто пратэстуе, а хто адпачывае ці збіраецца паплысці на цеплаходзе “Гродна”, было відавочна цяжка. “Касманаўты” нават не пакідалі бусы.


Каля паловы на сёмую вечара Марш вызвалення палітзняволеных у Берасці закончыўся разгортваннем бел-чырвона-белых сцягоў на адным з мікрапляцаў цэнтра.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: