Маршруткі «Полацкага экспрэса» прыпынілі паездкі праз «кабальныя» ўмовы аблтрансу?

Кампанія «Полацкі экспрэс», якая вазіла пасажыраў па маршруце Мінск — Полацк (Наваполацк) — Мінск, абвясціла аб тым, што з 1 кастрычніка часова прыпыніла працу.
Фота з адкрытых крыніц

Фота з адкрытых крыніц

21 верасня «Полацкі экспрэс» перастаў браніраваць паездкі на кастрычнік, бо тэрмін дамовы на рэгулярныя перавозкі ў кампаніі скончыўся 13 верасня.

Галоўнай прычынай прыпынення працы кампанія называе прапанаваныя «кабальныя» ўмовы супрацоўніцтва з аператарам пасажырскіх перавозак — «Мінскаблпасажыртрансам».

«Многія пункты дамовы не толькі ўшчамляюць інтарэсы нашага прадпрыемства, але і маюць кабальныя прыкметы, выяўленыя ва ўключэнні ў дагавор пунктаў, якія супярэчаць дзеючаму заканадаўству аб спагнанні платы за паслугі, якія павінен аплачваць заказчык; пунктаў, якія ўшчамляюць канстытуцыйныя правы, а менавіта пазбаўленне магчымасці адстойваць свае правы па гэтай дамове ў судовым парадку», — гаворыцца ў заяве кампаніі-перавозчыка.

У другой палове верасня «Полацкі экспрэс» накіраваў аператару пасажырскіх перавозак пратакол рознагалоссяў да прапанаванай імі дамовы, але адказу ад «Мінскаблпасажыртрансу» не атрымаў.

TUT.BY

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: