«Маршы мудрасці — гэта проста фантастыка!». Пенсіянерку дэпартуюць у Расію за ўдзел у пратэстах

За апошнія 3 месяцы — два затрыманні, тры суды, лячэнне ў шпіталі пасля апёкаў і атручэння газам, 13 дзён у Жодзіне, каранавірус, зноў шпіталь і рашэнне аб дэпартацыі з Беларусі. Гісторыя 61-гадовай беларускі з расійскім пашпартам Ніны Прывалавай, якая ходзіць на акцыі пратэсту.




 Да 22 студзеня павінна пакінуць Беларусь

24 снежня Ніну Прывалаву выклікалі ў міграцыйную службу. Намеснік начальніка Фрунзенскага РУУС і супрацоўніца аддзелу грамадзянства і міграцыі ўручылі дакумент, што прынята рашэнне аб яе дэпартацыі. Да 22 студзеня 61-гадовая жанчына павінна пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на 1 год. Ніна Прывалава — грамадзянка Расійскай Федэрацыі, хоць нарадзілася ў Магілёўскай вобласці і 48 гадоў жыве ў Беларусі.

«Я нарадзілася ў вёсцы. У сям’і было пяць дачок. Бацькі не маглі нас матэрыяльна забяспечыць, маці — настаўніца, бацька — механізатар. Колькі яны там зараблялі... Таму мы і з'ехалі ў маладосці на Поўнач Савецкага Саюзу, каб зарабіць», — апавядае яна «Свабодзе».

На пачатку 1990-х, калі распаўся СССР, Ніна Прывалава працавала ў Цюменскай вобласці нароўні з мужчынамі на нафтавых радовішчах. Аўтаматычна атрымала расійскае грамадзянства. Усяго ў Расіі адпрацавала 13 гадоў. У 1998 годзе вярнулася ў Беларусь.

«Я атрымліваю пенсію з бюджэту Расіі, не абцяжарваю пенсійны фонд Беларусі»

Спадарыня Ніна не ўтойвае, што пакінула расійскае грамадзянства выключна таму, што ў Расіі ў яе выпадку пенсія значна вышэйшая, чым у Беларусі.

«Я атрымліваю пенсію з бюджэту Расіі, я не абцяжарваю пенсійны фонд, бюджэт Беларусі, а трачу фактычна расійскую пенсію ў Беларусі.

Так, я зарабіла на кватэру ў Расіі, там мы яе прадалі, і я купіла жыллё ў Беларусі, спачатку ў Мар’інай Горцы, потым у Мінску, бо Беларусь — мая радзіма.

Супрацоўніца аддзелу грамадзянства і міграцыі Фрунзенскага РУУС Вікторыя Мацевасьян кажа: «Ну што, Ніна Ўладзіміраўна, вам, мабыць, лепш будзе жыць у Расіі?» Я адказала гэтай спадарыні Мацевасьян: «Думаеце, буду прыніжацца і падаць на калені? Не! Не трэба мяне палохаць, Вікторыя Вячаславаўна! Ёсць людзі, якія робяць гадасць, але ўмеюць гэта схаваць. А вы прыхаваць нават не ўмееце, вы так шчыра радуецеся!»

Намеснік начальніка РУУС кажа: «А што ж вы родных не прывялі, каб папрасілі за вас?» А я гляджу, што гэта рашэнне прынятае 15 снежня! Яны чакалі, што я прывяду дзяцей, унукаў, пляменнікаў, каб яны прасілі: «Не высылайце бабулю, маці».

Ім патрэбны тэатр, відовішча. Наступаць на сваю годнасьць я не буду, не буду рабіць з дзяцей і ўнукаў анучы, каб ногі аб іх выціралі!» — Ніна Прывалава не стрымлівае эмоцый.

 

«Няма жадання хадзіць па судах. Гэта такія нервы!»

Ніна Ўладзіміраўна перакананая, што прынятае рашэнне аспрэчваць няма сэнсу. Праўда, заявы на абскарджанне яна напісала. Аднак чакаць суду не будзе, ды і маральных сіл зноў судзіцца ў яе няма.

«Усё адно вышлюць. За адно затрыманне высылаюць. А ў мяне іх два. Я перажыла 3 суды. Гэта такія нервы! Так прыніжальна, што ты нічога не можаш даказаць. Вераць толькі міліцыі. Я потым пластом ляжу пасля гэтых судоў. Пасля размовы ў міграцыйнай службе суткі ляжала!

Абскарджаньне ж не адменіць дэпартацыю, а толькі адтэрмінуе. Гэта як суд, калі справу адпраўляюць на дапрацоўку. А што добрага? Усё адно пакараюць. Так, з'едзеш не 22 студзеня, а ў сакавіку ці летам. Але ж тэрмін адлічваецца з даты ад’езду! Лепш я, як той казаў, раней сяду, раней выйду. Я пакіну тэрыторыю Беларусі і не збіраюся ваяваць», — кажа Ніна Ўладзімераўна.

Тыдзень у шпіталі з апёкамі і атручэньнем газам

Ніна Ўладзіміраўна не ўтойвае сваёй грамадзянскай пазіцыі. Першы раз яе затрымалі 11 кастрычніка — яна пайшла на марш, каб сустрэць легендарную Ніну Багінскую і падараваць ёй сваю кнігу «Грёзам судьбы вопреки». Багінскую не сустрэла, але расказвае, што наляцелі амапаўцы, якія на яе вачах вельмі жорстка затрымлівалі моладзь. Тады сталыя жанчыны сталі ў «счэпку» і паспрабавалі абараніць хлопца, якога пабілі да крыві. Хлопца закінулі ў аўтазак, а жанчынам у твар пырснулі з газавага балончыка.

Ніна Прывалава атручэнне газам адчула не адразу — яе затрымалі, пасадзілі ў бус, завезлі ў пастарунак, да ночы трымалі, але выпусцілі. Уначы жанчыне стала вельмі кепска, яна задыхалася. Раніцай шпіталізавалі ў лякарню хуткай дапамогі. Праляжала там тыдзень.

Дыягназ — таксічнае ўзьдзеянне газаў, дыму і пары; хімічны апёк рагавіцы; хімічны апёк паражніны носа, насаглоткі, ратаглоткі, гартанаглоткі; востры рэактыўны лярынгатрахеабранхіт. Працягвае лячэнне дагэтуль.

Жодзіна: катаваньне холадам, лаянка, каранавірус

8 лістапада зноў затрымалі на маршы. Закінулі ў аўтазак, завезлі ў Заводзкае РУУС, этапавалі ў Жодзіна. Асудзілі на 12 дзён арышту, сведкам быў міліцыянт з выдуманым прозвішчам Матроскін.

«У Жодзіне я адседзела не прысуджаныя 12 дзён, а 13. Спачатку 17 чалавек пасадзілі ў камеру, разлічаную на чацьвярых, пратрымалі там суткі. Потым была камера на 8 чалавек, а нас было 10. Нас катавалі холадам: адключылі батарэі, вакно разбітае. Спалі ў куртках і шапках.

Да таго ж пасадзілі ў камеру жанчыну з каронавірусам. І ў каго не было антыцелаў, хто раней не перахварэў, усе падчапілі вірус. Я цяжка хварэла, і дагэтуль слабасць, дрэнна сябе адчуваю.

Абразы, лаянка. Я пражыла 61 год, ніколі такіх слоў не чула на свой адрас. Прыніжэньне ў камерах — гэта не перадаць!» — успамінае свае 13 сутак Ніна Ўладзіміраўна.

З асаблівай цеплынёй яна прыгадвае маршы пэнсіянэраў.

«Якія там адукаваныя, інтэлігентныя людзі: былыя мэдыкі, былыя настаўнікі, службоўцы, яны ідуць не дзеля сябе, а дзеля дзяцей і ўнукаў. Яны не хочуць, каб унукі з'яжджалі!

Маршы пэнсіянэраў — гэта проста фантастыка! Я хадзіла на іх з такім задавальненнем, каб зарадзіцца ад гэтых цудоўных людзей мудрасцю. Гэта неймаверныя людзі. А іх і газам труцілі, і закідвалі ў бусы — улада ўжо апусцілася ніжэй за плінтус», — працягвае яна.

Цяпер, перад дэпартацыяй, на акцыі пратэсту Ніна Ўладзіміраўна не ходзіць — асцерагаецца «засвяціцца», бо тады могуць дэпартаваць на яшчэ большы тэрмін. Ці наогул завесці крымінальную справу.

«Ніякіх думак, прапаноў, куды ехаць, пакуль няма»

Куды ехаць, Ніна Ўладзіміраўна не ведае. Магілы бацькоў, бабуль тут, у Беларусі. Дзеці, унукі, іншая радня таксама тут.

«Мне кажуць: едзьце туды, адкуль прыехалі. Ды ў мяне там нічога няма! Бацькі, бабкі і дзяды пахаваныя тут. Дзеці, унукі, уся радня тут.

У Цюменскай вобласці, праўда, ёсць сястра, у якой свая сям’я, маленькая кватэра. Ну перасяку 4 тысячы кіламэтраў, пагасцюю ў яе, а што далей?

Апынуцца ў зусім чужой краіне — Літве ці Польшчы — я таксама не хачу. У 61 год пачынаць жыццё з чыстага ліста цяжка. Ды і моўны бар’ер, сяброў нідзе няма. Ніякіх прапаноў, думак, куды ехаць, пакуль няма. Разлічваю толькі на сябе», — кажа Ніна Прывалава.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: