Марыя Калеснікава: «Да сілавікоў не адразу дайшло, што без пашпарта я не паеду»

Марыя Калеснікава з СІЗА адказала на пытанні The Village

У глянцавых выданнях нулявых журналіст спачатку абавязкова апісваў, як выглядае селебрыці, да якой ён прыйшоў на размову. У чым апрануты, як жэстыкулюе, як моршчыцца і п'е каву.

На жаль, у нашай рэальнасці інтэрв'ю з засценкаў следчых ізалятараў мы можам толькі ўяўляць твары герояў. Аднак Яўгенія Сугак, журналістка The Village, піша, што правяла шмат часу з Машай летам і добра памятае яе ідэальную ўсмешку, бліскучыя вочы і неверагодную энергію.

«Маша — абраз», — сказаў мой сябар яшчэ да таго, як Калеснікава парвала свой пашпарт. А пасля гэтага ўчынку наогул складана знайсці вычарпальныя вызначэнні для гэтай жанчыны. Марыя адказала на пытанні The Village пра тое, ці прыкідваецца яна такой бадзёрай, як прыдумала парваць пашпарт, калі апошні раз плакала і ці можна дастукацца да сілавікоў.

— Маша, у інтэрв'ю да выбараў ты сказала мне, што, калі мы не пераможам, — нас усіх закатаюць у асфальт. Гэта яно і ёсць цяпер? Нас закаталі?

— Мы ўжо перамаглі — сябе, свой страх. І мы дакладна ведаем, чаго хочам. Але нас яшчэ спрабуюць закатаць у чырвона-зялёны асфальт. Свабодных моцных людзей больш ніколі не загнаць «пад плінтус». А нам галоўнае — памятаць: цямней за ўсё перад світаннем.

— Як змяніўся твой характар праз паўгода турмы?

— Яшчэ больш самадысцыпліны, парадку ў справах і галаве развіваюць здольнасць не звяртаць увагі на нязручнасці. А так я раблю максімум з таго, што магу, з тым, што ёсць, там, дзе я ёсць.

Ты вельмі жыццярадасная ў лістах, што не вельмі характэрна для чалавека ў турме. Гэта праўда так? Ці на самой справе табе дрэнна, але ты стараешся падтрымліваць людзей сваім аптымізмам?

— Гэта праўда. Што тычыцца майго аптымізму і здольнасці атрымліваць задавальненне ад жыцця ў любых умовах, не змянілася нічога. Калі з'яўляюцца праблемы, вырашаю. Калі не магу іх адразу вырашыць — раблю паўзу, рыхтуюся, чакаю адпаведнага моманту і вырашаю. Я лічу, што турма — не месца для слёз і суму, а смяюся я таксама гучна і ад душы. Спытайце ў супрацоўнікаў і следчых.

— У нядаўнім інтэрв'ю ў Лукашэнкі спыталі пра цябе, і ён зрабіў выгляд, што не памятае, хто такая Калеснікава. Ты памятаеш, хто такі Лукашэнка?

— Вельмі добра памятаю гэтага чалавека. Гэты чалавек сам сябе называе дыктатарам, беларусаў — народцам, а Беларусь — шматком зямлі. Ён прызнаецца, што даў адмашку на знішчэнне самых моцных канкурэнтаў і ўтапіў краіну ў крыві і гвалце. Відавочна, што гэты чалавек напалоханы да смерці, і гэтага чалавека мне шкада.

— Маша, людзі амаль перасталі выходзіць на вуліцы. Цябе гэта крыўдзіць, турбуе?

— Я захапляюся беларускім народам. Мы змяніліся, і гэта — назаўсёды! Ганаруся адвагай і нашай настойлівасцю і ведаю дакладна, хто ў гэтым марафоне пераможа.

— Складваецца адчуванне, што ты нічога не баішся. Ты хоць чаго-небудзь баішся?

— Як і любы нармальны чалавек, час ад часу я магу адчуваць страх. Але страхі не звязаныя з турмой, КДБ і людзьмі ў масках. Калі разумееш, што тыя, хто спрабуе цябе запалохаць, на самой справе баяцца больш, чым ты, — страх сыходзіць сам сабой. Не адразу, але сыходзіць.

— А як не баяцца астатнім людзям? Ці ёсць нейкі практычны рэцэпт ад Марыі Калеснікавай, як навучыцца не баяцца?

— Самога пачуцця страху я вучуся не баяцца. Уяўляю горшае з таго, што можа здарыцца, і кажу сабе «ну ок» — і страху як ні бывала.

— Ты разважаеш пра тое, чым бы ты цяпер займалася, калі б з'ехала тады за мяжу і не села ў турму?

— Ні разу пра гэта не думала. Гэта значыць, не разглядала такі варыянт.

— Што табе сніцца ў турме?

— Добра і моцна сплю, нягледзячы на яркае святло ў камеры. Сны не сняцца, хоць, можа, я і не памятаю.

Бабарыка ў сваім нядаўнім інтэрв'ю сказаў, што плануе ісці на выбары. А ты? Ці збіраешся ты заставацца ў камандзе Бабарыкі і весці яго на выбары?

— Я буду падтрымліваць Віктара Дзмітрыевіча і буду ў камандзе, бо гэта самая лепшая каманда ў свеце. Мяркуйце самі: за месяц Віктар Дзмітрыевіч і Эдуард сабралі dreamteam — і гэта не проста прафесіяналы самага высокага класу ў сваіх сферах, але і людзі, для якіх свабода, прыстойнасць, годнасць і вернасць сваім ідэалам — прынцыпы жыцця. Віктар Дзмітрыевіч і Эдзік амаль 9 месяцаў за кратамі, палова каманды таксама, частка вымушаная пакінуць свае сем'і, дамы, Беларусь, а частка гераічна засталася ў Мінску. Але праца ні не на дзень не спынялася, і мы не спынімся нават у такіх умовах, працягваючы ісці да перамогі. Так, халера, я шчаслівая быць разам! Уся каманда, вы — Героі! Так трымаць! Люблю вас!

— Шмат хто кажа, што гэта Бабарыка і яго штаб разгайдалі ўсю гэтую лодку летам. Ты таксама так лічыш?

— Уклад Віктара Дзмітрыевіча і яго каманды ва ўсе наступныя змены, якія адбыліся з людзьмі і краінай складана пераацаніць. Але важна памятаць, што беларусы самыя неверагодныя людзі — проста трэба было, каб хтосьці ім пра гэта нагадаў.

— Ці верыш ты, што да чыноўнікаў і сілавікоў можна дастукацца?

— Упэўненая, што так. Чалавек, які сам сябе называе дыктатарам, не давярае нікому, ведаючы, што яму могуць здрадзіць. І гэта абсалютная праўда. «Красаўцы» пакінуць яго — і брывом не павядуць. Хто ж захоча адказваць за кроў гвалт і развал краіны разам з ім? Правільна, ніхто. А ўсе гэтыя бясконцыя «жахі» пра танкі, аўтаматы, Чаўшэску, Кадафі з яго вуснаў — самае дакладнае таму пацверджанне. Ён баіцца да жаху, бо ведае, што ўрэшце застанецца зусім адзін.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: