Марыі Калеснікавай прад’явілі канчатковае абвінавачанне

Расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні палітзняволенай Марыі Калеснікавай завяршылася, цяпер яна знаёміцца з матэрыяламі справы. Яе абвінавачваюць па трох крымінальных артыкулах.


Справа Марыі і Максіма Знака выдзеленая ў асобную вытворчасць. 11 траўня стала вядома, што Знаку выставілі канчатковыя абвінавачанні, але звесткі з папярэдняга следства і нават прозвішчы следчых адвакаты казаць не могуць. Паводле Дзмітрыя Лаеўскага, які бароніць інтарэсы Знака, абвінавачанне яму «складаецца з абстрактных фармулёвак, з якіх абсалютна няясна, у чым менавіта палягаюць дзеянні Максіма, расцэненыя следчым як злачынства», перадае Радыё Свабода.

Марыю Калеснікаву схапілі 7 верасня 2020 года ў цэнтры Мінска. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезлі ва Украіну. Аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады ёй выставілі абвінавачанне «ў закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт».

У канцы снежня Генеральная пракуратура завяла супраць Калеснікавай і іншых чальцоў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэння экстрэмісцкага фармавання і кіравання ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

У лютым Калеснікаву і аднаго з яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім» (ч. 1 арт. 361-1).



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: