Марыі Калеснікавай прысуджаная Штутгартская прэмія міру

Грамадзянская ініцыятыва з Германіі «AnStifter» узнагародзіла адну з лідарак беларускай апазіцыі за мужную барацьбу з аўтакратычным рэжымам Лукашэнкі.


Марыі Калеснікавай прысуджаная Штутгартская прэмія міру 2021 года. Пра гэта паведаміў яе заснавальнік — грамадская арганізацыя «AnStifte»r — позна ўвечары ў панядзелак, 12 ліпеня. У абгрунтаванні пастановы гаворыцца, што Калеснікава ўзнагароджваецца за мужную барацьбу з аўтакратычным рэжымам Лукашэнкі і за праваабарончую дзейнасць, піша «Deutsche Welle».

Марыя Калеснікава, якая 12 гадоў жыла ў Штутгарце, у 2020 годзе вярнулася ў Беларусь, дзе стала каардынатаркай штаба апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, адзначаецца ў абгрунтаванні. Пасля яе арышту ў верасні 2020 года яна стала адной з ключавых фігур пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі.

У траўні 2021 года Калеснікавай былі прад’яўленыя абвінавачанні па артыкулах пра заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі, пра змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама пра стварэнне экстрэмісцкага фармавання. Паводле інфармацыі штаба Бабарыкі, ёй можа пагражаць да 12 гадоў турмы.

Афіцыйная цырымонія ўзнагароджання прэміяй у памеры 5000 еўра адбудзецца 19 снежня. Штутгартская прэмія міру заснаваная грамадзянскай ініцыятывай «AnStifter» за асаблівыя заслугі ў дасягненні міру, справядлівасці і салідарнасці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: