Марына Мацулевіч абвесціць галадоўку на Дзень маці

Марына Мацулевіч, сын якой асуджаны па артыкуле 328 напісала на сваёй старонцы ў фейсбуку, што збіраецца абвесціць аднадзённую галадоўку на Дзень маці — 14 кастрычніка.
Марына Мацулевіч (у цэнтры) падчас галадоўкі 7 кастрычніка.

Марына Мацулевіч (у цэнтры) падчас галадоўкі 7 кастрычніка.

«На дзень маці, 14 кастрычніка, я буду праводзіць аднадзённую галадоўку ў падтрымку Канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, які так старанна спрабуюць разбурыць некаторыя службовыя асобы, якія фальсіфікуюць справы, або выносяць незаконныя пастановы», — піша Марына Манцулевіч.

«Хто ў гэты дзень праявіць салідарнасць і таксама будзе галадаць пішыце. Усё ж такі важна ведаць, што ты не адна», — папрасіла Марына Мацулевіч.

Сын бізнес-трэнеркі Марыны Мацулевіч быў асуджаны на 13 гадоў па 4 ч артыкула 328 КК. Па словах маці, справа была сфальсіфікаваная і яе сына мусілі вызваліць: паколькі сын выканаў патрабаванні, прадугледжаныя заўвагай да артыкула 328 КК, ён падлягаў вызваленню ад адказнасці.

Каб звярнуць увагу да гэтай праблемы Марына Мацулевіч каля ўваходу ў СІЗА № 1 па вул. Валадарскага 6 кастрычніка абвясціла галадоўку: яна патрабавала сустрэчы з Генеральным пракурорам і вызвалення сына. 7 кастрычніка да Марыны далучылася Наталля Старавойт, сын якой асуджаны па арт 328 на 11,5 гадоў. Жанчына таксама заявіла, што падчас следства і суда неаднаразова парушаўся закон і патрабавала правядзення адпаведных праверак.

Марына Мацулевіч і Наталля Старавойт спынілі галадоўку 8 кастрычніка. Як паведаміла БелаПАН Наталля Старавойт, жанчыны прынялі такое рашэнне ў сувязі з тым, што «для беларускай дзяржавы каштоўнасць чалавечага жыцця нічога не значыць, таму няма чаго губіць сваё здароўе дарэмна, трэба дамагацца справядлівасці».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-09 11:48:50
Раней, як усё роўна сёння было, памятаю, простыя бел-чырвона-белыя змагары, каб звярнуць на сябе ўвагу бел-чырвона-белай часткі беларускага грамадства і бел-чырвона-белых СМІ, залазілі пад Новы год на дзіцячую ёлку з бел-чырвона-белым сцягам, а злазілі ўжо героямі бел-чырвона-белай часткі нацыі. Ну і ў Польшчу потым да клёцак і ва ўніверсітэт польскіх мільёнаў простых бел-чырвона-белых змагароў-беларусаў. А зараз, бач ты, нешта змянілася...

Апынулася, што маці, калі стала маці, ня ведала, што трэба гадаваць дзіця адпаведна каштоўнасцям Канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, і, калі яе дзіця вырасла, то яна вырашыла крыху пагаладаць у знак падтрымкі Асноўнага Ладу Жыцця і Асноўнага Закона РБ. Дэмакратыя. Як мае быць.

Каментаваць