Марыне Золатавай — штраф 300 базавых велічыняў

Рэдактарцы партала TUT.BY Марыне Золатавай суд вынес вырак. Яна прызнаная вінаватай у «бяздзеянні службовай асобы» (ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса) і павінна сплаціць штраф у памеры 300 базавых велічыняў.

Марына Золатава пасля абвяшчэння прысуду. Фота Дзіяны Пінчук


Суддзя Аляксандр Петраш таксама пастанавіў спагнаць з Золатавай 6 тысяч рублёў на карысць БелТА за паслугі адвакатаў. Нагадаем, што прадстаўніца пракуратуры запатрабавала для Золатавай штраф у памеры 1000 базавых адзінак (25,5 тысяч рублёў).

Золатава заставалася адзінай абвінавачанай па «справе БелТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць прад’яўленую шкоду. Сумы розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў.

Першапачаткова Золатава таксама падазравалася па ч. 2 арт. 349 КК Беларусі (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі). Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але следства высветліла, што рэдактарка TUT.BY — адзіная, хто не ажыццяўляў доступ да платных матэрыялах БелТА. Пераслед па гэтым артыкуле ў дачыненні да Золатавай быў спынены «ў сувязі з нездзяйсненнем злачынства».

Нягледзячы на гэта, Следчы камітэт двойчы адмовіў Золатавай ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле 86-м артыкуле Крымінальнага кодэкса.

Тым не менш, у «справе БелТА» застаецца шмат пытанняў. Па-першае, сведкі, якіх дапытвалі ў судзе, адназначна паказалі: следчыя, якія займаліся гэтай справай, змушалі даваць іх паказанні менавіта супраць Золатавай. Чым «насаліла» рэдактарка TUT.BY Следчаму камітэту — невядома. Аднак толькі гэта ўжо сведчыць пра «замоўленасць» справы ад самага пачатку.

Па-другое, ступень вінаватасці Золатавай таксама выклікае пытанні. Паролі БелТА ў дзяржаўных СМІ не змяняліся дзесяцігоддзямі, і любы, звольнены з дзяржСМІ за гэты час, мог імі карыстацца. У тых жа дзяржСМІ быў адзін пароль на ўсіх супрацоўнікаў. Да таго ж, у самой БелТА ў дамове карыстання інфармацыяй не было забаронена выдаваць гэтыя паролі «іншым асобам».


Чытайце таксама: Матэрыялы з папярэдніх пасяджэнняў суда над Марынай Золатавай


Па-трэцяе, мы даведаліся, наколькі сапраўды папулярны платны сэрвіс «найбуйнейшага інфармацыйнага агенцтва краіны» і некалькі ён самаакупляльны. БелТА мае ўсяго 36 падпісчыкаў! Наўрад ці пры такой колькасці падпісчыкаў «несанкцыянаваныя заходы» маглі хоць неяк паўплываць на фінансавы стан інфармацыйнага агенцтва.

Больш за тое, на судзе Золатава сказала, што пераходы з TUT.BY да БелТА давалі апошняму да 50% трафіку ў пэўны час. То бок, гэта БелТА, «кармілася» з TUT.BY, а не наадварот.

Ну і галоўнае — Золатава, калі ёй стала вядома пра тое, што яе супрацоўнікі карыстаюцца «левымі» паролямі да БелТА (якое, разам з іх контрагентамі, яшчэ раз паўторымся, само дапусціла такую сітуацыю), прыняла захады да таго, каб у далейшым гэтага не адбывалася. Яна правяла тлумачальную працу з тымі, хто, наколькі ёй было вядома, гэтымі паролямі карыстаўся, і запатрабавала спыніць гэтую практыку. Ужо толькі на падставе гэтага справу пра «Бяздзейнасць службовай асобы» можна было б закрыць. Бо патрабаванні Золатавай — гэта «дзеянне», а не «бяздзейнасць».

Нагадаем, 7 жніўня ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгина, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласкар «Нямецкай хвалі» Павал Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайту газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!