«Масковію» для лекавых мэтаў не бяруць: як беларусы співаюцца на расійскіх настойках

Сасмяглыя беларусы за адну ранішнюю гадзіну дзясяткамі скупляюць настойкі глогу, календулы, сардэчніку. Аптэкары нават думаюць, што такія «лекі» вырабляюць адмыслова для алкаголікаў. Свабода наведала аптэкі, каб даведацца, чым можна напіцца ў абыход забароны на продаж алкаголю з 22.00 да 9.00.



Прыходзяць раніцай, каб перад працай «зарадзіцца»

 

 

Пятніца, 7.55 раніцы, станцыя метро Кунцаўшчына. Ля ўваходу ў аптэку ўжо чакаюць некалькі мужчын. Як толькі аптэка адкрываецца, кожны бярэ па два флаконы настойкі глогу — «ранішні набор». У кожным флаконе — па 50 грамаў, доля спірту — 70%. Кошт — 8 тысяч рублёў за шклянку. То бок, за 16 тысяч выходзіць 100 грамаў 70-градуснага напою.

«У нас пастаянна такія кліенты, — кажа аптэкарка Вольга. — Ад раніцы і да абеду штодня адныя і тыя. Каб хто ўвечары прыйшоў па глог — такіх не бывае».

Сваіх кліентаў яна ўжо ведае ў твар, і калі прыходзяць «новенькія», яна кажа, што настоек у іх няма.

«Таму што яны потым пачнуць хадзіць, а гэта ж такі пах брыдкі за імі цягнецца».

У крамах існуе забарона на продаж алкагольных напояў ад 22.00 да 9.00. На аптэкі гэты ўказ не распаўсюджваецца. Таму набыць свае сто грамаў тут можна ад самага адкрыцця — з 7 ці 8 раніцы.

Аптэка ў бліжэйшым падземным пераходзе працуе акурат з 7 раніцы. Там таксама звычайна хапае пакупнікоў настоек.

«Штук 20 за раніцу мы ўжо прадалі (за адну гадзіну — Р.С.), — кажа аптэкарка. — Відаць, ім так танней выходзіць. Раніцай прыходзяць, каб перад працай „зарадзіцца“ і пайсці».

Самыя буйныя аб’ёмы — у расійскіх настоек

 

 

Правізар Алена Віктараўна з аптэкі на вуліцы Даўгабродскай ужо 30 год стаіць за прылаўкам. Яна памятае савецкія часы, калі медычныя настойкі так масава не куплялі, як сёння.

«За савецкім часам фасоўка глогу была малой — 25 мл, — кажа правізар. — Мне здаецца, не было такога захаплення настойкамі, як цяпер».

У пасляперабудовачныя часы ўвялі рэцэпты на ўсе лекі, якія ўтрымліваюць спірт. Не толькі глог ці сардэчнік трэба было набываць па рэцэпце, а нават і валяр’янку.

Са словаў Алены Віктараўны, самыя пітныя настойкі ў аптэках — глогу, календулы, сардэчніку, «Масковія» і «Ламівіт». Ва ўсіх утрымліваецца 70% спірт. Першыя тры — беларускай вытворчасці. Іх вырабляюць у Барысаве. А вось «Масковію» і «Ламівіт» экспартуюць з Расіі, а ў нас толькі фасуюць. Папулярнымі яны сталі не так даўно.

«Вялікія флаконы ў вольным доступе гады два ўжо. Тады пачаўся ўсплёск. Напэўна, раней віно было больш таннае і якаснае».


«У лекавых мэтах „Масковію“ не бяруць, — кажа Алена Віктараўна. — Хіба якая бабуля для вонкавага націрання возьме». Акрамя вялікага аб’ёму і нізкай цаны, расійскія настойкі яшчэ выйграюць за кошт вялікай долі ўтрымання спірту — 96% у кожнай. Фактычна чысты спірт па кошце 12 тысяч рублёў за 100 грамаў. Многія аптэкары думаюць, што гэтыя лекі вынайшлі выключна для алкаголікаў.

Адная з аптэкарак таксама тлумачыць «поспех» «Масковіі» тым, што яна саладзейшая за іншыя настойкі. «Вось календула таксама танная — 6 тысяч за 50 грамаў, але горкая. Не ўсе яе п’юць. А «Масковія» — салодзенькая. Паспрабуйце самі, вам спадабаецца».

На форумах абмяркоўваюць, як лепш спажываць новыя настойкі

 

Знайсці «Масковію» ці «Ламівіт» у цэнтры Менску амаль немагчыма. Напрыклад, у аптэцы каля Акадэміі навук кажуць, што ў іх нават на складзе няма гэтых настоек.

«У нас няма, але дзе яны ёсць — ідуць пачкамі», — сказалі ў аптэцы.

Такая самая сітуацыя і каля плошчы Якуба Коласа. Там загадчыца мяркуе, што прадаваць такіх настоек у аптэцы не варта.

«Што тычыцца „Ламівіта“ ці бальзама „Масковія“, у нашай аптэцы яны не патрэбныя, — сказала аптэкарка Ірына. — Мы месцімся ў цэнтры гораду, да нас не ходзяць ні бамжы, ні алкаголікі».

Пра гэтыя прэпараты яна даведалася не так даўно. Шукаючы інфармацыю пра «Ламівіт» у інтэрнэце, Ірына выходзіла толькі на форумы, дзе абмяркоўвалася, як лепш спажываць гэты бальзам у якасці алкаголю.

«Яны там абмяркоўваюць, як пазбавіцца вітаміна А, каб не было пабочнага эфекту, — кажа Вольга. — У вялікіх дозах гэта зусім нездарова».

Аптэкарка кажа, што для ўсіх настоек можна знайсці неспіртавыя аналагі. Сёння ў аптэках прадаецца шмат зёлкавых збораў і таблетак, што маюць той самы эфект, як і настойкі.

«За мяжой, наколькі я ведаю, больш строгі продаж лекаў. Што ў нас элементарна, у іх — па рэцэптах, — кажа Ірына. — Але харчовы 90% спірт там прадаецца проста ў крамах».

Настойкі прадаюць, бо электарат да іх прызвычаіўся

 

Калі гаварыць пра замежжа, дык некаторыя беларускія настойкі ў Заходняй Еўропе ўвогуле трапляюць у шэраг забароненых псіхатропных рэчываў.

Уладзімер ПікірэняУладзімер Пікірэня
 

«У Скандынаўскіх краінах карвалол дакладна канфіскуюць, а яшчэ могуць затрымаць за распаўсюд і перамяшчэнне наркотыкаў», — расказаў "Свабодзе" Уладзімер Пікірэня, урач-псіхіятар, нарколаг.

Некаторыя настойкі, той жа карвалол, утрымліваюць фенабарбітал. Гэта моцны барбітурат, на замену якому ўжо знойдзеныя больш бяспечныя лекі — бензадыязепіны. І яны, пры неабходнасці ўжываюцца ў нашых клініках, пры істотна абмежаваным абароце праз аптэчную сетку.

«Безумоўна, гэтыя рэчы можна ўжываць і ў лекавых мэтах, — сказаў Пікірэня. — Але справа ў тым, што ў большасці выпадкаў яны ўжываюцца не з мэтай лекавання пэўных хваробаў, а якраз з мэтай ужывання алкаголю, альбо ўзмацнення дзеяння алкаголю».

На яго думку, распаўсюд гэтых лекаў можа быць звязаны з тым, што яны былі ў вольным доступе яшчэ з часоў Савецкага Саюзу. Таксама гэта добры бізнес для кампаній вытворцаў, якія лабіруюць продаж спіртавых настоек у аптэках.

«Акрамя таго, цяперашнія пенсіянеры, якія ўсё жыццё пілі карвалол ці іншую настойку, — гэта сур’ёзная частка электарату. Калі ім забараніць тое, што яны прызвычаіліся піць, гэта выкліча негатыўную рэакцыю».

Што рабіць з гэтымі настойкамі? Некаторыя аптэкары хоць і наракаюць на алкаголікаў, але думаюць, што лепш ім ужываць настойкі, чым іншыя таксічныя рэчы.

«Так іх шкада. Але калі забараніць, будзе яшчэ горш. Развядуцца таксікаманы».

Уладзімер Пікірэня ў якасці выйсця бачыць увядзенне рэцэптаў на спіртавыя настойкі. Ён прыводзіць у прыклад антыбіётыкі, на якія ўвялі рэцэптурную пакупку.

«Я ніякім чынам не хачу сказаць, што ўсе гэтыя лекі трэба пазабараняць, — кажа ён. — Але можна было б зрабіць рэцэптурнае набыццё і гэтых лекаў. Гэта істотна паменшыла б колькасць злоўжыванняў».

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: