Масква хоча раздаваць расійскія пашпарты грамадзянам Беларусі і Украіны

Новы расійскі законапраект накіраваны на вяртанне суайчыннікаў у Расію. Прычым у выпадку з украінцамі і беларусамі перадгісторыі пражывання ў Расіі не трэба, паведамляе «Еўрарадыё».

Грамадзяне Беларусі і Украіны пры жаданні змогуць атрымаць расійскія пашпарты. Адмаўляцца ад беларускага і ўкраінскага грамадзянства пры гэтым будзе не абавязкова. Гэтая норма ўтрымліваецца ў законе аб рэпатрыяцыі, які сёння будзе ўнесены на разгляд Дзяржаўнай думы Расіі, паведамляе РІА «Новости».

Законапраект накіраваны на вяртанне суайчыннікаў у Расію. Адзін з аўтараў дакумента — першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Канстанцін Затулін — распавёў, што суайчыннікамі прапануецца ўспрымаць людзей, якія самі або чые продкі жылі на тэрыторыі сучаснай Расіі, а таксама ўкраінцаў і беларусаў. Прычым у выпадку з украінцамі і беларусамі перадгісторыі пражывання ў Расіі не трэба.

«Калі яны хочуць і самаіндэтыфікуюць сябе як расійскія суайчыннікі, то мы не павінны ў гэтым выпадку іх не прызнаваць», — сказаў Затулін.

Ён лічыць, што прапанаваны алгарытм можа прыцягнуць у краіну «мільёны суайчыннікаў, перш за ўсё з Украіны».

Разглядаць гэты законапраект, паводле слоў Затуліна, будзе, хутчэй за ўсё, ужо новы склад Дзярждумы. Нагадаем, выбары дэпутатаў у Расіі пройдуць восенню — у адзіны дзень галасавання 19 верасня.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: