Мастака Алеся Пушкіна затрымалі падчас перформансу за беларускую мову

У 220-ю гадавіну нараджэння расійскага паэта Аляксандра Пушкіна ягоны беларускі цёзка мастак Алесь Пушкін зладзіў перформанс супраць дыскрымінацыі беларускай мовы і русіфікацыі, перадае «Радыё Свабода».
6 чэрвеня Алесь Пушкін выйшаў да крамы сеткі «Еўраопт» у цэнтры Крупак з плакатамі «Беларусь у NATO», «Russia — war!» («Расія — вайна»), «Stop russian agression on Europe» і інш.


Пратэстнай пляцоўкай стала крама «Еўраопт» у горадзе Крупкі Мінскай вобласці, у якой 8 траўня ў Пушкіна адбыўся інцыдэнт на моўнай глебе, там яго адмовіліся абслугоўваць па-беларуску.​

Праз паўгадзіны да Пушкіна выйшаў ахоўнік крамы і спрабаваў справакаваць яго на канфлікт.

Неўзабаве пад’ехала міліцыя. Міліцыянты канфіскавалі ўсе плакаты і сцяг мастака і спрабавалі яго затрымаць, але Пушкін супраціўляўся, тады некалькі міліцыянтаў сілай пацягнулі яго ў міліцэйскую машыну.

Дата перформансу была выбраная невыпадкова: 6 чэрвеня — дзень нараджэння расійскага паэта Аляксандра Пушкіна.
Мастак Алесь Пушкін, які жыве ў вёсцы Бобр Крупскага раёна, вядомы актыўным адстойваннем правоў беларускамоўных.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!