«Матчын рух 328»: міліцыя правакуе наркаманаў ісці на злачынства

Галоўнае ўпраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС парушае закон пры правядзенні аператыўных мерапрыемстваў па спыненні незаконнага абароту наркотыкаў, заявіла 11 снежня ў Мінску актывістка ініцыятывы «Матчын рух 328», член аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі «Наша права» Ліяна Шуба.
Шуба прыняла ўдзел у пасяджэнні круглага стала, прысвечанага праблеме прафілактыкі і пакарання за ўжыванне і распаўсюджванне наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. У гэтай сустрэчы таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі Следчага камітэта, кіраўнік камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Наталля Гуйвік, палітыкі і грамадскія дзеячы.

Актывістка ініцыятывы «Матчын рух 328» адзначыла, што часта бывае на судовых працэсах па справах, распачатых паводле арт. 328 КК (незаконны абарот наркотыкаў) у яе родным Жлобіне (Гомельская вобласць). Па словах жанчыны, на пасяджэннях часта высвятляецца, што аператыўнікі наркакантролю на працягу доўгага часу «вядуць» падазраваных.

«Чацвёра хлопцаў з Жлобіна, — прывяла прыклад Шуба. — Ідзе аператыўная распрацоўка — за імі назіраюць, як яны заказваюць наркотыкі праз інтэрнэт, аплачваюць, скінуўшыся ўчатырох па 15 рублёў, праз любы інфакіёск, затым едуць у Гомель па закладку. У цягніку на зваротным шляху змешваюць псіхатроп з гарбатай, дзеляць, ужываюць у тамбуры. Наркакантроль іх не спыняе. Яны прыязджаюць у Жлобін — іх цёпленькімі бяруць і ў стане наркатычнага ап'янення дапытваюць».

Яна перакананая, што такія дзеянні з боку праваахоўных органаў злачынныя, паколькі яны закліканы «прадухіляць злачынства, спыніць яго, а не абыякава назіраць за тым, як людзі здзяйсняюць злачынства, і не ўмешваюцца ў гэта».

«Больш за тое, яны правакуюць іх на больш сур'ёзнае злачынства, — падкрэсліла актывістка. — Зноў жа на прыкладзе нашага горада. Я ведаю пра крымінальную справу, дзе на кантрольны закуп, для таго каб нарказалежнага вывесці на чыстую ваду, выдзялялася 10 млн рублёў (тут і далей пазначаны сумы ў недамінаваных рублях. — БелаПАН.). Які залежны чалавек ўстііць супраць такой сумы? Ніякі. А па выніках затрымання гэтага чалавека, дарэчы, разам з закупшчыкамі пры ім было выяўлена ўсяго толькі 5,2 млн. Гэта значыць 4,8 млн дзяржаўных рублёў сышлі на наркотыкі, забавы — яны па казіно ездзілі. Вось такая праца наркакантролю».

«Мой сын атрымаў на закупку ад правакатара-закупшчыцы 1,1 млн рублёў. Ён з'ехаў у Мінск на закладку і вярнуўся праз тыдзень з рэанімацыі. У мяне сын ледзь не загінуў, таму што наркакантроль справакаваў яго», — дадала Шуба.

У той жа час у Следчым камітэце заяўляюць, што колькасць злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, скарачаецца. Пра гэта заявіў следчы па асабліва важных справах СК Павел Заяц.

Так, калі ў 2014 годзе следчыя распачалі 7.060 спраў па ўсіх частках артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў), то за няпоўны 2018 год распачата 4.473 крымінальных справы.

«За гэты перыяд мы накіравалі ў суд 1.768 крымінальных спраў, у тым ліку 39 спраў аб злачынствах, якія былі здзейснены асобамі ў складзе арганізаваных груп. Колькасць абвінавачаных — 2.158 чалавек, з іх 44 непаўналетніх», — адзначыў Заяц.

«Зніжэнне ў наяўнасці, але калі ўзяць статыстычныя звесткі аб колькасці вынятых наркотыкаў, то пры зніжэнні колькасці злачынстваў і асоб, што прыцягваюцца, узрастае колькасць наркотыкаў, што вымаюцца, — заявіў следчы. — Да прыкладу, у 2014 годзе было канфіскавана 296,2 кг наркатычных сродкаў і 64,2 кг псіхатропных рэчываў, а за дзевяць месяцаў гэтага года — 684 кг наркотыкаў і 30 кг псіхатропаў».

«Гэта сведчыць аб тым, што наркотыкі нікуды не зніклі, яны ўсё адно ёсць. Яны ўсё роўна ў абароце — іх нехта купляе і нехта прадае», — дадаў ён.

Па словах Зайца, за дзевяць месяцаў 2018 гадоў ў Беларусі выявілі і перакрылі 21 канал пастаўкі наркотыкаў, прычым 18 каналаў — з Расіі, па адным — з Літвы, Іспаніі і Дамініканы.

У сваю чаргу старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Наталля Гуйвік паведаміла, што пік колькасці вынесеных прысудаў па арт. 328 КК быў зафіксаваны ў 2015 годзе, калі было асуджана каля 4.000 чалавек. У 2016 годзе па гэтым артыкуле асудзілі 3.500 чалавек, у 2017-м — 2.830, а за 10 месяцаў бягучага года — 1.232.

«У цяперашні час у месцах пазбаўлення волі за незаконны абарот наркотыкаў адбывае пакаранне 5.900 чалавек. І гэта ў большасці сваёй моладзь ад 14 да 30 гадоў, якія могуць і павінны ствараць сем'і і выхоўваць дзяцей. А ў іх тэрміны — ад васьмі гадоў і вышэй», — сказала парламентарый.

Яна таксама адзначыла, што другое чытанне законапраекта аб карэктоўцы артыкула 328 КК адбудзецца, верагодна, на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 18 снежня.

Гуйвік нагадала, што пасля «наймоцнага выбуху» распаўсюджвання наркатычных і псіхатропных рэчываў у снежні 2014 года кіраўніком дзяржавы быў прыняты дэкрэт «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў». На яго падставе заканадаўцы знізілі з 16 да 14 гадоў ўзроставую планку прыцягнення да адказнасці па арт. 328 КК, павялічылі тэрміны зняволення па некаторых частках гэтага артыкула, а таксама дадалі новую частку, якая прадугледжвае адказнасць за смяротны зыход у выніку злачынных дзей.

«Мы мелі на ўвазе, што дэкрэт і новыя нормы крымінальнага заканадаўства ў першую чаргу спрацуюць на «буйную рыбу» — наркадылераў, якія мелі каналы, завозілі сюды, распаўсюджвалі гэтую бяду», — сказала парламентарый.

Аднак, па яе словах, у 2015-2016 гадах у камісію па заканадаўстве паступіла каля 3 тыс. Зваротаў, якія тычацца правапрымяняльнай практыкі арт. 328. Дэпутаты правялі маніторынг па факце зваротаў, і высветлілася, што на працягу паўтара года пасля ўвядзення новых нормаў лік асуджаных па арт. 328 КК павялічыўся ў 2,5 разы. У асноўным гэта былі людзі ва ўзросце ад 14 да 25 гадоў.

Маніторынг паказаў, што суд разумеў пад збытам забароненых рэчываў не толькі «дзейнасць, звязаную з атрыманнем прыбытку», але і проста іх перадачу «з рук у рукі» падчас сумеснага ўжывання.

«Гэта значыць, калі два маладых чалавека, рамантуючы машыну ў гаражы, раскурыў адну «цыгарэту» на дваіх, то ў аднаго атрымлівалася ўжыванне, а ў другога — збыт», — патлумачыла Гуйвік.

Парламентарыі палічылі, што такія выпадкі нельга кваліфікаваць як збыт забароненых рэчываў. Прадстаўнікі дзяржорганаў, у тым ліку сілавых структур, якіх дэпутаты азнаёмілі з вынікамі маніторынгу, пагадзіліся з тым, што ёсць «перагін у правапрымяняльнай практыцы».

У апошні час, па словах Гуйвік, правапрымяняльная практыка змянілася, аднак члены парламенцкай камісіі па заканадаўстве вырашылі распрацаваць папраўкі ў Антынаркатычнае заканадаўства, якія мяркуюць зніжэнне ніжняй мяжы пакарання па частках 2 і 3 артыкула 328.

«Павінен быць індывідуальны падыход пры выбары меры пакарання, — сказала яна. — У залежнасці ад колькасці збываў рэчыва, уздзеяння гэтага рэчыва на арганізм, узросту, за тое, упершыню чалавек здзейсніў злачынства ці робіць гэта сістэматычна. Падыход павінен быць індывідуальным: камусьці 15 гадоў, а камусьці неабходна даць па найніжэйшай мяжы».

«Чаму мы просім знізіць ніжнюю мяжу з васьмі гадоў да шасці? Таму што ўжо з катэгорыі цяжкіх злачынстваў дадзенае злачынства пяройдзе ў катэгорыю менш цяжкага. У суда з'явіцца магчымасць без прымянення арт. 70 КК, які дазваляе даваць пакаранне, ніжэйшае за найніжэйшую мяжу, у выключных выпадках, індывідуальна падысці да справы і вырашыць, ці можна прымяніць адтэрміноўку выканання пакарання або прызначыць умоўны тэрмін, даць абвінавачанаму шанец. На наш погляд, шанец у таго, хто ўпершыню спатыкнуўся, тым больш у непаўналетняга, павінен быць абавязкова», — падкрэсліла Гуйвік.

Дэпутат адзначыла, што новыя нормы антынаркатычнага заканадаўства дазволяць вызваліць з месцаў пазбаўлення волі прыблізна 800 чалавек.

Паводле Захара Шчарбакова, naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: