Маўчанне — ужо не золата

Забойства (сёння мы ўжо дакладна ведаем, што гэта забойства, і не важна, якую трактоўку дасць Следчы камітэт) у вайсковай частцы ў Печах Сашы Коржыча ўскрыла вялікі гнайнік беларускага войска.

Фота virtualbrest.by


Шмат гадоў адказныя асобы Мінабароны казалі нам пра «перамогу над дзедаўшчынай». На жаль, гэта былі толькі казкі.

Пытанняў у гэтай сітуацыі застаецца шмат, але ўсё ж галоўныя — да грамадства. Чаму самі салдаты і іх бацькі, якія, аказваецца, ведалі пра дзедаўшчыну, маўчалі? Чаму толькі смерць Коржыча выклікала лавіну інфармацыі пра тое, што творыцца ў войску, прычым, не толькі ў Печах? Чаму мы самі дазвалялі сабе расказваць байкі пра «выкараненую дзедаўшчыну» і самі ж у гэтыя байкі верылі?

Мы да канца яшчэ не асэнсавалі: свет змяніўся. І ў гэтым змененым свеце маўчанне — ані кропелькі не золата. Канешне, шмат хто верыць: ён змаўчыць — і, прынамсі, не будзе горш. Некаму сорамна прызнацца, што з імі было ў войску. Хтосьці не хоча сабе нашкодзіць. Але асноўны чыннік маўчання — страх. Страх і нявер’е ў тое, што агалоска злачынстваў дасць нейкі плён.

Але, як вядома, беспакаранае злачынства спараджае новае злачынства. А страх і маўчанне даводзяць да смерцяў. Цікава, як пачуваюцца зараз тыя, хто ведаў пра сітуацыю ў Печах? У іх няма адчування, што вінаватыя ў смерці Коржыча і яны таксама? Таму што маўчалі…

Канешне, пытанні ўзнікаюць і да вышэйшага кіраўніцтва як войска, так і краіны. За адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова за пару дзён было сабрана 11 тысяч подпісаў. Але знайшліся і тыя, якія лічаць, што міністра абароны ў адстаўку адпраўляць не трэба. Маўляў, ён першы менавіта беларускі кіраўнік войска, і гэта ўсё апраўдвае.

А між тым, бацькі іншага забітага ў маі (!) у Печах салдата былі ў гэтага міністра на прыёме і распавялі яму пра жахлівае становішча ў частцы. Аднак «беларускі» міністр за паўгода і пальцам не паварушыў, каб разабрацца і прадухіліць новую трагедыю.

Апроч таго, трое салдат з той жа часткі (адзін — з-за спробы суіцыду) былі адпраўленыя ў мінскі псіханеўралагічны дыспансер.

Шчыра кажучы, я таксама супраць, каб Раўкоў сыходзіў у адстаўку. Але зрабіў тое, што на яго месцы павінен зрабіць афіцэр.

Бо размова ідзе не пра дзедаўшчыну — гэта ўжо не пару сінякоў новаслужачым. Размова ідзе пра стварэнне ў войску арганізаванай злачыннай групоўкі, якая займалася катаваннямі і вымагальніцтвам. «Дзяды» здзекаваліся з шарагоўцаў і дзяліліся «хабарам» з камандзірамі. Сяржанты скуплялі скрадзеныя ў «духаў» тэлефоны і «дамаўляліся» з афіцэрамі. Камандаванне часткі пакрывала злачынцаў, а на выкладзеныя яму факты Раўкоў не рэагаваў. Бяздзеянне міністра абароны ў адказ на зварот да яго бацькоў — гэта ўжо не проста «халатнае стаўленне да службы» (артыкул 456 Крымінальнага кодэкса).

Увогуле, знаўцы знойдуць дзясяткі артыкулаў, па якіх у гэтай сітуацыі можна прыцягваць афіцэраў да крымінальнай адказнасці, прычым па «цяжкіх» артыкулах. Бо, па-першае, наступствы іх учынкаў цяжкія, а па-другое, усе гэтыя злачынствы былі здзейсненыя «людзьмі ў пагонах», то бок з выкарыстаннем свайго службовага становішча.

Тое, што гэтая сітуацыя ўскрылася, прымусіла нас чарговым разам разважаць наконт рэформаў у арміі і ўвядзення прафесійнага войска.

Насамрэч, вайсковы прызыў — гэта перажытак часоў СССР. Гэта ў вялікай краіне — 1/6 частцы Зямлі — можа быць прызыўное войска і патрэба паставіць пад ружжо велізарную колькасць байцоў, каб перамагчы не ўменнем, а колькасцю. Беларусь жа, па еўрапейскіх паказчыках, краіна сярэдняя, і пры гэтым кампактная. Пры сучасным стане вайсковай тэхнікі нашу рэспубліку ад адной мяжы да другой на танку можна праехаць за суткі. Будзем казаць шчыра: у такіх умовах мы проста не паспеем правесці мабілізацыю і выдаць зброю. Папросту таму, што пры маштабным нападзе ў тры гадзіны раніцы танкі будуць на мяжы, а ўжо ўдзень — у Мінску.

Таму нам наўрад ці патрэбны прызыў, мы ім проста не зможам скарыстацца. Нам патрэбна альбо народнае апалчэнне, па прыкладзе Швейцарыі, альбо прафесійнае войска.

Некаторыя аналітыкі заенчылі: прафесійнае войска занадта дарагое, наша дзяржава яго папросту не пацягне фінансава. Але, па-першае, ніхто не лічыў, колькі нам каштуе сённяшняе войска з улікам ускосных стратаў, вырываючы з грамадства працаздольных юнакоў і маладых спецыялістаў. Па-другое, колькі каштуе жыццё салдата, забітага «дзядамі»? Па-трэцяе, і галоўнае: войска патрэбнае, каб абараняць краіну. Ці будзе яе абараняць прыніжаны, згвалтаваны і прыгнечаны салдат? Пытанне, падаецца, рытарычнае.

Так што выбар у нас ужо не паміж прызыўной і кантрактнай арміяй. Выбар паміж прафесійнай арміяй і адсутнасцю арміі ўвогуле. Бо сённяшняе войска нас абараніць наўрад ці ў стане. А таму, лічыце, што яго няма.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Андрей
  • 2017-11-09 10:31:01
Это не Армия - а Порнография !. Такая Карикатура на Армию - которую даже представить стыдно ! Самый ярчайший пример того - какой Армия быть НЕ Должна !
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: